В школах Ушачского района прозвенел последний звонок

Общество

Якое свята можа быць адначасова радасным і сумным? Так, канечне, гэта апошні званок. У панядзелак на ўрачыстай лінейцы ў вучняў Ушацкай школы радасна свяціліся твары ад таго, што настала цудоўная летняя пара адпачынку, што вось-вось яны адкладуць ранцы і кнігі. А 39 адзінаццацікласнікаў, іх настаўнікі і бацькі прыкметна хваляваліся і часам змахвалі слёзы. Школьнае жыццё падышло да фіналу, наперадзе самастойны шлях. Апошнім стаў гэты школьны званок і для некаторых з 76 ушацкіх дзевяцікласнікаў.

– Здаецца, яшчэ ўчора вяла Насцю за руку ў першы клас, а сёння на ёй ужо стужка выпускніцы, дачка атрымлівае грамату за выдатную вучобу і паводзіны, гучыць апошні званок, – кажа Марына Пятроўна Макрыдзіна. Такія ж хвалюючыя эмоцыі былі і ў Ірыны Станіславаўны Малак, калі яе сын Максім двойчы выходзіў за ўзнагародамі за поспехі ў спорце.

Так, галоўнымі героямі свята, канечне сталі адзінаццацікласнікі разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Наталляй Уладзіміраўнай Шасцярэнь і Верай Васільеўнай Спірчонак.

Кожны з юнакоў і дзяўчат, безумоўна, захавае ў памяці гэты святочны момант. Менавіта пра гэта ў сваім прывітальным слове казала дырэктар навучальнай установы Т.А.Пахолак. За высокія дасягненні ў вучобе, перамогі ў розных конкурсах шэрагу вучняў яна ўручыла граматы і падзякі.

11 «Б» клас Ушацкай школы.

Па традыцыі прысутнічалі на ўрачыстасці і ганаровыя госці. Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пятровіч Цімафееў у двайным амплуа – як прадстаўнік улады і бацька выпускніка. Яго сын Аляксандр вылучыўся не толькі добрай вучобай, а і ўваходзіў у склад Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна, прымаў удзел у рэспубліканскім тэлепраекце “Я ведаю!”. Менавіта Аляксандру, а таксама настаўніку гісторыі Уладзіміру Хамёнку ў якасці падарунка прынесла кнігі былы начальнік аддзела адукацыі райвыканкама і прыхільніца прыгаданай тэлеперадачы Людміла Рыгораўна Карабань.

Прыемны сюрпрыз у выглядзе Падзякі райаддзела па надзвычайных сітуацыях за актыўны ўдзел у прапагандзе бяспекі жыццядзейнасці чакаў 9 “А” клас і асабіста яго вучаніцу Марыю Харак, якая з’яўляецца капітанам клуба юных выратавальнікаў-пажарных, які прадстаўляў раён на абласных спаборніцтвах.

На лінейцы ў Ільюшынскай школе.

З віншаваннямі і падарункамі на ўрачыстую лінейку прыйшоў галоўны ляснічы Ушацкага лясгаса Аляксей Мікалаевіч Апёнак. Ён перадаў школе спартыўны інвентар – мячы, шашкі, шахматы, тэнісны набор, валейбольную сетку наведвальнікі летніх лагераў апрабуюць ужо ў бліжэйшы час.

Канечне, не абышлося і без пажаданняў педагогаў і бацькоў, слоў удзячнасці ад выпускнікоў, а таксама пранікнёных вершаваных віншаванняў ад першакласнікаў, якія скончаць школу толькі ў 2032 годзе.

Права даць апошні званок было дадзена адзінаццацікласніцы Ксеніі Шаўчэнка і першакласніку Арсенію Алексяёнку. Пасля яго гукаў выпускнікі разам з першакласнікамі па традыцыі ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка. У Год гістарычнай памяці гэта было асабліва сімвалічна.

Але і па заканчэнні ўрачыстасці выпускнікі не спяшаліся разыходзіцца, сотні фота на памяць яшчэ былі зроблены ў скверы, на плошчы, на парозе школы. Наперадзе ў выпускнікоў апошнія школьныя іспыты – экзамены, а 10 чэрвеня выпускны вечар.

Прыгожа, шчымліва прайшло свята апошняга званка і ў іншых установах адукацыі Ушаччыны. У сельскіх невялікіх школах заўсёды пануе сямейная атмасфера. На мерапрыемствах прысутнічалі ганаровыя госці – члены райвыканкама, прадстаўнікі аддзела па адукацыі, арганізацый раёна. Супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях нагадалі школьнікам аб неабходнасці захавання правілаў бяспекі і заканадаўства падчас летніх канікул, выказалі спадзяванне ўбачыць дзяцей у верасні здаровымі, бадзёрымі, поўнымі сіл.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *