Председатель райисполкома встретился с депутатами Веркудского сельского Совета депутатов

Зваротная сувязь

Пералік пытанняў, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы старшыні райвыканкама А.А.Кавалёнка з дэпутатамі Вяркудскага сельскага Савета дэпутатаў, быў надзвычай шырокі – ад накірункаў дзяржаўнай палітыкі да пераваг лічбавага тэлебачання над аналагавым. А пачалася размова з найбольш актуальнай у апошні час тэмы – аналізу перспектыў і шляхоў стабілізацыі эканамічнага становішча. Тут, як здаецца, акрэсліліся пэўныя пазітыўныя зрухі, звязаныя са стабілізацыяй курса долара. Дзяржава як можа падтрымлівае сваіх грамадзян: катэгорыя насельніцтва, якая знаходзіцца пад яе апекай, атрымала грашовую дапамогу на набыццё сельскагаспадарчай прадукцыі, рэкамендавана, каб падобную дапамогу аказалі сваім працаўнікам і прадпрыемствы.
Можна адзначыць, што раёну ўдалося пазбегнуць вельмі ўжо сур’ёзнага эканамічнага абвалу. Ніхто не скажа, што значна апусцелі паліцы нашых магазінаў. Тут адбіўся як аб’ектыўны фактар (адносная аддаленасць раёна ад мяжы з Расіяй), так і суб’ектыўны – дакладныя дзеянні, прафесіяналізм адпаведных раённых службаў. У гарпасёлку, прынамсі, адкрыўся новы фірменны магазін Глыбоцкага мясакамбіната, цэны ў якім ніжэйшыя, чым у іншых гандлёвых кропках, а асартымент задаволіць нават самага патрабавальнага гурмана.
Увогуле, жыццё ідзе сваім парадкам. Зараз асноўная задача – падрыхтоўка да зімы. Кацельні забяспечваюцца дрывамі. Вышукваюцца дадатковыя крыніцы фінансавання ЖКГ для выканання неабходных работ, бо, як вядома, тарыфы не павялічыліся: грамадзяне па-ранейшаму аплачваюць толькі 30 працэнтаў выдаткаў на камунальныя паслугі. Усім неабходным забяспечаны школы. У гэтым годзе іх стала ў раёне на адну менш, але ў наступным, калі сітуацыя кардынальна не зменіцца, усе школы плануецца захаваць. Амаль не адчула на сабе наступстваў няпростай эканамічнай сітуацыі сфера аховы здароўя. Нягледзячы на тое, што колькасць насельніцтва ў раёне змяншаецца, вяскоўцаў па-ранейшаму абслугоўваюць тры сельскія бальніцы і шэраг ФАПаў.  
Нядрэнна складваецца гэты год і для аграрыяў. На жаль, мясцовае сельгаспрадпрыемства “Дубраўка”, мякка кажучы, знаходзіцца не на вядучых пазіцыях. На амаль рытарычнае пытанне старшыні райвыканкама – у чым прычына гэтага і што трэба зрабіць, каб выправіць становішча, – ніхто з прысутных нічога пэўнага адказаць не змог. Відавочна, што ў гаспадарцы не ўсё ў парадку з працоўнай дысцыплінай, маюцца іншыя хібы і пралікі.
Цікавілі прысутных і больш вузкія, мясцовыя пытанні. Дэпутаты, у прыватнасці, папрасілі пракаменціраваць чуткі аб закрыцці ў Вяркудах ашчадкасы. Алег Анатольевіч адказаў, што пакуль такое не плануецца, хоць аптымізацыя сеткі паслуг, безумоўна, будзе працягвацца. Аднак дапамагчы вяскоўцам у многіх пытаннях хутка змогуць прагрэсіўныя тэхналогіі. Ужо зараз у многіх вёсках існуе оптыка-валаконная сувязь, прыйдзе яна ў наступным годзе і ў Вяркуды. Ажыццяўляць фінансавыя аперацыі можна будзе праз інтэрнэт. Заваяваўшы гарады, прагрэс накіроўваецца ў глыбінку. Зараз нават не верыцца, што зусім нядаўна ўшачане не ведалі, што такое пластыкавая картка, прыходзілася літаральна ўгаворваць гаспадароў гандлёвых кропак устанаўліваць тэрміналы. Цяпер жа мы займаем 3-5 месца сярод сельскіх раёнаў вобласці па колькасці пластыкавых картак: па іх аплачваецца 9 працэнтаў агульнага гандлёвага абароту.
У апошні час пытанні па водазабеспячэнні актуальныя для многіх вёсак раёна. Ёсць яны і ў гэтым рэгіёне. У не задавальняючым стане воданапорная вежа ў Дубраўцы. Як паведаміў кіраўнік раёна, у наступным годзе плануецца яе дэманціраваць і пабудаваць новую. Існуюць перабоі з водазабеспячэннем у вёсцы Павулле, ліквідаваць якія своечасова работнікі УП ЖКГ не здолелі з-за вялікай колькасці падобных заявак.
Напрыканцы свайго візіту ў Вяркуды старшыня райвыканкама разгледзеў прыватныя пытанні вяскоўцаў, даў парады і даручэнні мясцоваму кіраўніцтву.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *