Ложане — тихий и живописный уголок Ушаччины

Общество

У 15-ці кіламетрах ад раённага цэнтра, за Селішчам, размясцілася вёска Лажані. Цяпер жыццё тут ідзе размерана і ціха. Дзе-нідзе – пустуючыя дамы, пазарасталі травою фундаменты, на якіх калісьці стаялі будынкі… А ў мінулым вёска была даволі мнагалюднай. 

Першыя гістарычныя звесткі пра Лажані датуюцца дзевятнаццатым стагоддзем. Тады вёска існавала ў складзе маёнтка Селішча, была маёмасцю памешчыкаў Сяляваў. У 1846 годзе тут налічвалася 7 двароў, пражывалі 64 жыхары.
За час існавання вёскі яе жыхары былі сведкамі і ўдзельнікамі многіх гістарычных падзей. На долю цяперашніх прадстаўнікоў старэйшага пакалення выпалі боль і жахі Вялікай Айчыннай вайны. Акупанты спалілі шэсць двароў, загубілі 22 жыхары, 12 забралі ў германскую няволю. Восем мясцовых жыхароў загінулі на фронце, адзін – у партызанах. Аднавяскоўцы свята захоўваюць памяць пра ўсіх памерлых, пра што сведчаць акуратныя, дагледжаныя могілкі, размешчаныя ў вёсцы.
Жыхары Лажаняў заўсёды славіліся сваёй працавітасцю. Вялікія агароды, гаспадарка – без гэтага ва ўсе часы не абыходзілася ні адна сям’я. Выйдуць, бывала, на сенажаць або ў жніво на поле – аж стракаціць вакол. Умелі вяскоўцы не толькі працаваць, але і адпачываць. З песняй ішлі на працу, з песняй святкавалі.
З таго часу шмат вады ўцякло, многае змянілася. Зменшылася колькасць жыхароў, не той ужо ўклад жыцця… Што ж – такая гістарычная заканамернасць. Але з гэтым цяжка звыкнуцца. Цяперашнія жыхары Лажаняў (у асноўным – гэта пажылое пакаленне) з сумам успамінаюць былое жыццё сваёй вёскі, якое было напоўнена задорным гоманам моладзі. Крыху весялей становіцца летам, калі да бабуль і дзядуль прыязджаюць унукі. Але цяпер і гэта нячаста.
На сённяшні дзень у вёсцы пражываюць 23 мясцовыя жыхары. Зрэдку збіраюцца яны пасядзець на лавачцы, пагаварыць пра жыццё, абмеркаваць праблемы. Многа часу, асабліва зараз – улетку – праводзяць, нягледзячы на паважаны ўзрост, у клопатах па гаспадарцы. Некаторыя вяскоўцы трымаюць кароў, коней, амаль ва ўсіх ёсць куры. І агароды ніколі не пустуюць.
Тыя, хто ні разу не быў у Лажанях, могуць падумаць, што гэта глухая, забытая вёска, дзе няма на што паглядзець, чым заняцца. Аднак гэта не так. Уражваюць прыгожыя мясцовыя краявіды: побач возера, рэчка, лес. Цішыня і спакой, якія пануюць у вёсцы, нібыта пераносяць у асаблівы свет, дзе няма бруду і шуму, хамства і абыякавасці. Два разы на тыдзень сюды прыязджае аўтакрама, рэгулярна прыносяць пошту, наведваецца фельчар.

Старэйшына па прызванні

Старэйшына вёскі – надзейнае звяно паміж сельвыканкамам і вяскоўцамі. Ён дапамагае вырашаць самыя надзённыя пытанні. Вось і жыхары вёскі Лажані па дапамогу звяртаюцца да свайго старэйшыны – Уладзіміра Ільіча Барысёнка.

Любы населены пункт – гэта ў першую чаргу людзі. Пра іх клопаты і імкненні У.І.Барысёнак ведае ўсё. Па жыцці мужчына – актывіст. Заўсёды сярод людзей, таму і абралі яго старэйшынам вёскі. Кожны ідзе са сваёй праблемай да Уладзіміра Ільіча. Каму патэлефанаваць, каму дапамагчы штосьці прывезці. Трэба дзе падкасіць, арганізаваць людзей, каб навесці парадак на могілках, вывезці адтуль смецце, бо ў старэйшыны ёсць свой конь і самаробны трактарок, – зноў жа ідуць да У.І.Барысёнка. Дапамагаюць у вырашэнні жыццёвых праблем, канечне, старшыня Кубліцкага сельвыканкама, кіраўнік мясцовай гаспадаркі, з якімі ў старэйшыны наладжана цеснае супрацоўніцтва. Агульнымі намаганнямі ў вёсцы наводзяць парадак ля хат, у якіх ніхто не жыве. Нядаўна Уладзімір Ільіч прывёз камянёў, падсыпаў вясковую дарогу, аднак, як зазначае, гэтага мала: без рамонту не абысціся. Ужо зараз жыве клопатам пра падрыхтоўку да зімы, саманарыхтоўку дроў.
У старэйшыны добрыя ўзаемаадносіны і з дачнікамі. Яны выконваюць усе пажаданні Уладзіміра Ільіча: прыбіраюць, наводзяць парадак на падворках, вывозяць смецце. Але ёсць і нядбайныя гаспадары. Да такіх ён часта заходзіць, нагадвае пра іх абавязкі. Сам жа У.І.Барысёнак – прыклад для ўсіх жыхароў вёскі. Трымае немалую гаспадарку – каня, карову, свіней, курэй, разводзіць пчол. На агародзе і на падворку гаспадара заўсёды чысціня і парадак. І аднавяскоўцам дапамагае ва ўсім.
Свой аўтарытэт сярод аднавяскоўцаў Уладзімір Ільіч заваяваў даўно: калі яшчэ шчыраваў вадзіцелем “хуткай дапамогі”. Добрасумленная праца, гаспадарскія адносіны да зямлі і тэхнікі заўсёды выводзілі яго ў лік перадавікоў. Калі выйшаў на пенсію, мужчына не схаваў у сваёй душы актыўную грамадскую пазіцыю і прынцыповасць, прысвяціўшы сябе інтарэсам жыцця аднавяскоўцаў.
На здымку: У.І.Барысёнак (справа) разам з былым старэйшынам вёскі і маленькім сябрам з Санкт-Пецярбурга, які прыехаў на лета да бабулі. 

Кветкавы рай

Прыемна праехаць праз вёску Лажані. Найбольшую ўвагу прыцягваюць дамы, дзе даведзена ўсё да парадку, дзе буяюць кветкі. Пераліваюцца на сонцы півоні, набіраецца сілы перад цвіценнем белая і ружовая гартэнзія. Так і хочацца зазірнуць у такі двор і пацікавіцца, што ж тут за гаспадыня, якая так любіць кветкі? Менавіта так трапіла да жыхаркі вёскі Клаўдзіі Сцяпанаўны Жаваранак. 
Ад ранняй вясны і да позняй восені дом гэтай жанчыны патанае ў квецені. Асабліва яркі малюнак тут летам. За нарцысамі пачынаюць чырванець цюльпаны. Дораць водар крэмавыя, ружовыя і вішнёвыя півоні. Пазней заяўляюць пра сябе званочкі, гваздзікі турэцкія, астры, лілеі. Займець такое багацце дапамагалі дачка, якая працуе кветкаводам у Санкт-Пецярбургу, і знаёмыя, што рассаджвалі ўласныя «зараснікі».
Немаленькі агародчык Клаўдзіі Сцяпанаўны нагадвае прыгожы, прывабны дыван. Кветкавы. Летась жанчына пасадзіла многа вяргінь. Зараз з нецярпеннем чакае, калі яны зацвітуць.
– Прыемна назіраць, калі распускаюцца кветачкі, разгортваюцца лісцікі, – прызнаецца гаспадыня. – Цёпла і спакойна становіцца на душы.
Каб кветкі былі сапраўдным упрыгожаннем сядзібы, іх трэба з любоўю даглядаць, мнагалетнікі – рассаджваць. Кусцікамі, цыбулінкамі гаспадыня дзеліцца з суседзямі, аднавяскоўцамі. Аднак, каб не звесці некаторыя віды, на просьбы людзей часам усё ж адмаўляе. А вялізны куст белай гартэнзіі перад домам – гордасць кветніка – жанчына беражэ як зрэнку вока.
Адной любові да раслін мала, трэба быць такой працавітай, як Клаўдзія Сцяпанаўна, каб ствараць прыгажосць вакол сябе. А працавітасці маёй субяседніцы не пазычаць. Хаця і размяняла яна ўжо дзевяты дзесятак гадоў.

Дача — адпачынак для душы

Акрамя мясцовых жыхароў у Лажанях многа дачнікаў. Прыгожыя краявіды, чыстае паветра, урадлівая  глеба – усё тут стварае добрыя ўмовы для адпачынку і працы на зямлі. Віктар Мечыслававіч і Ванда Фларыянаўна Вітко з Полацка два гады назад купілі тут дачны домік. І хаця ў іх ёсць бацькоўскі ў Глыбоцкім раёне, выбар свой усё ж спынілі на Лажанях, аб чым ні разу не пашкадавалі. Часта сюды прыязджаюць, шчыра працуюць на сваім участку. Многае прыйшлося зрабіць дачнікам, каб навесці тут парадак. Знеслі старыя адрыны, скасілі траву ля хаты, зрабілі агарод – зараз тут акуратныя градкі, пасаджана бульба. Побач са старымі яблынямі, якія дагэтуль даюць добры ўраджай, пасадзілі маладыя дрэўцы. Тут, у абноўленым садзе, гаспадар паставіў вулей, пачаў разводзіць пчол.
У хаце, у якой ніхто не жыў восем гадоў, таксама было многа хібаў. Падрамантавалі, падфарбавалі – атрымалася нармальна, зараз плануюць зрабіць капітальны рамонт будынка. У хуткім часе, па словах Віктара Мечыслававіча, з’явяцца ў двары яшчэ гараж і новая лазня. Карацей кажучы, спыняцца на дасягнутым сям’я Вітко не збіраецца. Многа планаў яшчэ ў дачнікаў па добраўпарадкаванні свайго ўчастка. 
– Былі б сродкі, – жартам і ўсур’ёз гавораць гаспадары. – А жаданне працаваць у нас ёсць заўсёды.
Віктар Мечыслававіч і Ванда Фларыянаўна настолькі прывыклі да тутэйшай зямлі, што не толькі не стамляюцца за гаспадарчымі справамі, а нават атрымліваюць асалоду ад працы, адпачываюць душой.

І сэрца болем адзавецца…

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, партызан – так коратка можна сказаць пра героя гэтага аповяду. За плячыма Яўгена Андрэевіча Мялешкі, жыхара вёскі Лажані, больш васьмі дзесяткаў пражытых гадоў, напоўненых радасцю і расчараваннямі, сустрэчамі і расставаннямі. Адным словам, усім тым, з чаго складаецца жыццё.
Успамінаючы сваё мінулае, Яўген Андрэевіч не скардзіцца на тыя нягоды, якія давялося перажыць. Хаця іх было нямала.
– Самым страшным днём у сваім жыцці і, упэўнены, у жыцці большасці людзей нашага часу стала 22 чэрвеня 1941-га – дата пачатку Вялікай Айчыннай. Ніхто не быў маральна гатовы да вайны, а таму было страшна. Не, не за сябе – за Радзіму і блізкіх людзей.
Цяжка было бачыць, як немцы ішлі праз нашу вёску ва Ушачы. Мне, 20-гадоваму юнаку, гэта моцна ўрэзалася ў памяць, бо на той момант не было магчымасці паўплываць на сітуацыю, затрымаць фашыстаў. А так хацелася! Смерць родных і сяброў, разруха – вось што прыходзілася бачыць нам, удзельнікам вайны.
Шмат часу прайшло, аднак спакойна сустракаць 22 чэрвеня кожны раз не атрымліваецца. Заўсёды з болем успамінаю, як загінуў мой старэйшы брат, які быў лётчыкам, камандзірам штурмавой авіяцыі. Ён прайшоў амаль усю вайну, многае перажыў, а загінуў недалёка ад дому, у Аршанскім раёне, у 1944-м.
Зараз, калі ёсць праблемы са здароўем, на дапамогу прыходзяць дзеці, якія часта прыязджаюць. І сацыяльны работнік у нас з жонкай выдатны. Так што спраўляемся!
Вось такі ён – чалавек, якога моцна пакалечыла ва ўсіх сэнсах вайна. Прайшоў праз пекла Вялікай Айчыннай, быў тройчы паранены, на яго вачах паміралі блізкія людзі… Безумоўна, усё гэта не праходзіць бясследна, сэрца і зараз, праз многія гады, адзываецца болем ад успамінаў. Аднак, нягледзячы ні на што, ветэран стараецца не паддавацца смутку. Падчас мірнага жыцця Яўген Андрэевіч шмат працаваў. Разам з жонкай Нінай Ульянаўнай выхавалі траіх дзяцей. Ёсць і ўнукі. Кожны з іх ганарыцца сваім бацькам і дзядулем, былым салдатам Вялікай Перамогі.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Ложане — тихий и живописный уголок Ушаччины

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *