Приём граждан в Ушачах провёл председатель Комитета госконтроля по Витебской области В.М.Максимов

Зваротная сувязь

Знімаць будзённыя пытанні людзей, пазбягаць фармалізму, бюракратызму і валакіты ў іх вырашэнні – гэта тыя пытанні, якім асаблівую ўвагу ўдзяляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка. І невыпадкова было дадзена даручэнне міжведамаснай рабочай групе правесці маніторынг стану работы выканаўчых і распарадчых органаў Віцебскай вобласці са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. З мэтай вывучэння гэтага пытання ва Ушацкім раёне ў апошняй дэкадзе лістапада прыёмы грамадзян членамі міжведамаснай групы праведзены ў памяшканнях Сарочынскага, Вялікадолецкага сельвыканкамаў, а таксама Ушацкага райвыканкама. У сераду праводзіў прыём, а таксама наведаў шэраг прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, дзе цікавіўся зваротамі людзей, старшыня камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці, намеснік кіраўніка міжведамаснай групы Васіль Міхайлавіч Максімаў.
З чым ішлі ўшачане на прыём? Пераважная большасць – са сваімі бытавымі праблемамі. Некаторыя з тымі, па якіх мясцовай уладай зроблена нямала, як напрыклад, па рамонце кватэры С.Ц.Балабоўкі з аргагарадка Ільюшына. Аднак Сямён Цімафеевіч лічыць, што балкон умацаваны недастаткова. Таксама ўсё новыя хібы знаходзіць у ведамасным доме Ушацкага лясгаса, у якім пражывае з дарослым сынам і дзе ўжо заменены падлога, вокны, ганак, печ, З.В.Пугач. Васіль Міхайлавіч паабяцаў прыслаць кампетэнтных спецыялістаў, каб камісійна вырашыць, ці правільна праводзіўся ў абодвух выпадках рамонт, а таксама зазначыў, што і самім жыхарам трэба прыкладаць руку да жылля, у якім пражываеш.
А вось зварот З.М.Фёдаравай поўнасцю ў кампетэнцыі Камітэта дзяржкантролю. Падобных у гарадах – мноства і яны хутка вырашаюцца на карысць людзей. Скардзілася ж Зінаіда Міхайлаўна на фірму “КейпСіці”, якая паставіла ёй дзверы не таго памеру і адмаўлялася замяніць. Хочацца ж параіць нашым чытачам пазбягаць вусных дамоўленасцяў і ўважліва чытаць дагаворы, глядзець на тое, што падпісваеш. Хоць у апошні час у рэдакцыю не паступала падобных скарг, тым не менш яны здараюцца і наўрад ці атрымаецца нешта даказаць, калі вы спачатку пісьмова пагадзіліся з тым, з чым потым аказаліся нязгоднымі.
Скарысталіся прыёмам нават жыхары не нашага раёна. У прыватнасці, узята на кантроль пытанне маладой сям’і з вёскі Багародзіцкае Полацкага раёна аб парушэнні тэрмінаў здачы жылля і аб тых установах, адкуль яны не атрымалі адказаў, папярэдне звяртаючыся.

Жадаючыя пабудаваць жыллё па льготных крэдытах ёсць і ў нашым раёне. Яны і атрымалі адказ падчас прыёму ад старшыні райвыканкама аб тым, што 60-кватэрны дом будзе будавацца толькі ў 2014 годзе. З-за таго, што льготныя рэсурсы абмежаваны, а ва Ушачах апошнія гады вялася інтэнсіўная забудова, здадзены 40-кватэрны кааператыў і сёлета, шматкватэрны дом уключаны ў план будаўніцтва толькі праз год.
К.М.Сырэль прасіў закрыць участак дарогі Фрунзе для праезду, дзе яна літаральна “наступае” на дымы і адпаведна стварае мноства непрыемнасцяў. Кіраўнік раёна ведаў кошт і гэтага праблемнага пытання: для пераносу дарогі на пэўную адлегласць давядзецца знасіць дамы.
Зацікаўлена слухаў Васіль Міхайлавіч інфармацыю аб дзейнасці “Твестубы” ад яе дырэктара В.В.Трушко. Прадпрыемства, якое адзінае не толькі ў Беларусі, але і ў краінах СНД выпускае падобную імпартазамяшчальную прадукцыю, павялічвае асартымент і выпуск, стварае ўсё новыя рабочыя месцы, не з’яўляецца паўнапраўным гаспадаром адрамантаванага трохпавярховага будынка з-за неадрэгуляваных пытанняў з Гаспадарчым судом. В.М.Максімаў падкрэсліў, што Камітэт дзяржкантролю не ўправе ўмешвацца ў дзейнасць судоў, параіў звярнуцца ў пракуратуру Віцебскай вобласці ці Генеральную, а са свайго боку паабяцаў падтрымку.
А вось пытанне з саманарыхтоўкай дроў, з якімі звярталіся В.Д.Дзямешка з Белага і індывідуальны прадпрымальнік У.А.Рубанік са Старога Сяла, будзе вырашацца на раённым узроўні. Па сутнасці, схема выдзялення ўчасткаў для саманарыхтоўкі адладжана, забарона звязана пераважна са знаходжаннем аблюбаванага хмызняку ў водаахоўнай зоне.
Падчас прыёму В.М.Максімаў неаднойчы падкрэсліваў, што ўсе вырашаныя пытанні людзей, нават у якасці выключэння без захавання пэўных працэдур – толькі на карысць аўтарытэту мясцовай улады. Прыслухоўвацца да праблем, уважліва ставіцца да людзей, асабліва да ветэранаў працы – гэта абавязковая ўмова любой службы, якая працуе з грамадзянамі. Васіль Міхайлавіч на ўласныя вочы пабачыў некаторыя агучаныя пытанні, цікавіўся зваротамі грамадзян на шэрагу прадпрыемстваў і ўстаноў раёна і, канечне, узяў шэраг пытанняў пад асабісты кантроль.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *