Пчеловод Глыбочанского лесничества Семен Пятница работает с более чем сотней пчелиных семей

Общество

Пасекі існуюць на базе літаральна кожнага лясгаса вобласці. Прычым ва Ушацкім – адна з самых вялікіх. Зараз 105 сямей, ну а па даведзеным заданні павінна быць 110. Хаця, лічбы і прагнозы ў пчалярстве – рэчы няўдзячныя. Хоць і вельмі арганізаваныя і працалюбівыя гэтыя насякомыя, аднак адначасова кволыя і неабароненыя. Вось і сёлета з 86 сямей перазімавала толькі 72, але за вясну пасека ўжо аднавілася на 33. Дзесяць пакрытых матак пароды бакфаст закупіў лясгас, ну а 23 развёў пчаляр Сямён Аляксандравіч Пятніца, які адзін уладарыць над капрызным мнагадзетным сямействам.

Экалагічна чысты мёд лясгаса пастаянна можна набыць на прадпрыемстве. Сёлетні кошт – 12 рублёў за кілаграм, фасуецца ж салодкі прадукт у скрыначкі розных памераў. Таксама яго прывозяць на ўсе кірмашы і раённыя святы, спецыяльна для “Славянскага базару ў Віцебску” адкачалі 175 кілаграмаў свежачку.

“Апрануліся вы зусім не для наведвання пасекі. За світэр яны вельмі любяць чапляцца, ды і басанож”, – так Сямён Аляксандравіч ацаніў мой абутак – летнія туфлі. Сам жа ён быў у спецыяльным светлым касцюме, дзе рукавы, куртка, ды і маска прыціскаюцца рызінкамі, каб пчолка не магла пралезці, на нагах – берцы на шнуроўцы. “Звычайна яны спакайнейшыя, ну а сёння ў мяне па плане абкос тэрыторыі, гул раздражніў, ды і пах масла ад трымера, яны гэтага не любяць”, – тлумачыць работнік Глыбачанскага лясніцтва, выбіраючы домік, над якім менш гудуць.

Пагутарыць мы маглі і на адлегласці, але вось здымак вельмі хацелася зрабіць мядовы. Значыць, хочаш не хочаш, а давядзецца рызыкаваць. Праўда, запасную маску мне выдалі, ды і дадатковую вопратку таксама.

– Чыстыя пароды самі па сабе лагодныя, а ў нас жа пераважна гібрыды карпаткі, рускай, бакфаста, таму бываюць злыя, – працягвае лікбез Сямён Аляксандравіч. – Ды і сем’і з маладымі маткамі – гэта ж мінімум клопатаў. Толькі рамкі падстаўляй. Некалькі гадоў пра раенне яны і не думаюць, можна не правяраць, не тое што ў старых, дзе ў сям’і можа быць адкладзена і два, і тры матачніка. Вось і сёлета як ні глядзеў, а адзін рой усё ж вылецеў і сеў на верхавіну вунь гэтага высачэннага клёна. Спрабаваў зняць – сукі кволыя, не атрымалася. Затое некалькі чужых прыляцела, свае раі раздзяліў. Мёду ад іх сёлета не атрымаеш, слабыя, затое – новая сям’я”.

Дымар зрабіў сваю справу: пчолкі сцішыліся, даўшы магчымасць раскрыць домік і выцягнуць вузкую рамку з запячатаным спелым мёдам. Такія невялікія ставяцца дадаткова паверх асноўных рамак на вясну, якая сёлета была халоднай, таму неўраджайнай на карысны прадукт. З ношкі тут квецень маліны і іншых ягад у лесе, свірэпіца і рапс, што сее гаспадарка, разнатраўе. Зразумела, што ніякім цукрам сем’і не падкормліваюць – чыста натуральны прадукт. Першы мядок быў вельмі светлым, жнівеньскі будзе цямней.

Лясгасаўская пасека вярнулася дамоў на Ушаччыну толькі летась. Перад гэтым некалькі сезонаў знаходзілася ў арэндзе, ну а раней не адно дзесяцігоддзе служылі тут жа, пры глыбачанскім лясніцтве, даданаўскія стаўкі. Спачатку стаялі ў лесе, куды пчаляр Аляксандр Паўлавіч з трапным прозвішчам Мядзюшка і тагачасны яго памочнік Сямён Пятніца дабіраліся на конях. Потым вуллі перамясцілі на больш даступнае месца ў полі. І вось зараз перавезлі ў зацішнейшае. Абжываюць наваколле ля вёскі Быстрыкі, дзе і з’яўляюцца асноўнымі гаспадарамі. Тут не засталося не толькі ніводнага пчаляра, хаця стаўкі аднаго з аматараў яшчэ стаяць, нават проста гаспадароў няма. Толькі абвітыя плюшчам дахі, вялізныя векавыя дрэвы, якія таксама з’яўляюцца меданосамі ў час квецені.

Азам Сямён Аляксандравіч у свой час вучыўся ў А.Мядзюшкі. Зараз вось адзін выдаляе за тры дні лішнія матачнікі на 75 стаўках. Больш часу займаюць вясновы агляд і чыстка, зімовая падкормка, калі гэта патрэбна, падрыхтоўка рамак. Клопатаў з пчоламі хапае пастаянна, кожны дзень распланаваны, калі моцны дождж нечакана не ўстроіць выхадныя, якія пры надвор’і таксама рабочыя. У Быстрыках два пчаліныя тачкі (пляцоўкі, дзе размяшчаюцца вуллі), адзін – на тэрыторыі лясніцтва. Там жа знаходзіцца медагонка і іншы інструмент. Забіраць жа можна толькі спелы, запячатаны мёд, без расплоду на рамках. План – 20 кілаграмаў з вулля. Для паўнацэннай вялікай сям’і ў спрыяльны год гэта рэальна. Ну а сёлета, калі больш трыццаці сямей яго дакладна не дадуць – складана. Ёсць невялікая пасека ў С.А.Пятніцы і дома, хаця кажа, што да мёду адносіцца спакойна. Праўда, у апошні час з рацыёну зусім выключыў цукар, таму ў невялікай колькасці яго замяняе прадукт паласатых быстрыкаў. Пагадзіцеся, назва вёскі для гэтых шпаркіх працаголікаў таксама вельмі падыходзячая.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *