Как правильно питаться? Советы врача

Здравоохранение

Чаму каварныя хваробы сэрца робяць інвалідамі зусім, здавалася б, маладых людзей? Як сталася, што цукровы дыябет – хваробу сталага пакалення – дыягнастуюць дзецям? Чаму Беларусь мае сумнае лідарства па колькасці анкалагічных захворванняў страўнікава-кішэчнага тракту? Чым растлумачыць той факт, што значная колькасць юнакоў прызыўнога ўзросту маюць празмерную вагу? Аказваецца, асноўная прычына ўсяго гэтага адна – няправільнае харчаванне. Пра тое, якім павінен быць наш рацыён, каб мы мелі добрае здароўе і цудоўны настрой, нам расказала напярэдадні Дня здаровага харчавання, які традыцыйна адзначаецца 18 жніўня, урач-тэрапеўт Ушацкай ЦРБ Вікторыя Леанідаўна Аскерка: 

– Па дадзеных экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць і якасць ужываемых прадуктаў харчавання з’яўляюцца асноўнымі фактарамі, якія вызначаюць здароўе чалавека. Менавіта з няправільным харчаваннем медыкі звязваюць рост выпадкаў туберкулёзу, сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў.
Чым вызначаецца харчаванне беларуса? Празмерным ужываннем тлушчу, халестэрыну, цукру, солі, алкаголю і катастрафічным недахопам морапрадуктаў, расліннай ежы. А значыць, у арганізм недапаступае кальцый, жалеза, ёд, фтор, селен, цынк. Давайце паглядзім, як харчуемся мы. Раніцай – чай ці кава, у абед стараемся “перахапіць” на рабоце, а ўвечары даём волю страўніку. Прычым, спецыфіка нашага харчавання вызначаецца перавалодваннем тлустых, смажаных ці вэнджаных прадуктаў. Прапануй многім з нас на сняданак кашу, на абед – салату, запраўленую аліўкавым алеем, посны суп з агародніны ці адвараную нятлустую рыбу. “Нясмачна!” – скрывяцца многія. А менавіта гэтыя прадукты павінны быць частымі на нашым стале. Прычым есці трэба не адзін-два разы на дзень, а, як мінімум, чатыры-пяць. Ежа павінна быць разнастайнай, з вялікай колькасцю агародніны і свежых фруктаў, нятлустага мяса, цэльных круп, малочных прадуктаў з нізкім утрыманнем тлушчу. Часцей ужывайце марскую рыбу і морапрадукты. Зменшыце ў сваім рацыёне колькасць солі і цукру. Навучыцеся есці павольна, добра перажоўваючы ежу. Вельмі важна як мага часцей перакусваць (яблыкам ці арэхамі). Не трэба есці на ноч. Не піце ваду падчас прыёму ежы: яна разбавіць страўнікавы сок і замарудзіць працэс стрававання. Правільней выпіць вады перад тым, як сесці за стол. За суткі даросламу чалавеку неабходна выпіваць не менш за два літры чыстай негазіраванай вады.
Памятайце, заўсёды ёсць выбар, як сябе адчуваць, быць ці не быць здаровым. Ніхто не можа прымусіць вас правільна харчавацца. Вы самастойна прымаеце рашэнне, а таму адказнасць за здароўе – у вас саміх!
Падрыхтавала
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *