Нагод, каб завітаць да сям’і Баяронкаў з Арэхаўна, у нас было некалькі. Па-першае, меркавалі пабачыць “Дом узорнага парадку”, што па вуліцы Палявой – менавіта ў гэтай намінацыі перамаглі Арцём і Алена на апошнім раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні. Па-другое, даведаліся, што нядаўна пара адзначыла хрустальнае вяселле, таму хацелі запытаць, у чым сакрэт іх сямейнага шчасця і ці лёгка будаваць яго ў сельскай мясцовасці.
– Калі ёсць каханне і паразуменне, ніякія цяжкасці не страшныя, – сцвярджае гаспадыня. – Абое выраслі на сяле (муж родам з Глабачкі, я – з Завячэлля), дзе заўсёды і падсобная гаспадарка, і агароды былі. Да працы на зямлі мы прывыклыя, ды і не лічым гэта чымсьці суперскладаным – хутчэй для душы: прыемна ж, калі на стале – свежая, без усялякай “хіміі” агародніна, духмяная садавіна з уласнага сада.
Прасторны прэзідэнцкі домік, размешчаны ў надзвычай прыгожых мясцінах – паміж возерам і лесам, Арцём атрымаў ад КУСГП “Арэхаўна”, дзе працаваў аграномам. А калі пазнаёміўся з Аленай, якая пасля каледжа прыехала ў гаспадарку на практыку, не стаў адкладваць прапанову рукі і сэрца – хутка зладзілі вяселле. Паступова абжываліся, тое-сёе дабудоўвалі, рэканструявалі. Хоць абое ў той час былі студэнтамі – атрымлівалі вышэйшую адукацыю ў Вялікіх Луках і Полацку, паспявалі вельмі многае.
– У мужа – залатыя рукі, таму нікога наймаць не было патрэбы, – з гонарам расказвае вяскоўка. – Сам рабіў адмостку да фундамента і навес перед уваходам у дом. Сам ставіў агароджу і выкладваў з пліткі дарожкі на падворку. Сам будаваў лазню – зачышчаў бярвенне ад старой і наноў складваў. Перавёз з Пораўна і домік свайго дзеда – зараз гэта яго “вотчына”, дзе захоўваюцца шматлікія рыбацкія ды паляўнічыя прылады. Я ж толькі добраўпарадкаваннем паблізу займаюся.
На жаль, застаць дома гаспадара ў нас не атрымалася: нават у выхадныя дні не прывык ён сядзець без справы. Акрамя сельскай гаспадаркі паспеў папрацаваць і ў жыллёва-камунальнай – быў качагарам, майстрам. Зараз жа ўладкаваўся ў водаканал, дзе з пазменнай занятасцю можа больш часу праводзіць у гаспадпарчых клопатах.
У свой час Баяронкі трымалі вялікую падсобную гаспадарку – з бычкамі ды парасятамі, разводзілі пчол, на агародзе шмат эксперыментавалі. Зямля тут не надта ўрадлівая – гліністая, таму і непатрабавальныя культуры давялося падбіраць, і з пасадкай, падкормкай штосьці прыдумваць.
Да дэкрэтнага адпачынку Алена працавала эканамістам на льнозаводзе, пасля – бухгалтарам у ТЦСАН і ДРБУ-105. Але ж галоўнай сваёй місіяй яна, канечне ж, называе мацярынства. Іх сыну Дзіме зараз 14 гадоў, працавітым хлопцам расце – ва ўсім дапамагае, падумвае стаць плітачнікам. Пэўны час таму забіралі да сябе Баяронкі і пажылых сваякоў Арцёма – клопату і любові яны не шкадуюць нікому!
Сумна ў іх доме не бывае – трэба ж пастаянна штосьці ўдасканальваць. Алена захапляецца кветкаводствам, мужчыны ж дапамагаюць ёй у рэалізацыі ўсіх задум. З ранняй вясны і да позняй восені іх двор літаральна патанае ў квецені. Любімыя гаспадыняй лілеі, петуніі, ружы ды многае іншае, здаецца, паўсюль: уздоўж агароджы і ля ўваходу, у зоне адпачынку і нават на агародзе… Зрэшты, разгледзець такую прыгажосць можна і ноччу: паўсюль расстаўлены дэкаратыўныя элементы на сонечных батарэях.
– Вакол – прырода і чыстае паветра. Хоць і жывём на водшыбе, з дарогай праблем ніякіх – заасфальтаванае ўзімку рэгулярна чысціцца. Работа ёсць, часта родныя прыязджаюць. Што яшчэ для спакойнага, камфортага жыцця патрэбна?! – разважае наша субяседніца. – За шчасцем, упэўнены, не трэба ехаць у горад, усё неабходнае – пад бокам.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


