В числе лауреатов премии «Человек Года Витебщины-2012» ушачане Александр Чернышёв и Михаил Гардиёнок

Экономика и малый бизнес

Трапіць на гэтую ўрачыстую цырымонію, горда ўзняцца на сцэну канцэртнай залы “Віцебск” і атрымаць асабістую падзяку ад кіраўніка вобласці, напэўна, марыць кожны працаўнік, але героямі гэтага свята становяцца толькі самыя дастойныя – 100 жыхароў вобласці, якія ўнеслі адметны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Віцебшчыны.

Прыемна, што сярод сёлетніх герояў працы ёсць і прадстаўнікі нашага раёна: трактарыст-машыніст ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” Міхаіл Фёдаравіч Гардзіёнак начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 аграгарадка Глыбачка Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Міхайлавіч Чарнышоў.
Пачынаць год з услаўлення лепшых працаўнікоў – адна з выдатных традыцый, склаўшыхся на Віцебшчыне. Удзячнасць умацоўвае кожнага чалавека ў яго памкненнях, дае стымул для новых дасягненняў. Сёлета ж мерапрыемства атрымалася яшчэ больш грандыёзным, бо праходзіла падчас урачыстага сходу, прысвечанага 75-годдзю з дня ўтварэння Віцебскай вобласці. Прывітанне жыхарам Прыдзвіння з гэтай нагоды даслаў Прэзідэнт краіны А.Р.Лукашэнка.
У пранікнёнай прамове, з якой да прысутных звярнуўся губернатар Аляксандр Косінец, ён прыгадаў гістарычныя вехі і лёсавызначальныя падзеі ў жыцці Прыдзвінскага краю, расказаў і аб сучасных дасягненнях: зараз у вобласці вырабляецца 100 працэнтаў рэспубліканскага аб’ёму льняных тканін, болей 80 працэнтаў аптычных прыбораў і змазачных маслаў, 50 – металарэзальных станкоў і нафтавага паліва, 45 – электраэнергіі, больш 40 – дызельнага паліва і абутку. У мінулым годзе вобласць атрымала рэкордны ўраджай – 1 мільён 400 тысяч тон зерня. “Усе гэтыя дасягненні былі б немагчымымі без намаганняў людзей, якія, не шкадуючы сіл, самааддана і натхнёна працуюць на карысць сваёй Радзімы”, – адзначыў кіраўнік вобласці. Гэтую думку развіў былы губернатар, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка, які прысутнічаў на свяце ў якасці ганаровага госця. Ён падкрэсліў, што народ – гэта бясцэннае наша багацце, невычарпальны рэсурс развіцця рэгіёна і краіны.

Кульмінацыяй жа свята стала ўзнагароджанне: кожнаму лаўрэату старшыня аблвыканкама асабіста ўручыў нагрудны знак і дыплом “Чалавек года Віцебшчыны”. Напэўна, гэта быў самы хвалюючы момант у жыцці многіх з іх. У прыватнасці, наш лаўрэат Аляксандр Чарнышоў прызнаўся, што прайсціся па сцэне страявым крокам – а менавіта так накіроўваліся для атрымання ўзнагарод прадстаўнікі яго намінацыі “Закон і парадак” – напэўна было для яго больш хвалюючым, чым увайсці ў палаючы дом. Але ж з глядацкай залы гэтага бачна не было: наш зямляк выглядаў мужна і ўпэўнена – як і належыць прадстаўніку яго прафесіі. Выдатна справіўся з роляй героя цырымоніі і Міхаіл Фёдаравіч Гардзіёнак, які прадстаўляў намінацыю “Аграпрамысловы комплекс”. Увогуле, гэты просты чалавек, які большую частку жыцця праводзіць у кабіне трактара, вельмі прыцягальны і камунікабельны. А ўспышкамі фотакамер і ўвагай прэсы яго не збянтэжыць: Міхаіл Фёдаравіч неаднаразова быў героем нашых публікацый, бо з’яўляецца адным з лепшых працаўнікоў свайго сельгаспрадпрыемства.
Сярод тых, хто ўзнімаўся ў гэты дзень на сцэну, прадстаўнікі ўшацкай дэлегацыі ўбачылі і яшчэ аднаго чалавека, лёс якога доўгі час быў звязаны з нашым раёнам – былога старшыню райвыканкама, а зараз намесніка генеральнага дырэктара па прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” Канстанціна Анатольевіча Пачэпку. Былі сярод лаўрэатаў і вядомыя ў шырокіх колах грамадскасці асобы – генеральны дырэктар РУП “Віцебскэнерга” П.І.Харытонаў, рэктар ВДУ імя П.М.Машэрава А.П.Саладкоў, архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, загадчыца карэспандэнцкага бюро АТН Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі Алена Панцюхова, прызёр Лонданскай Алімпіяды Марына Шкерманкова. Ёсць і тыя, чые прозвішчы былі вядомы толькі на раённым узроўні. І гэта ў чарговы раз падкрэслівае, што “Чалавек года Віцебшчыны” – дэмакратычная прэмія, стаць уладальнікам якой можа кожны старанны і сумленны працаўнік, кожны, хто не шкадуе сваіх сіл для далейшага росквіту нашага цудоўнага краю.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *