Дух соперничества, или Почему «Райагросервис» не стал победителем районного соревнования

Выясняем ситуацию

“Першае месца па вытворчасці мяса прысудзілі “Ільюшынскаму” за 207,5 тоны”, – цытавала вытрымку з артыкула са злёту перадавікоў сельскай гаспадаркі намеснік дырэктара “Райаграсэрвіса” па ідэалагічнай рабоце С.М.Церашкевіч. – Складаецца ўражанне, што мы выпускаем менш мяса, чым “Ільюшынскі.

Так, прадстаўнікі “Райаграсэрвіса” і сёлета мелі ўсе шансы шмат разоў падымацца за ўзнагародамі, аднак засталіся без прызавых месцаў у трох намінацыях. Чаму?
Гэтая самая буйная сельскагаспадарчая арганізацыя з комплексам “Маяк” па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, сапраўды, выпусціла мяса ў тры разы больш, чым “Ільюшынскі” – 605,3 тоны. Аднак прададзена дзяржаве толькі 73 працэнты ад агульнага аб’ёму рэалізацыі, а па ўмовах спаборніцтва павінна быць не менш 80. Яшчэ адну ўмову – перавыкананне паказчыкаў мінулага года не вытрымалі ў асабістым заліку аператары комплексу. Маякоўцы і раней ішлі асобным радком у спаборніцтве – не параўноўваліся з даглядчыкамі другіх гаспадарак. Прывагі ў іх зноў вышэй, чым дзе – пад 800 грамаў: у звяна Ірыны Васільеўны Крук – 773, Уладзіміра Валер’евіча Літвіна – 764, Васіля Васільевіча Бучынскага – 757. Аднак летась у многіх былі больш кілаграма – атрымліваецца, што нават уласнага рэкорду не паўтарылі.
Чаму так атрымалася? Чаго не хапіла? Усё гэта пытанні для разгляду за “сямейным” круглым сталом, напрыклад, на агульным сходзе ці днях жывёлавода. Ні ў якім разе нельга сказаць, што дрэнна спрацавалі аператары. Вынік усё роўна высокі, а залежыць ён у жывёлагадоўлі не толькі ад чалавечага фактару — непасрэдна догляду, але і ад кармоў, рацыёну, прагулак, генетыкі цялят і нават мікраклімату ў цэхах. Ад працы заатэхніка, ветурача і, нарэшце, сябра-механізатара, што трамбаваў побач сянажную яму.
Усё гэта ў поўнай меры датычыцца і канчатковага выніку работы даярак. Каб дагнаць Марыю Пятроўну Шорац і Ніну Васільеўну Усцін з таго ж “Райаграсэрвіса”, перадавым аператарам машыннага даення іншых гаспадарак трэба працаваць прыкладна месяц. Аднак першага месца таксама няма, бо не вытрымана іншая ўмова спаборніцтва – выхад цялят на 100 кароў склаў толькі 73 галавы, а павінен быць не менш 80.
Яшчэ адзін абсалютны пераможца – КУСГП “Глыбачаны” – уступіў першае месца ў нарыхтоўцы кармоў “Вялікадолецкаму” таму, што на прадпрыемстве меў месца няшчасны выпадак. Па ўмовах спаборніцтва такая гаспадарка аўтаматычна выпадае з разраду ўзнагароджаных.
Гэта акалічнасці толькі сёлетняга злёту перадавікоў, хоць і раней у рэдакцыю паступалі пытанні наконт таго, чаму ў вобласці, на рэспубліцы не прайшла тая ці іншая кандыдатура. Коратка на гэта можна адказаць так – не вытрыманы ўмовы спаборніцтваў. Ну а каб гэта стала зразумелым, каб дайшло да кожнага, закранула і было сапраўды спаборніцтвам на месцах, – не з адным чалавекам і не адзін раз павінна праводзіцца тлумачальная работа. Каб “разжаваць” умовы спаборніцтва, якія загадзя рассылаліся кожнай гаспадарцы, каб працаўнікі і на працягу года ведалі свае паказчыкі, сваіх калег з іншых гаспадарак, каб сапраўды стараліся. Падштурхнуць, распаліць дух спаборніцтва, калі патрэбна дапамагчы, а ў даным выпадку і высветліць, па якіх прычынах “прайгралі”, павінны ідэолагі, эканамісты – спецыялісты гаспадарак.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *