Работники предприятий и организаций Ушаччины потрудились над наведением порядка на детских площадках в райцентре

Благоустройство

Дзіцячая пляцоўка – месца, якое ніколі не пустуе. Тут з задавальненнем гуляюць мамы з малышамі, старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі гойдаюцца на арэлях і лепяць кулічыкі ў пясочніцы. Нярэдка можна сустрэць тут і людзей сталага ўзросту, якія пасля прагулак, актыўных зносінаў з унукамі адпачываюць на лавачках. А таму да парадку ў такіх зонах – асаблівая ўвага.

Напрыканцы мінулага тыдня працоўны дэсант з ліку прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны высадзіўся на 12 дзіцячых пляцоўках райцэнтра. Праведзены загадзя аб’езд выявіў пэўныя хібы – над іх ліквідацыяй, узброіўшыся ўсім неабходным, і шчыравалі. Надвор’е – як на заказ: цёпла і амаль бязветрана.

Вялікі пласт работы традыцыйна лёг на плечы камунальнікаў. У першай палове пятнічнага дня яны наводзілі парадак на пляцоўцы па вуліцы Лабанка, а ў другой – з прадстаўнікамі шэрага іншых устаноў працавалі ўжо на Віцебскай: рамантавалі, фарбавалі, падмяталі. Задзейнічалі і тэхніку – для ліквідацыі небяспечнага элемента. Дарэчы, тут у гэты дзень былі не толькі абноўлены ўжо існуючыя аб’екты, але і “выраслі” новыя – напрыклад, стол з лавачкамі ля дома №3.

– Каб не губляць у суботу выхадны, вырашылі гэтак жа выйсці ў пятніцу, – падзяліліся з намі прадстаўнікі ўчастка электрасувязі РУП “Белтэлекам”.  – Аб’ём невялікі – спраўляемся ўчатырох. Здаецца, крыху над лавачкамі фарбай “падшаманілі”, а выгляд усёй тэрыторыі ля дома №9 адразу змяніўся.

Сваёй згуртаванасцю парадавалі прадстаўнікі лясгаса – як тыя мурашы, дружна ўзяліся за рамонт і афарбоўку альтанкі, арэляў, падсыпку пясочніцы на адной з самых бачных пляцовак – ля дарогі на ўездзе ва Ушачы. Тут і на іншых аб’ектах займаліся таксама шліфоўкай, падгонкай пад патрэбны памер драўляных элементаў.

Кіпелі работы і ў скверы па вуліцы Ленінскай. Прадстаўнікі цэнтра культуры і народнай творчасці, ЦБП №237 ААТ “Белаграпрамбанк” абнаўлялі лаўкі, спартыўны інвентар. Няма сумненняў, што яркая абстаноўка на гэтай і іншых пляцоўках падорыць дзецям больш радасці ў летнія дні.

* * *

“Ламаць – не будаваць”, – сцвярджае народная мудрасць. І пакуль адны жыхары Ушач наводзяць парадак, іншыя пакідаюць смецце на дзіцячых пляцоўках, руйнуюць іх. Відаць, не думаюць, што заўтра сюды прыйдуць іх дзеці, пляменнікі. Так, у адной з кропак на Віцебскай, даведзенай у пятніцу амаль да ідэала, ужо ў нядзелю выгляд быў такі, нібы ўраган пранёсся… Можа, варта пачаць з сябе? Пастарацца зрабіць штосьці сваімі рукамі, каб наш раён стаў больш чыстым і ўтульным.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *