В рамках Года исторической памяти на мемориальном комплексе «Прорыв» провели молодежный патриотический квест

Образование и молодежь Общество

Пазнаць на партрэтах военаначальнікаў, успомніць гарады-героі нашай краіны, на мемарыяльных плітах знайсці супрацьлеглыя па значэнні ці, наадварот, сугучныя прозвішчы. З гэтымі і іншымі цікавымі заданнямі спраўляліся ўдзельнікі патрыятычнага квесту “Партызанскімі сцежкамі”, які прайшоў на бягучым тыдні ў рамках Года гістарычнай памяці на мемарыяльным комплексе “Прарыў”.

Для маладых прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны арганізатары – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённы камітэт БРСМ – падрыхтавалі насычаную праграму з мноствам спартыўных, інтэлектуальных, творчых выпрабаванняў.

Пачынаўся маршрут на пляцоўцы ваеннай тэхнікі, дзе тром камандам неабходна было знайсці схаваны элемент – свечку. Яе пазней запалілі ля манумента салдата. Тут жа – на “Плошчы памяці” – юнакі і дзяўчаты шукалі “гаваркія” прозвішчы ўвекавечаных на плітах воінаў.

Кіпелі страсці і ля зямлянак. Задачай каманд было складванне з прапанаваных літар слоў ваеннай тэматыкі, вызначэнне па фотаздымках гістарычных асоб. Прадэманстравалі ўдзельнікі і выдатныя вакальныя здольнасці – па чарзе дэкламавалі верш Канстанціна Сіманава “Жди меня”.

Падобныя камандныя гульні, у якіх трэба праявіць не толькі вынослівасць і хуткасць, але і эрудыцыю, кемлівасць, нестандартнае мысленне, зараз папулярныя ва ўсім свеце. Англійскае слова “квест” у перакладзе азначае “пошук” і адлюстроўвае сутнасць спаборніцтва, падчас якога ўдзельнікі шукаюць прадметы, адказы на розныя заданні.

Заряршальным жа этапам квеста стала віктарына, якая праходзіла ў лясной школе. А хутка былі падведзены вынікі спаборніцтва: пераможцай стала каманда ў складзе маладых прадстаўнікоў райаддзела па надзвычайных сітуацыях, Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, рэдакцыі газеты “Патрыёт”, якой уручаны дыплом і каштоўны падарунак ад райкама БРСМ. Лісты падзякі, ну і канечне, добры настрой атрымалі і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *