На выездном заседании президиума Ушачского районного Совета депутатов рассмотрели вопрос о работе по сохранению историко-культурного наследия

Общество

На Ушаччыне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 35 аб’ектаў. Гэта помнікі археалогіі, гісторыі, архітэктуры. Яны ўваходзяць у маршруты агляднай экскурсіі па Ушацкім раёне. Аб рабоце, якая праводзіцца па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, ішла гаворка на апошнім прэзідыуме раённага Савета дэпутатаў.

Фармат мерапрыемства быў выязным, і члены прэзідыума наведалі мемарыяльны комплекс “Прарыў”, касцёл і былы манастыр бернардзінцаў у Селішчы. Менавіта гэтыя два аб’екты ў нашым раёне аднесены да другой катэгорыі каштоўнасці (маюць рэспубліканскае значэнне). І калі мемарыял бясспрэчна з’яўляецца візітнай карткай і гонарам Ушаччыны, штогод яго наведваюць тысячы чалавек, то касцёл у Селішчы выклікае асаблівую занепакоенасць. Помнік мураванай архітэктуры позняга барока, пабудаваны ў 1726 годзе, з кожным годам усё больш разбураецца. Ён знаходзіцца ў камунальнай уласнасці Ушацкага раёна на землях Кубліцкага сельсавета, але не мае балансатрымальніка. Касцёл уключаны ў План па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў Віцебскай вобласці на 2022-2025 гады, якім прадугледжана абмежаванне доступу да аварыйных участкаў, правядзенне работ па кансервацыі. Сёлета першачарговыя супрацьаварыйныя мерапрыемствы на аб’екце не праводзіліся з-за адсутнасці грашовых сродкаў. Кубліцкі сельвыканкам у сваю чаргу набыў і ўстанавіў шыльды, якія папярэджваюць аб аварыйнасці і небяспецы. Аднак такіх мер яўна недастаткова: неабходна ўстанавіць агароджу.

У цэлым зацверджаны План мерапрыемстваў па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей ва Ушацкім раёне на 2021-2025 гады. Таксама створана назіральная камісія па іх ахове, якая ажыццяўляе грамадскі кантроль за выкананнем уласнікамі заканадаўства ў адпаведнай галіне. Трэба адзначыць, што аб’екты падтрымліваюцца ў здавальняючым стане. Напрыклад, за апошнія два гады праведзены рамонт на вайсковым пахаванні ў Антунове: за сродкі раённага бюджэту абноўлены пастамент, устаноўлена новая агароджа, выдалены аварыйныя дрэвы. Таксама былі адрэстаўраваны скульптуры воіна і салдата на воінскіх пахаваннях у Антунова і гарпасёлку. Зроблены рамонт абеліска і на брацкай магіле ў Павуллі. Штогод на мемарыяльным комплексе “Прарыў” за кошт сродкаў раённых суботнікаў і ўласных аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, арганізацый раёна праводзяцца аднаўленчыя работы.

У жніўні 2020 года былая сядзіба сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў Арэхаўне была прададзена на аўкцыёне за адну базавую велічыню. З 2021 года ўласнік аб’екта – аграрна-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Азёры-Агра” – вядзе рамонтна-рэстаўрацыйныя работы.

Разам з тым, у захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей маюцца праблемныя пытанні, для вырашэння якіх патрабуюцца значныя фінансавыя сродкі: не распрацоўваюцца зоны аховы і рэжыму ўтрымання такіх аб’ектаў, некаторыя ўласнікі не ўстанавілі ахоўныя дошкі.

Работа ў гэтым накірунку будзе працягвацца, захаванне гістарычных каштоўнасцей – адзін з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *