Калі сярод гаспадароў лепшых сядзіб вёскі Строкты заўважыла імёны Васіля і Алены Лемеш, здзівілася – навошта было пераязджаць у вёску карэнным ушачанам? Высветлілася, што гэта радавое паселішча продкаў – жылі дзед і цётка Васіля Васільевіча, і яго заўсёды сюды цягнула. Ім тут аказалася настолькі энергетычна ўтульна, што зусім не адчуваюць цяжкасці ад працы на зямлі, якую добраўпарадкоўваюць ужо 10 гадоў, а сем з іх і жывуць там пастаянна.
Больш таго, гаспадар удакладняе, што дарэмным лічыць дзень, калі нічога не зрабіў, не ведае, чым сябе заняць у дрэннае надвор’е. Хаця і на гэты выпадак падстрахаваўся: у майстэрні стаіць дрэваапрацоўчы станок і па рабоце з жалезам, зварачны апарат і розныя іншыя прылады, якімі карыстаецца пастаянна. Прафесійнага будаўніка, які вельмі працяглы час працаваў у ПМК-66, мы засталі за вырабам прычэпа. Майструе для сябе, хаця можа і на продаж, паколькі аформлены як самазаняты і перыядычна выконвае розныя работы. Напрыклад, адзін перакрываў дах на арэхаўскай царкве, бярэцца ўлетку і за іншыя падобныя заказы.
На вуліцы стаяў набыты трактарок і фрэза, што былі задзейнічаны нядаўна на ўзворванні градак. Хоць расцяць бульбу і агародніну для сябе, траіх дзяцей і родных, маюць два парнікі, немалыя астраўкі пад клубніцамі, малінай і сланечнікам, – ворыўная зямля на ўчастку ў 6 сотак займае малую частку. Трэць яго дакладна занята кветкамі, чвэрць – пад садам і паркам, а астатняе – проста газон, які распасціраецца нават за рэчку. Яе не знойдзеш на карце, ды і назвы яна не мае, так Лемешы клічуць выцягнутую па форме сажалку, што выкапаў гаспадар і разводзіць там рыбу. Вудзіць сам, але больш – родныя і знаёмыя, якія гасцяць тут ледзь не кожныя выхадныя. Запусціў і падкормлівае 120 карпаў, якія важаць ужо па 3 кілаграмы. Амуры ж пацягнуць і на дзесяць. “Рыбгас” з’явіўся не дзеля ежы, Васіль Васільевіч проста любіць назіраць за іх паводзінамі, узімку робіць палонку і падключае аэрацыю, каб не задыхнуліся. У “рэчку” перасяляюцца і падрослыя ў малой саджалцы-яслях малькі. Наогул на ўскрайку ўчастка створаны востраў рэлаксацыі – вакол вады пасаджаны елкі, сосны, бярозы і клёны, а замест старой лазні хутка з’явіцца новая.
Васіль Васільевіч і сам любіць займацца з дрэвам – альтанка, веранда, навесы, гаспадарчыя пабудовы, фігурныя сталы і лаўкі змайстраваны яго ўмелымі рукамі. Як і арка над брамкай, падвясная металічная клумба, апоры пад клямацісы, каменныя горкі – дапаможнікі ў кветкавым царстве Алены Мікалаеўны. Нават у кастрычніку тут радуе яркімі колерамі кожны куток, хоць гаспадыня кажа, што нічога не засталося ад летняй прыгажосці. Акрамя розных хрызантэм, руж, цэлых градак з цыніямі, астрамі, цяпер прывабліваюць погляд вялізныя шапкі сартавых гартэнзій, якія і разводзіць сама, і будуе ўкрыццё, каб не вымерзлі. Дапамагае папаўняць палісад Алене Мікалаеўне і маці, якая часта наведваецца да дачкі з нейкай новай раслінай.
Нягледзячы на мора нарыхтовак на зіму і хуткія халады, у цяпліцы яшчэ ва ўсю выспяваюць перцы і памідоры. Васіль Васільевіч ж яшчэ і ў маладым садзе эксперыментуе – сам прывівае дзічкі, прычым, на адным дрэўцы ў яго растуць і яблыкі, і грушы. Ідэальны парадак у Лемешаў літаральна на ўсім участку, хоць чаго варта толькі абкасіць яго – калі няма мужа, трымер у рукі бярэ і Алена. У самым жа пачатку давялося выразаць дрэвы і выкарчоўваць кустоўе, раўняць плошчу і разбіраць старыя пабудовы. Але аб тым, што займелі такі працаёмкі востраў рэлаксацыі, Васіль Васільевіч і Алена Мікалаеўна не шкадуюць. У Строктах і дыхаецца інакш, і спіцца лепш. Так гаворыць і іх дачка Аліна, якая амаль кожныя выхадныя прыязджае са сталіцы не ў кватэру, а менавіта на вясковую сядзібу.
Вольга Караленка.



