Многодетные семьи: льготы и гарантии

Выясняем ситуацию Калейдоскоп Официально

На жаль, апошнім часам нямногія рашаюцца на нараджэнне траіх і больш дзетак, спасылаючыся ў першую чаргу на нестабільнае матэрыяльнае становішча. Між іншым, дзяржава ніколі не пакідае на волю лёсу такія сем’і, матэрыяльна падтрымлівае тых, каму патрэбна дапамога. На якія льготы і гарантыі могуць сёння разлічваць мнагадзетныя ячэйкі грамадства, расказвае дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна Наталля Мікалаеўна МАРКОВІЧ.

ЖЫЛЛЁВАЕ ПЫТАННЕ
Мнагадзетныя сем’і маюць права на выкарыстанне льготнага крэдыту і аднаразовай бязвыплатнай субсідыі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў. Пры наяўнасці трох непаўналетніх дзяцей дзяржава пагашае 75 працэнтаў ад сумы запазычанасці па выдадзеных ільготных крэдытах, калі чацвёра і больш – 100 працэнтаў. Аказваецца фінансавая падтрымка на пагашэнне запазычанасці і па няльготных крэдытах: маладым мнагадзетным сем’ям, якія знаходзяцца на ўліку тых, каму патрэбна паляпшэнне жыллёвых умоў, дзяржава кампенсуе 50 велічынь бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ).
Мнагадзетнай сям’і выдзяляецца жылое памяшканне сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду пры ўмове, калі сям’я знаходзіцца на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а сярэднемесячны сукупны даход на кожнага члена сям’і не перавышае 1 велічыні БПМ, вылічанай за 12 месяцаў, якія папярэднічалі месяцу пастаноўкі на ўлік (і на дзень выдзялення жылога памяшкання).
АДУКАЦЫЯ
Ёсць для мнагадзетных сямей ільготы ў сферы адукацыі. Хто мае траіх і больш дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, за харчаванне малых плацяць на 50 працэнтаў менш. Напалову зніжаецца і плата за карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі.
САЦЫЯЛЬНАЯ ДАПАМОГА
Дзеці першых двух гадоў жыцця забяспечваюцца бясплатнымі прадуктамі харчавання пры ўмове, калі сукупны даход на члена сям’і менш за 100 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. А пры нараджэнні дваіх і больш дзяцей адначасова бясплатнае харчаванне малым першых двух гадоў жыцця назначаецца без уліку такога даходу. Сем’і з тройнямі і большай колькасцю малышоў маюць права на бясплатную паслугу няні да дасягнення дзецьмі трох гадоў.
Мнагадзетныя сем’і маюць права атрымаць ад 1 да 6 разоў за год дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу пры ўмове, калі сярэднедушавы даход не перавышае ўстаноўленага заканадаўствам крытэрыю патрэбнасці (100 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва). Калі ж сям’я з даходам менш за 150 працэнтаў БПМ аказалася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, адзін раз за год ёй можа быць выдзелена сацыяльная дапамога ў памеры да 10 БПМ.
ЗАНЯТАСЦЬ
У сферы занятасці бацькам мнагадзетных сем’яў дзяржава дае дадатковыя гарантыі. Дапамога па беспрацоўі павялічваецца на 20 працэнтаў. На перыяд прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі назначаецца стыпендыя ў памеры 75 працэнтаў сярэдняй заработнай платы па апошнім месцы працы, аднак не менш 1,5 велічыні мінімальнай дапамогі па беспрацоўі і не больш трохкратнай базавай велічыні.
У ПРАЦОЎНЫМ ЗАКАНАДАЎСТВЕ
На дадатковы свабодны ад працы дзень у тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку могуць прэтэндаваць бацькі, якія выхоўваюць траіх і больш дзетак ва ўзросце да 16 гадоў. Па жаданні работніка, які мае двух і больш дзетак ва ўзросце да 14 гадоў, яму можа быць дадзены працоўны водпуск да заканчэння 6 месяцаў работы ў наймальніка. Яму ж можна пайсці ў водпуск без захавання заработнай платы на 14 каляндарных дзён.
ПЕНСІЙНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ
Жанчыны, якія нарадзілі пяцёра і больш дзяцей, выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту, маюць права на пенсію па дасягненні 50 гадоў.
ПАДАТКОВЫЯ ЛЬГОТЫ
Мнагадзетныя сем’і вызваляюцца ад платы зямельнага падатку і падатку на нерухомасць. Бацькам, у якіх трое і больш дзяцей да 18 гадоў, стандартны падатковы вылік даецца ў памеры 310 тысяч рублёў на кожнае дзіця ў месяц. Для індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, што з’яўляюцца плацельшчыкамі адзінага падатку, яго стаўка зніжаецца на 20 працэнтаў.
ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЎЗНАГАРОДЫ
За нараджэнне і належнае выхаванне пяцярых і больш дзяцей, пры дасягненні пятым малышом аднагадовага ўзросту, жанчыны ўзнагароджваюцца ордэнам Маці, ім выплачваецца своеасаблівы грашовы “бонус” у памеры 5 БПМ. Дарэчы, пры наяўнасці ордэна Маці або “Мацярынская слава”, “Медаля мацярынства”, звання “Маці-гераіня” і пры сярэднямесячным даходзе на кожнага члена сям’і (грамадзяніна) не вышэй БПМ, вылічанага за 12 месяцаў, якія папярэднічалі месяцу пастаноўкі на ўлік (і на дзень выдзялення жылога памяшкання), можа быць прадстаўлена жылое памяшканне сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду.
* * *
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у адпаведных кампетэнтных органах.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *