Ушачане присоединились к благотворительной акции «От всей души»

Общество

У суверэннай Беларусі нямала добрых традыцый, ініцыятарам якіх выступіў Прэзідэнт. Вось і напрыканцы снежня – падчас аднаго з цэнтральных мерапрыемстваў акцыі “Нашы дзеці” – А.Р.Лукашэнка заклікаў не забываць у гэты святочны час і пра пажылых. Так у Беларусі зарадзілася яшчэ адна выдатная дабрачынная акцыя – “Ад усёй душы”. Актыўны ўдзел у ёй напачатку 2023-га прынялі і ўшачане.

Ажыўленымі гутаркамі, залівістым смехам поўнілася ў панядзелак актавая зала ТЦСАН. У госці да наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту завіталі не толькі Дзед Мароз са Снягучкай, але і іх юныя памочнікі – выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Для прыгожых вакальных нумароў у іх выкананні прысутныя не шкадавалі далоняў. Калі ж піянеры пачалі ўручаць усім сімвалічныя сардэчкі з цёплымі пажаданнямі, на вачах у многіх праступілі слёзы. З прывітальным словам, віншаваннямі да прадстаўнікоў срэбранага ўзросту ў гэты дзень звярнулася намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама А.А.Міранкова. Яна падкрэсліла, што дзякуючы акцыі “Ад усёй душы” не толькі нашы ветэраны аказваюцца ў цэнтры ўвагі, але і маладыя людзі вучацца клапаціцца пра тых, хто знаходзіцца побач.

Акцыя “Ад усёй душы” арганізавана Міністэрствамі працы і сацыяльнай абароны, адукацыі сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і піянерыяй.

Разам са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ТЦСАН, актывістамі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, вучнямі Ушацкай школы наведала Анжаліка Анатольеўна і сям’ю Уладзіміра Іванавіча, Тамары Аляксандраўны Лазарэнка з гарпасёлка. Муж і жонка маюць першую групу інваліднасці – выбрацца “ў людзі” атрымліваецца нячаста, таму так радаваліся яны гасцям. Зрэшты, атрыманыя падарункі адклалі на пасля – больш гутарылі з землякамі: з дарослымі абмяркоўвалі хвалюючыя пытанні, ад школьнікаў зараджаліся пазітыўным настроем.

Не шкадавалі яго для пажылых грамадзян, якіх выпадкова сустракалі на вуліцах Ушач, і выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Так, напрыклад, склалі кампанію падчас прагулкі на свежым паветры Анастасіі Максімаўне Папко 1934 года нараджэння. Яна перажыла Вялікую Айчынную вайну, працавала ў калгасе вёскі Завячэлле, была звеннявой на ўборцы лёну. Жанчына працы мудра заўважыла, што “жыць няцяжка, але маладым трэба навучыцца жыць. Для гэтага ў іх ёсць усё!”.

Стаць добрымі чараўнікамі напярэдадні Каляд вырашылі піянеры з Вялікадолецкай школы (на здымку). Апрануўшы навагоднія капялюшыкі, яны накіраваліся ў мясцовую бальніцу сястрынскага догляду. У палатах чыталі вершы, дарылі пацыентам – у большасці сваёй сталага ўзросту – прысмакі, мілыя самаробныя сувеніры.

Школьнікі ж з Ільюшына, актывісты БРСМ да жыхаркі аграгарадка М.С.Карабань (на здымку) ішлі не толькі з віншаваннямі, але і гатоўнасцю папрацаваць. Разумеючы, як няпроста жанчыне ва ўзросце справіцца са снежнымі гурбамі ў двары, дружна ўзяліся за лапаты ды мяцёлкі. Скарыстаўшыся выпадкам, пацікавіліся ў Марыі Сямёнаўны і яе ўспамінамі пра вайну.

…Пералічваць усе добрыя справы, праведзеныя ў раёне ў рамках акцыі, можна яшчэ доўга – уласнага часу, душэўнай цеплыні для пажылых землякоў ушачане не шкадавалі. “Наведваць прадстаўнікоў адзначанай катэгорыі не толькі ў святочныя дні, а рэгулярна – гэта добрая існуючая традыцыя як для нашага цэнтра, так і ўсёй грамадскасці, – пракаменціравала намеснік дырэктара ТЦСАН Ганна Карлаўна Лышко. – Штогод збіраем для іх пачастункі, вяжам і перадаём цёплыя рэчы, віншуем са знакавымі датамі. Цяпер такая ініцыятыва знайшла падтрымку і на самым высокім узроўні. Акцыя ў чарговы раз нагадвае пажылым людзям, што яны патрэбныя, дорыць ім увагу і клопат, а гэта бясцэнна!”.

Зараз у краіне больш за 120 тысяч адзінокіх пажылых грамадзян, яшчэ каля 20 тысяч пражываюць у стацыянарных установах, а для 100 тысяч арганізаваны дзённы догляд, адукацыйная дзейнасць тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацабслугоўвання насельніцтва.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *