Ордена Матери удостоена ушачанка Людмила Шедько

Общество

Пясочніца ў двары дома Шэдзько – быццам мехдвор моцнага прадпрыемства. Грэйдар і бульдозер, самазвал і пагрузчык… Збілася, спрабуючы падлічыць колькасць адзінак, ды і гаспадыня дома Людміла Аляксандраўна пацвердзіла, што марная гэтая справа. За 18 год, а менавіта столькі іх старэйшаму Яну, “спісалі” сотні зламаных машын. А вось лялькі няма ніводнай. Што і не дзіўна – у сям’і выхоўваюцца выключна хлопчыкі.

Ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 267 ад 1 жніўня 2022 года запісана прозвішча памочніка ўрача-гігіеніста Л.А.Шэдзько. Наша зямлячка, як яшчэ 110 жанчын краіны, узнагароджана ордэнам Маці, які быў уручаны Людміле Аляксандраўне ва ўрачыстай абстаноўцы старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім. Усяго з 1997 года гэтую ўзнагароду атрымала 27 ушачанак.

– Напэўна, дзяўчынку моцна чакалі? – раблю здагадку, як сям’я стала амаль што двойчы мнагадзетнай.

– Наадварот, толькі хлопчыка. Калі чацьвёра сыноў, то і пятаму цікавей з братамі, літаральна ва ўсё гуляюць разам. Гэта ў якасці першынца хацелі больш дзяўчынку – памочніцу.

Ды наш Ян і з мужчынскай, і з жаночай справай спраўляецца. Робіць ўсё, што толькі скажаш, – адказвае Людміла Аляксандраўна, а старэйшы з братоў тым часам без падказкі пайшоў зачыняць парнікі. Ды і малодшыя былі пры справе. Дванаццацігадовы Глеб, пакуль мы размаўлялі, паспеў напячы некалькі порцый сырных палачак у паніровачных сухарах, зрабіць да іх свой, дамашні соус і не ленаваўся паднесці кожнаму каларыйны ласунак. Не прапаноўваў толькі Даніку. І не таму, што пасварыліся. Не, браты дружныя, проста ведае, што не любіць ён сыр. І падобныя гастранамічныя “табу” ёсць амаль у кожнага члена сям’і.

Бульба з шампіньёнамі, запечаная з сырам, смажаныя пельмені, макароны з сасіскамі, аладкі на кефіры… – гэта меню другіх страў толькі аднаго дня. Куды прасцей было прыгатаваць аднолькавае для ўсіх, ды матуля не спрабавала пераламаць густы, а штодня варыць пад кожнага. Як паспявае? Як вытрымліваюць нервы, калі штохвілінна ў акенцы з’яўляўся то адзін, то другі мілы тварык з аднолькавым заклікам “Мама” і абсалютна рознымі пытаннямі.

– Так заўсёды, прывыкла. Як і тое, што вяртаючыся з работы, мяне гарантавана чакае ўборка, – смяецца Людміла Аляксандраўна. – Ну а калі сур’ёзна, каб паспяваць, трэба прадумваць, з чаго распачынаць хатнія справы. Заходжу, адразу ўключаю пральную машыну, стаўлю мяса на булён, – тое, што робіцца “само” ці патрабуе часу, а потым усё па ходу.

Нават шлях па двары прадумваеш, каб не вяртацца за адным і тым жа.

Тым не менш, калі мы зайшлі са двара ва ўтульную кухню, дзе толькі што гаспадарнічаў Глеб, убачылі ідэальны парадак. Калі ж сюды завіталі ўсе члены сям’і, за размовай з хлопцамі не адразу прыкмеціла аўтаматычных рухаў матулі, якая клала ў мойку відэлец, шчыльней зачыняла за малымі шафу… Робіць яна ўсё не проста хутка, а імгненна. І, канечне, прывучае да парадку нават малых. Ёсць у сыноў свае адказныя хобі, той жа Глеб разводзіць рэдкіх катоў пароды данскі сфінкс.

У нядзелю ў сям’і была запланавана “перазагрузка” шафы. Людміла Аляксандраўна рабіла рэвізію перад адпраўкай Яна ў Полацкі лясны каледж, Глеба, Данііла – у школу, а Елісея і Елізара – у дзіцячы сад. Прымерка рэчаў паказала, што старэйшыя моцна падраслі і купляць трэба практычна ўсё, асабліва такі нястойкі для хлопчыкавых гульняў абутак. У сям’і не лічаць, колькі на гэта патрабуецца, набываюць усё неабходнае, што падабаецца і так пасуецца да твараў іх вельмі прыгожых дзяцей. Нават веласіпедаў розных марак сем, каб катацца разам.

На 01.08.2022 на тэрыторыі Ушацкага раёна лічыцца 149 шматдзетных сем’яў, з іх 16 маюць 5 і больш дзяцей.

Што стане шматдзетнай маці, Людміла Аляксандраўна не думала. Наадварот, пасля нараджэння першага, вельмі неспакойнага ў дзяцінстве, доўга не рашалася раджаць. А вось пяты сынок – планаваны і чаканы.

– Адчула, што хочацца патрымаць на руках малое дзіця. Гэта зусім іншае успрыманне, чым у маладосці. Менавіта зараз ты гатовы да мацярынства і па-іншаму ставішся да яго. Памятаю, як панікавала, выклікала “хуткую дапамогу”, калі ў сына была тэмпература 37,2. Цяпер не тое, што ты абыякавы, проста глядзіш іншымі вачыма, спакайней і асэнсаваней. Зразумела, не адну шышку набілі, драпіны ж у нас невыводныя, дзе стаіць перакіс вадароду – ведаюць усе. Галоўнае, што ты бачыш у маленькім чалавечку непаўторную цікавую асобу, прымаеш такім, як ёсць, а не спрабуеш пераладзіць пад сябе. А характары ў маіх сыноў абсалютна розныя, і не скажу, што простыя.

Гутарылі мы на сядзібе Шэдзько ў мікрараёне катэджаў-блізнят, пабудаваных некалі “Ушацкім райаграсэрвісам” у вёсцы Ліпавец, у нядзелю вечарам. Меркавалася, што гаспадар Уладзімір Віктаравіч будзе дома і сустрэнемся раней, каб зрабіць агульнае фота. Але “хапалі за хвост” зыходзячае сонца, бо камандзіраванаму з лясгаса механізатару адмянілі і адзіны выхадны. Не толькі яму – жніво і сяўба азімых, на якой працуе ў ААТ “Дземенец”, не спыняецца ні на дзень. І У. В.Шэдзько, столькі часу адпрацаваўшаму ў сельскай гаспадарцы на розных работах, гэта тлумачыць не трэба.

Ордэнам Маці ўзнагароджваецца жанчына, якая нарадзіла і выхавала 5 і больш дзяцей, сям’я якой вядзе здаровы лад жыцця, забяспечвае належны ўзровень клопату аб здароўі, адукацыі, фізічным, духоўным і маральным развіцці дзяцей, поўнае і гарманічнае развіццё іх асобы, падае прыклад ва ўмацаванні інстытута сям’і і выхаванні дзяцей.

Калі ж вяртаецца дадому, яго чакае лазня. Топяць яе праз дзень, каб зняць дзённую стомленасць. Сыны любога ўзросту мыюцца выключна з татам. “Вось калі Вы адпачываеце”, – мяркую, што знайшла “фортку” ў мацярынскіх абавязках. Але Людміла Аляксандраўна расчароўвае: “Яны ж ходзяць па чарзе, таму нехта з малых абавязкова са мной”. Сапраўды, гэта неаплатная пасада без водпуску, выхадных і нават перапынкаў. І калі матуля гаворыць, што малы сёння зусім дрэнна спаў, то само самой разумеецца, што не спалі і бацькі. Але раніцай пад’ём у 6 гадзін і звычайны расклад: гаспадарка, агарод, абеды і нарыхтоўкі на зіму. Зараз усё на ёй і дзецях. Але і пры працы без выхадных ёсць выключна татавы абавязкі, напрыклад, абкошваць тэрыторыю. Ды і ўвечары не ляжыць ён у цішы на канапе, а спраўляецца, гуляе з малымі. “Мы не дзелім абавязкаў. Пакуль у раддамах была, ніколі дзяцей родным не раздавалі – заўсёды з Валодзем заставаліся і ён з усім спраўляўся. Роўны агарод замест балота, лазня, арэлі, гараж, агароджа – усё яго рукамі. Ды і не рашыцца жанчына нават на другое дзіця, калі няма наздейнага тылу”. А ў Людмілы Аляксандраўны быў час вывучыць характар будучага мужа – жылі на адной пляцоўцы. Таму калі яна ў якасці маладога спецыяліста размеркавалася ва Ушацкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, з Шумілінскага раёна пераехаў і Уладзімір.

Гляджу, як хінуцца да бацькі сыны, і разумею, якой бы залатой ні была матуля, тата для хлопцаў – Сусвет. Вось чаму старэйшыя беспамылкова называюць маркі трактароў, на якіх каталіся з Уладзімірам Віктаравічам падчас яго працы ў “Райаграсэрвісе”, Глеб прыгадвае, што яму нават давяралі кіраваць Кіраўцам, а малодшыя незадаволена надзімаюць шчокі. “Нельга малым на фарвардары, – спакойна тлумачыць бацька Даніілу і Елісею. – Захочаце, будзеце працаваць у лясгасе”. Якраз гэтую галіну выбраў для сябе Ян. Ну а кім будуць малодшыя, загадваць рана. Елізар, хутчэй за ўсё, пісьменнікам ці журналістам. Хоць і папярэджвалі мяне бацькі “сцерагчы” ручкі, ён лоўка пазычыў адразу дзве.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *