Ольга Тычина продолжила династию педагога и 15 лет посвятила работе с детьми

Образование и молодежь Общество

Сотні выдадзеных “пуцёвак” у дарослае жыццё, дзясяткі рэалізаваных праектаў і тысячы праведзеных мерапрыемстваў… У дзіцячым садзе №4 г.п.Ушачы Вольга Мікалаеўна Тычына працуе ўжо 15 гадоў. У педагогіку яна прыйшла па прыкладзе маці, настаўніцы пачатковых класаў Клаўдзіі Леанідаўны Лісіцы, а зараз ва ўстанове, якую ведае з маленства, бо сама была яе выхаванкай, паспяхова спраўляецца з функцыямі намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці.

Убудаваныя ў сцяну шафы з раскладанкамі замест ложкаў для адпачынку дзяцей, драўляныя арэлі і разьбяныя мядзведзі на тэрыторыі… Пра садок, які з’яўляецца практычна яе равеснікам, наша зямлячка не забывалася ніколі – ні ў Полацкім педагагічным каледжы, дзе як прыхільніца гуманітарных навук атрымлівала спецыяльнасць выхавацеля лагапедычнай групы; ні ў Віцебскім дзяржуніверсітэце, які заканчвала завочна; ні нават у Плінскай дашкольнай установе, дзе пачынала кар’еру. Напэўна, таму і пагадзілася на адміністрацыйную пасаду, якая тут з’явілася ў пачатку 2011-га, хаця вельмі гэтага баялася.

– Часу на доўгія роздумы ў мяне не было, – усміхаецца В.М.Тычына. – Начальнікам аддзела па адукацыі тады была Людміла Рыгораўна Карабань – і яна знайшла патрэбныя словы: расказала, як сама ў маладым узросце стала кіраўніком, як зараз радуецца шматлікім здзяйсненням. Гэта было для мяне стымулам гэтак жа выпрабаваць сябе. Дапамагалі ж на старце Алена Віктараўна Касіч з вучэбна-метадычнага кабінета, а таксама малады кіраўнік садка Святлана Анатольеўна Тарасевіч – вельмі ўдзячна ім за гэта!

З цеплынёй прыгадвае Вольга Мікалаеўна і свой першы рабочы дзень на новай пасадзе. У вялікай зале для знаёмства з ёй сабраўся ўвесь калектыў дашкольнай установы. Практычна ўсе – значна старэйшыя, вопытныя спецыялісты, як іх нечаму вучыць, даваць указанні, ушачанка не ўяўляла. Аднак “кароны на галаве” ніхтот не насіў – пасля афіцыйнай часткі кожны мусіў сказаць добрае слова. Пасля гэтага нават не так страшна было ісці ў кабінет, дзе чакаў вялізны стос з дакументацыяй – разбіралася, вучылася.

Функцый у намесніка загадчыка, сапраўды, шмат – даводзіцца цесна кантактаваць як з дарослымі, так і непасрэдна з малышамі. Пры гэтым не “наразаць задач”, не кантраляваць зробленае, а творча арганізоўваць вучэбны працэс. Напрыклад, першымі ў раёне ў гэтым садку пачалі працаваць з адукацыйнай праграмай “Інфарматыка без разеткі”, для чаго педагогі прайшлі спецыяльнае навучанне ў Парку высокіх тэхналогій. З 2016 года тут актыўна рэалізуюцца абласныя творчыя праекты: разам з В.М.Тычына выхавацелі асвоілі для работы з дзецьмі тэхналогіі візуалізацыі, аўтарскія дапаможнікі і гульні Нікіціна, іншых педагогаў. Ёсць новыя планы і на бліжэйшы навучальны год.

У дзіцячым садзе №4 г.п.Ушачы зараз сфарміравана шэсць груп, якія ў новым навучальным годзе будуць наведваць каля 90 хлопчыкаў і дзяўчынак. Калектыў установы – гэта 32 спецыялісты рознага ўзроўню.

– Калектыў у нас проста выдатны! Любую ініцыятыву, якой бы складанай яна не здавалася, усе абавязкова падтрымаюць, – кажа ўшачанка. – Прывыклі мы і да творчай спантаннасці. Так, усяго за дзень-два (а бывае, за адну ноч) можам і годны сцэнарый для мерапрыемства скласці, і ўсё неабходнае падрыхтаваць. Вынікамі ж сваёй работы дзелімся праз арганізацыю спецыяльных выстаў.

Рознае было за гэтыя 15 гадоў. Няпростым стаў для калектыву 2015-2016 год, калі ў садку праводзіўся капітальны рамонт – усіх размеркавалі па іншых садах, Вольга Мікалаеўна “перакваліфікавалася” ў дэфектолага. Неаднойчы мянялася кіраўніцтва – пасля С.А.Тарасевіч функцыі загадчыка выконвалі А.П.Сынкова, І.А.Ціханава, ды і сама В.М.Тычына. Праўда, гэта не было ёй па душы: творчасці не хапала. Цяпер жа, калі “ў руля” знаходзіцца Сафія Іванаўна Баранава, наша суразмоўца паўнацэнна займаецца любімай работай.
У садку яна адчувае сябе як дома, дбае пра навядзенне парадку на тэрыторыі, памяшканнях. Як даўняя прыхільніца кветак чаруе ля падаконнікаў з любімымі фіялкамі – ужо цэлую калекцыю сабрала (на здымку), новыя раслінкі прыносяць калегі, бацькі выхаванцаў. Кватэра на Віцебскай таксама ў квецені, праўда, там камфортна адчувае сябе толькі герань – іншыя расліны, смяецца Вольга Мікалаеўна, большага догляду патрабуюць, а на яго звычайна не хапае часу.

– Нягледзячы на ўсе складанасці, шчыра люблю сваю работу, – прызнаецца В.М.Тычына. – Сіл жа для новых здзяйсненняў надаюць зносіны з выхаванцамі сада і ўласнай сям’ёй.
Дарэчы, не выключана, што педагагічная дынастыя будзе працягнута. Дачка Вольгі Мікалаеўны Дзіяна зараз атрымлівае ў віцебскім каледжы спецыяльнасць “Мастак. Настаўнік” і марыць быць падобнай на сваіх маці і бабулю.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *