В детском оздоровительном лагере «Туросполье» состоялось торжественное открытие 1 смены

Общество

Першыя дні стартавай змены ў “Турасполлі” заўсёды самыя хвалюючыя: дарослыя правяраюць у дзеянні механізм лагернага быту, дзеці прывыкаюць да свабоды ад бацькоўскай апекі. Клопатаў шмат: трэба праверыць, ці ловіць тут інтэрнэт, заняць ложак ля акенца, наладзіць першыя сяброўскія кантакты і абследаваць усе цікавыя куточкі тэрыторыі… А яшчэ прыдумаць назвы атрадаў і выбраць камандзіраў, якія звонкімі галасамі адрапартуюць на ўрачыстай лінейцы начальніку лагера аб гатоўнасці да актыўнага адпачынку. З усім гэтым годна справіліся паўсотні школьнікаў з Ушацкага, Шаркаўшчынскага і Расонскага раёнаў і ўчарашняй раніцай пастроіліся на пляцоўцы перад корпусам. Павіншаваць іх з пачаткам змены прыехалі госці, якія жадалі дзецям незабыўнага, карыснага і, галоўнае, бяспечнага адпачынку. Не абышлося і без падарункаў: так, раённае аб’яднанне прафсаюзаў набыло для лагера мячы, якім, канечне, знойдзецца прымяненне. І вось над летнікам развіваецца беларускі сцяг.

У нашай краіне і ва Ушацкім раёне ў прыватнасці робіцца ўсё неабходнае, каб школьнікі маглі з карысцю правесці канікулы. Пытанне гэта на асаблівым кантролі органаў мясцовай улады – і менавіта яму было прысвечана выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якім аналізавалася работа аддзела па адукацыі і навучальных устаноў па арганізацыі аздараўлення і летняй занятасці дзяцей і падлеткаў.

Члены прэзідыума, старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі, прадстаўнікі зацікаўленых службаў агледзелі карпусы і тэрыторыю тураспольскага летніка, дзе якраз ішлі апошнія прыгатаванні да прыёму дзяцей. З 2019 года лагер курыруе раённы цэнтр дзяцей і моладзі – і відавочна, што ў асобе дырэктара ўстановы Людмілы Васільеўны Давыдавай і яе калег ён атрымаў руплівых гаспадароў. Вядома ж, падрыхтоўкай аб’екта займаўся не толькі гэты калектыў. “Плённа папрацавалі на рамонтных работах і добраўпарадкаванні супрацоўнікі цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, не адмовілі ў дапамозе камунгасаўцы, шчыравалі падчас суботнікаў прадстаўнікі аддзела па адукацыі, “Белаграпрамбанка”, актывісты раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын”, – зазначыла намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч.

На тэрыторыі “Турасполля”.

Штогод на падрыхтоўку лагера вылучаюцца бюджэтныя сродкі: сёлета “Турасполле” стала яшчэ больш утульным: вакол летніка з’явілася сучасная агароджа, абсталяваны выратавальны пост (на здымку) – такім чынам улічаны патрабаванні райаддзела ўнутраных спраў і пракуратуры. Аднавілі помнік загінуўшым у час вайны вяскоўцам, адрамантавалі цокаль і загерметызавалі шчыліны ў столях. Набылі альтанкі, воданагравальнік, пляжныя лежакі. Прывабна выглядаюць спальныя пакоі з новай бялізнай, а ў холе з’явілася мяккая мэбля: яе перавезлі з дома сямейнага тыпу і аздобілі прыгожымі чахламі. І на прыгаданае ў пачатку пытанне пра інтэрнэт адказ цяпер станоўчы: зімой работнікі РУЭС правялі ў вёску оптавалакно.

Каласальная работа па падрыхтоўцы “Турасполля” атрымала высокую ацэнку. “Памятаю лагер год 10 таму – гэта ж неба і зямля! Душавыя, ацяпленне, санвузлы…”, – не хаваў захаплення галоўны санітарны ўрач раёна Я.У.Талалуеў. “Бачу тут адзіную праблему: наспявае неабходнасць абнаўлення даху ў спальным корпусе: будзем думаць, як гэта зрабіць”, – зазначыў С.С.Садоўскі. “Прыемна, што кожны год тут з’яўляецца нешта новае, паляпшаюцца ўмовы, прыгажэе тэрыторыя. У той час, як многія раёны закрылі падобныя лагеры, мы свой толькі ўдасканалілі і гатовы прымаць і нашых дзяцей, і суседзяў”, – рэзюмавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч.

Плануецца, што гэтым летам у 16 лагерах Ушаччыны аздаравіцца 460 дзяцей – на 24 больш, чым летась. Пад асаблівую ўвагу трапяць тыя, хто выхоўваецца ў мнагадзетных, апякунскіх, малазабяспечаных сем’ях, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у адносінах якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа – 95 працэнтаў такіх школьнікаў правядуць частку канікул у лагерах.

Ацанілі ўдзельнікі і ўмовы, у якіх адпачываюць дзеці ў дзённых лагерах Арэхаўскай і Ушацкай школ. Пра тры летнікі апошняй мы ўжо расказвалі ў мінулым нумары. У аграгарадку ж сёлета працуюць два: 25 школьнікаў наведваюць “Крыніцу”, 7 – лагер працы і адпачынку “Дружба”. Жадаючых трапіць у апошні было больш (летась старанныя школьнікі зарабілі тут па 300 рублёў) – перавагу аддалі падлеткам з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, для якіх гэта асабліва важна. Цікавіла гасцей і праграма, якой заняты дзеці. Дырэктар установы Л.А.Булаўка распавяла, што ў “Крыніцы” кожны дзень з’яўляецца тэматычным: панядзелак і аўторак, напрыклад, прайшлі з ухілам у экалогію і гісторыю. Вядома ж, у Год гістарычнай памяці запланаваны шэраг мерапрыемстваў з патрыятычным акцэнтам, дзеці пабываюць на “Прарыве”, у музеі народнай славы. Штогод лагеры цесна супрацоўнічаюць з Арэхаўскім СДК, забаўляльныя шоу з удзелам культработнікаў дзецям падабаюцца асабліва – і гэта добры прыклад для ўсіх летнікаў.

Вынікі мерапрыемства былі падведзены на пленарным пасяджэнні. Аб тым, што зроблена, расказала начальнік аддзела па адукацыі М.В.Варава. Н.М.Марковіч станоўча ацаніла падрыхтоўку лагераў да сезона. Асобныя ж хібы, на якія звярнулі ўвагу ўдзельнікі выязнога прэзідыума, аператыўна ўхіляюцца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *