Интересные темы семейной жизни обсудили на диалоговой площадке «Семья — это ты, мы — это Беларусь» в Ушачах

Общество

Сямейныя традыцыі і падтрымка дзяржавы, жаночае здароўе і дамашняе насілле – гэта і многае іншае абмяркоўвалі ўдзельніцы дыялогавай пляцоўкі “Сям’я – гэта мы, мы – гэта Беларусь”, якая напярэдадні Дня сям’і прайшла на базе аддзела дзіцячай і юнацкай кнігі раённай бібліятэкі. Арганізатарам мерапрыемства выступіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын і БРСМ.

Калі звярнуцца да статыстыкі, то летась на Ушаччыне зарэгістравана 65 шлюбаў. У цэлым па вобласці гэтая лічба склала 6766, колькасць шлюбаў на тысячу насельніцтва – 6,1. У 2021-м у нашым раёне нарадзілася 90 малышоў. Усяго на Ушаччыне зараз 2098 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, з іх 1177 – школьнікі. У 151 мнагадзетнай сям’і выхоўваецца 522 дзіцяці. Цікава, што па колькасці мнагадзетных у краіне лідарам з’яўляецца Брэсцкая вобласць. Дарэчы, у цэлым за апошнія гады ў Беларусі іх колькасць прыкметна павялічылася. Паспрыяла гэтаму ў многім і дзяржаўная падтрымка. На гэтай тэме, у прыватнасці, на розных відах падтрымкі, якія аказваюцца сем’ям, спынілася намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В.С.Гугіна. Напрыклад, сямейны капітал з 2015 года назначаны 140 ушацкім сем’ям, зараз яго памер складае 25995 рублёў. 58 ужо скарысталіся ім датэрмінова, не чакаючы, калі трэцяму дзіця споўніцца 18 гадоў. Права на адзін дадатковы выхадны ў тыдзень маюць мнагадзетныя і маці дзяцей-інвалідаў.

Цяжарнасць трэба планаваць, падыходзячы да гэтага пытання вельмі сур’ёзна. Кожная жанчына індывідуальная, а таму ў гэтым моманце трэба абапірацца на рэкамендацыі рэальнага гінеколага, а не інтэрнэта. Як падкрэсліла намеснік галоўнага ўрача Н.В.Дрозд, аптымальны час паміж цяжарнасцямі 2,5-3 гады, здароўе ж дзіцяці закладваецца яшчэ пры ўнутрыўтробным развіцці, а таму бацькам трэба адмовіцца ад шкодных звычак. Здароўе чалавека на 20% залежыць ад экалагічных фактараў, яшчэ на 20 – ад спадчыннасці, 10 – ад узроўню медыцыны і на 50 вызначаецца ладам яго жыцця. Такія даныя прыводзіць сусветная арганізацыя аховы здароўя. У любым узросце нават пры адсутнасці скаргаў наведваць гінеколага жанчынам варта не радзей 1 разу ў год.

На жаль, мае месца такая праблема, як дамашняе насілле. Яно адрозніваецца ад сямейных канфліктаў сваёй перыядычнасцю. Прычым, не заўсёды муж падымае руку на жонку з-за алкаголю. У некаторых выпадках прычынай агрэсіі бывае нясмачная вячэра ці спазненне з работы на 10 хвілін. “Пасля такіх інцыдэнтаў, як правіла, наступае “адліга”, у сям’і ўсё добра, а агрэсар, адчуваючы віну, пераўтвараецца ў любячага і клапатлівага галаву сямейства. Аднак праз пэўны час сітуацыя паўтараецца. Жыццё на такіх “арэлях” не прыводзіць да дабра. І ў выбары – цярпець або разарваць адносіны – лепш выбіраць апошняе”, – адзначае псіхолаг ТЦСАН В.П.Правада, якая таксама нагадала аб існаванні ва ўстанове спецыяльнага “крызіснага пакою”, дзе ахвяры дамашняга насілля могуць знайсці часовы прытулак.

Даследаванні псіхолагаў паказалі, што нічога так не супакойвае і не ўраўнаважвае дзіця перад сном, як ціхі голас маці. Таму чытайце кожны дзень дзецям кнігі – заклікалі работнікі бібліятэкі. Увогуле выдатна, калі ў сем’ях ёсць свае традыцыі, у тым ліку сумеснае баўленне часу. Не варта ісці па прынцыпе: сядзіць дзіця ў мульціках і няхай – абы заняты.

“Няма нічога цудоўней, чым моцная сям’я, а для любой жанчыны найлепшая роля – мамы. Ніякая бліскучая кар’ера не заменіць жанчыне сямейнага цяпла”, – падводзячы вынік сустрэчы, зазначыла старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын А.В.Пашковіч. Ну а ўсе ўдзельніцы “круглага стала” атрымалі ад арганізатараў памятныя падарункі, а за сумесным чаяпіццем адзначалі, што мерапрыемства было цікавым і інфармацыйна карысным.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *