Сёлета па даручэнні Прэзідэнта па ўсёй краіне ўзведзена звыш паўтысячы прафілакторыяў для цялят, два з іх – у нашым раёне.
“Чым мыеце абсталяванне?” Зімой гэтага года на пытанне міністра сельскай гаспадаркі жывёлаводы комплексу “Завячэлля” паказалі воданагравальнікі, мыючыя сродкі, сушылкі. Так, апараты, вёдры, соскі даяркі і даглядчыкі апрацоўвалі цёплай вадой, аднак уручную. Цяпер жа могуць пахваліцца не толькі “посудамыйкай”, але новым малочным таксі і маразільнікам, пастэрызатарам і апаратам для разагрэву малодзіва. Ды і працаваць у новым прафілакторыі стала намнога лягчэй – няма больш цялежак, клеткі чысцяцца штодня, а ўслед ідзе трактар, які і выдаляе гной. Працэс запушчаны так, як і прадугледжвалася, калі з бюджэту выдзяляліся сродкі на будаўніцтва новых прафілакторыяў, якія і сталі падарункам у Год беларускай жанчыны для работніц, якія і складаюць пераважную большасць на ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах краіны.
На комплексе “Завячэлле” зараз два прафілакторыі на 197 “кватэр” для ўтрымання цялят да 2-х месяцаў, 149 з іх – у новым. Прынцып у іх аднолькавы, кожнае цяля мае асобны домік, свае вядзерцы для камбікорму, вады або малака. Не грэбуюць малыя і залацістай саломай, якая важкім дыванком штодня засцілаецца ў клеткі. Для гадаванцаў усё засталося так, як і ў невялікіх “інтэрнатах”, што прыбудоўваліся непасрэдна да сцен ферм. Істотна змяніліся ўмовы працы для даглядчыкаў.
– Што вы, я б не паспела як след накарміць цялят, калі б яшчэ і ў цялежкі гной грузіць. За кожнай з нас – па 100 галоў, зараз, калі толькі што здалі малых, іх крыху меней – 150, – усміхаецца Іна Васільеўна Ігнатовіч, наліваючы малако чорна-пярэстаму прыгажуну. – Соска яму не патрэбна, у новым прафілакторыі – старэйшая “ясельная група”, хаця і нованароджаны бычок у спецыяльным пакоі абсыхае.
Брыгадзір жывёлагадоўчай брыгады Андрэй Уладзіміравіч Літвін паказвае новае абсталяванне ў дзеянні – у металічнай шафе, у якую паступае цёплае паветра, ляжаў сапраўдны багатыр. Хоць поўсць яшчэ высахла не поўнасцю, ён ужо спрабаваў стаць на ногі. Раней на фермах для гэтых мэт прымяняліся лямпы, сучасныя ж прафілакторыі адразу ўкамплектаваны ўсім неабходным. У асобным пакоі былі бойлеры для нагрэву вады, пастэрызатар малака, апарат для разагрэву малодзіва, сушылкі, канвектар, асобная шафа для мыцця сосак. Пабачыла я і абсталяванне, пра якое расказваў міністр: варта націснуць кнопку і круглая шчотка пры кручэнні робіць сценкі вядра чыстымі, як з канвеера.
Начальнік райсельгасхарча Яўген Віктаравіч Троцкі: “Калі працаваў заатэхнікам у “Ільюшынскім”, пра ўсё гэта маглі толькі марыць, а малочнае таксі ўспрымалася як далёкая зорка.
Вы ж уявіце, даглядчыца каціць яго па праходзе і налівае цёплае пітво. А пастэрызатар! Не трэба хвалявацца, што ў малацэ засталіся мікробы. Гэта ўсё вельмі важна менавіта пры вырошчванні малых цялят – з кволых і хворых не атрымаеш прадукцыйную карову. Таму я вельмі ўдзячны Прэзідэнту, які будаўніцтва прафілакторыяў узвёў у ранг дзяржаўнай праграмы”.
Малочнае таксі на “Завячэллі” – апарат даволі буйны, аж на 300 літраў. Выкарыстоўваюць яго на два прафілакторыі комплексу, якія абслугоўваюцца пазменна чатырма даглядчыцамі. На ферме яны з 6 раніцы да 8 вечара, так што дамоў у аграгарадок Глыбачка Кацярына Генадзьеўна Дзярыба вяртаецца зацемна. І не яна адна – у “Сафійскіх дарах” працуе шмат аграрыяў з “Глыбачан” і “Вяркуд”. Аднак працяглая змена кампенсуецца добрым графікам – два рабочыя дні мяняюцца двума выхаднымі, ды і заробак даглядчыкі маюць неблагі.
Што здзівіла ў прафілакторыі, які абжыўся навасёламі яшчэ ў верасні, дык гэта бетонная падлога на праходах: яна была не проста чыстай, а і сухой, хаця, як аказалася, на трактары няма нават шчоткі, толькі лапата. Менавіта шырокія праходы, па якіх бы магла прайсці тэхніка, былі абавязковай умовай сучасных прафілакторыяў. Іх тут два, а абапал – чатыры рады клетак. Ды і столь намнога вышэйшая. Прастора, аднак, выклікала пытанне на перспектыву: ці не будзе малым тут холадна зімой?
– Па-першае, большым будзе саламяны подсціл. Па, другое, абяцалі ўстанавіць “пушкі” для абагрэву. Ну і каб не засталі знянацку мінулагоднія маразы – дадаткова абкладзём сцены цюкамі саломы, – патлумачыў А.Літвін. – Ды і ў новым прафілакторыі мы імкнёмся трымаць крыху большых цялят, а зусім малыя знаходзяцца ў меншым памяшканні.
А што яшчэ кінулася ў вочы ў светлым, залітым сонцам “інтэрнаце” – цішыня. Можна было падумаць, што ў ім наогул нікога няма, бо і мордачкі з клетак амаль не высоўваліся. Ніхто не кашляў, не “сігналізаваў” пра час абеду. Камбікорм у дастатку ляжаў у вядзерцах, а чысценькія сытыя цяляткі мірна спалі на пярынах, так што давялося нават іх выманьваць на фотасесію.
Вольга Караленка.


