В Ушачском районе стартует жатва

Сельское хозяйство

На гэтым тыдні прайшоў раённы семінар, на якім былі абмеркаваны пытанні ўборачнай кампаніі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі і галоўныя спецыялісты гаспадарак.

Старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак адзначыў, што сёлетняя ўборачная кампанія, улічваючы эканамічную сітуацыю ў краіне, будзе нялёгкай, тым не менш аграрыям раёна неабходна сабраць хлеб з плошчы больш чым 15 тысяч гектараў і ўнесці свой уклад у агульны абласны каравай. Нягледзячы на вялікі аб’ём работы, ёсць усе перадумовы для таго, каб сабраць добры ўраджай. 71 працэнт камбайнаў – новыя, атрыманыя на працягу апошніх трох гадоў (у тым ліку 18 адзінак — сёлета), ёсць запас паліва, людзі гатовы працаваць. Пакуль надвор’е не дазваляе на поўную моц распачаць работы – не ўсе зерневыя выспелі і вільготнасць іх яшчэ высокая, таму спачатку гаспадаркі прыступілі да ўборкі рапсу.
Першачарговай задачай, як заўсёды, з’яўляецца якасць – адзначыў намеснік начальніка райсельгасхарча Г.Р.Чабатар. Кожны механізатар павінен адказваць за ўбраны ўчастак і не перавышаць дапушчальную хуткасць руху. А, ўлічваючы моцную палегласць зерневых культур, абавязкова трэба выкарыстоўваць сцеблепадымальнікі. 
Абмяркоўвалася і ўборка саломы з палёў — трэба нарыхтаваць неабходную колькасць для патрэб жывёлагадоўлі, астатняе пусціць на здрабненне.
Не засталося па-за ўвагай пытанне выканання раёнам дзяржзаказу. Сёлета гэта 4800 тон, з іх 4100 харчовай пшаніцы, жыта і 700 тон піваварнага ячменю.
Пажадана, каб не губляць грошы, даводзіць зерне да адпаведных кандыцый, тым больш, што амаль усе зернесушыльныя комплексы гатовы да работы. А пакуль яны на поўную моц не загружаны зернем, неабходна праводзіць апрацоўку рапсу. Дарэчы, дзве новыя перасоўныя зернесушылкі павінны з’явіцца ў “Кублічах” і “Дземенцы”.
Як заўсёды, актуальнае пытанне аплаты працы, уліку гаруча-змазачных матэрыялаў. Што да расцэнак, то яны ідэнтычны абласным, як і нормы расходу паліва, улічваючы магутнасць тэхнікі. Павінен таксама весціся строгі ўлік прадукцыі, замацаваны матэрыяльна адказныя асобы. Новаўвядзенне гэтага года – талон якасці, які запаўняецца камбайнерам штодня, падпісваецца галоўным аграномам і захоўваецца разам з пуцявым лістом.
На жаль, Віцебская вобласць трымае непрыемнае лідарства па траўматызме і няшчасных выпадках на вытворчасці. Таму падчас семінара не маглі не закрануць пытанне аховы працы, тэхнікі бяспекі, у тым ліку пажарнай.
Пра стан тэхнікі і мехдвароў, допуск механізатараў да работы, тэхагляд, дысцыпліну і выкананне правіл падчас руху магутнай тэхнікі на дарогах гаварылі начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Ю.Л.Жарнасек і начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду І.М.Пухальскі.
Па кожнай гаспадарцы абмеркавана кадравае пытанне, амаль ва ўсіх яно ўжо вырашана, у тым ліку з дапамогай шэфаў з нашага раёна і горада Полацка.
Збіраючы сёлетні ўраджай, трэба думаць і пра будучы. Вызначаны тэрміны сяўбы азімых: рапсу – з 1 па 20 жніўня, зерневых – з 25 жніўня па 15 верасня, а таксама аб’ём работы – 8 тысяч гектараў зерневых і 2 тысячы гектараў рапсу. Таму зараз пастаўлена задача актыўна весці падрыхтоўку глебы пад сяўбу.
У час семінара абмеркаваны і іншыя бягучыя пытанні сельскай гаспадаркі.
В.ПОЛАЗАВА.

***

Раённае спаборніцтва

Зацверджана палажэнне аб раённым спаборніцтве за дасягненне найлепшых паказчыкаў на ўборцы зерневых культур. Пераможцаў чакаюць Дыпломы, а таксама грашовыя прэміі. Экіпажу зернеўборачнага камбайна, які першым у раёне намалоціць 700 тон зерня – 5 базавых велічынь, 1000 тон – 7, 1300 тон – 10 базавых велічынь. Вадзіцель, які першым у раёне перавязе 700 тон зерня ад камбайнаў, атрымае прэмію ў памеры 3 базавых велічынь, 1000 тон – 5, 1500 тон – 7 базавых велічынь.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *