На приёме в Помелково

Зваротная сувязь

Вёсачка Памялкова Жарскага сельсавета нібы схавалася за “шырокімі плячыма” аграгарадка Ільюшына, у двух кіламетрах ад якога размешчана. Як і многія падобныя, існуе яна ціха і сціпла: з 12 чалавек, што тут жывуць, толькі тры працаздольныя. Менавіта ў гэтым населеным пункце намеснік старшыні райвыканкама Вольга Іванаўна Карчэўская праводзіла чарговы выязны прыём.

Па родзе сваёй дзейнасці яна добра ведае сацыяльныя пытанні – аб іх у асноўным і ішла гаворка. Прыемна, што бытавых праблем тут амаль не ўзнікае: няма нараканняў на работу аўтакрамы і дастаўку газу, спраўляюцца з нарыхтоўкай дроў, у Ільюшыне дзейнічае ФАП. Але ёсць усё ж “балючае” пытанне, якое агучыла Кацярына Іларыёнаўна Аўтух: дарога да могілак, дзе знаходзяць апошні прытулак вяскоўцы з Памялкова, Броўчына, Углоў, у дрэнным стане. Па ёй нельга праехаць нават на грузавіку. Калісьці тут працавалі лесавозы, і пасля іх на дарозе засталіся глыбокія каляіны. Жанчыны з сумам прыгадвалі выпадак, калі ў час пахавання там забуксаваў грузавік і яго прыйшлося выцягваць трактарам – згадзіцеся, вельмі непрыемная “прыгода” для жалобнага рытуалу. Вольга Іванаўна дала даручэнне старшыні сельвыканкама Алене Уладзіміраўне Кузьміной звярнуцца ў лясгас – прадпрыемства павінна вылучаць сродкі на рамонт сапсаваных падчас вывазкі лесу дарог.
А яшчэ мясцовае насельніцтва вельмі хацела б, каб ім дапамаглі прывесці вёску ў належны стан: у прыватнасці, абкасіць траву. Самі вяскоўцы (а жывуць тут пераважна жанчыны паважанага ўзросту) зрабіць гэтага не могуць. Вольга Іванаўна паабяцала, што актывізуе работу “шэфаў”, якія замацаваны за вёскай згодна з праграмай добраўпарадкавання раёна.  
Куды больш цяжка вырашыць праблему той жа К.І.Аўтух. Па суседству з ёй – закінутая хата, усё падвор’е якой зарасло баршчэўнікам, і ён шпарка перасяляецца на суседні агарод. У той хаты ёсць гаспадыня, якая жыве ў Полацку, але наводзіць парадак на падвор’і не спяшаецца, ды і ў вёсцы амаль не бывае. Старшыня сельвыканкама паабяцала высветліць адрас нядбайнай суседкі і даслаць ёй ліст-прадпісанне аб неабходнасці навесці парадак на тэрыторыі, якая ёй належыць. Калі ж тая яго праігнаруе, прыцягнуць яе да адміністрацыйнай адказнасці.
Адна з жыхарак Памялкова, Вольга Гаўрылаўна Казачонак, не мае родных. Ёй дапамагае сацыяльны работнік, аднак жанчына з трывогай чакае надыходу зімы. У сувязі з гэтым Вольга Іванаўна нагадала, што вяскоўцы сталага ўзросту могуць пры жаданні правесці зіму ў сацыяльных палатах або аддзяленні кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды, расказала аб спрыяльных умовах, якія там створаны. Вяскоўцы адказалі, што пакуль яшчэ “трымаюцца”, дапамагаюць адзін аднаму. І асабліва адзначылі гаспадыню хаты, дзе праходзіла сустрэча – Тамару Міхайлаўну Кабанаву. Гэта працавітая і спагадлівая жанчына, якая жыве тут з дачкой і ўнукам – сапраўдная апора для суседзяў. Тамара Міхайлаўна мае аўтамабіль, і праз яе вяскоўцы, калі можна так сказаць, падтрымліваюць сувязь з астатнім светам.
Дарэчы, прысутныя прадэманстравалі, што жывуць не толькі ўласнымі праблемамі, але і цікавяцца палітычным і эканамічным жыццём краіны. Вяскоўцы выказвалі свае меркаванні аб апошніх навінах, з абурэннем прыгадвалі выбух у Мінскім метро, беспарадкі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Вольга Іванаўна таксама падзялілася сваімі меркаваннямі, дала адказы на пытанні. Развітваліся цёпла і шчыра, з упэўненасцю, што сустрэча была ўзаемна карыснай.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *