Торжественная регистрация ребёнка прошла в День матери в отделе загса

Образование и молодежь Общество

Адна з самых радасных і пранікнёных падзей адбылася на гэтым тыдні ў аддзеле загса Ушацкага райвыканкама – урачыстая рэгістрацыя нараджэння дзіця. На гэты раз зорачка шчасця і ўдачы азарыла сям’ю Вікторыі Віктараўны і Андрэя Васільевіча Катушонкаў. У маладой шчаслівай пары 22 верасня ў 14 гадзін у раддоме Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы нарадзіўся першынец, чароўны сын вагой 3550 грамаў і даўжынёй 50 сантыметраў, які атрымаў прыгожае імя Раман.
Цырымонія рэгістрацыі, якая сімвалічна была праведзена напярэдадні Дня маці таксама ў 14 гадзін, прайшла надзвычай урачыста. Начальнік аддзела загса А.М.Малашчанка ўручыла бацькам хлопчыка памятныя падарункі і першы дакумент іх сына – пасведчанне аб нараджэнні, пажадала, каб Раман заўсёды быў іх гордасцю, каб ён яшчэ больш згуртаваў сям’ю.  
У гэты асаблівы дзень разам з Вікторыяй і Андрэем былі іх надзейныя сябры – Крысціна Габідуліна і Мікалай Маслюк, бабулі і дзядуля маленькага Рамана – Тамара Мікалаеўна Катушонак, Алена Васільеўна і Віктар Данілавіч Сальнікі, а таксама прадзед малыша – Мікалай Адольфавіч Шорац. З падарункамі і добрымі пажаданнямі прыйшлі на ўрачыстасць і прадстаўнікі раённых улад, калектываў, дзе працуюць бацькі нованароджанага. Усе прысутныя парадаваліся за шчаслівую сям’ю Катушонкаў, у якой пануюць любоў і пяшчота, клопат і надзея на самае лепшае. Няхай жа ўсе мары збываюцца, а маленькі Раман, які бесклапотна праспаў усю цырымонію, вырасце ўдзячным сыночкам, сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *