В Ушачах семью от беды уберёг… автономный пожарный извещатель

Cлужба-101

Амаль кожная сям’я ўвечары праводзіць час каля тэлевізара. Так было ў гэты вечар і ў адной з ушацкіх сямей. Сабраўшыся разам у прасторнай зале, дружная сям’я з чатырох чалавек – бацькі і дзеці – бавіла час. Пасля дзесяці гадзін вялікі дом ужо ператварыўся ў соннае царства, а каля чатырох гадзін раніцы, калі ўсе людзі спяць моцным сном, у зале, дзе ўвечары глядзелі тэлевізар, задымілася столь, агонь яшчэ не рваўся вялікім полымем, аднак дым усё больш запаўняў пакой.
– Прачнуліся ад таго, што ў суседнім пакоі разрываецца пажарны апавяшчальнік. Яго гук настолькі моцны, што ні ў якое параўнанне не ідзе з гукамі будзільніка над вухам! Я прыняўся самастойна змагацца з гэтым узгараннем, але зразумеў, што аднаму не справіцца, і набраў нумар пажарнай службы. Выратавальнікі прыбылі ў лічаныя хвіліны і ліквідавалі ачаг задымлення. Мы нават не панеслі вялікага ўрону, за выключэннем часткова пашкоджанай столі, – расказвае пасля здарэння гаспадар дома.
Прычыну надзвычайнага здарэння ён ужо зразумеў: у не так даўно пабудаваным доме самастойна праводзіў электраправодку, а потым у Расіі купіў прыгожыя, але недарагія свяцільні-лямпачкі, якія не адпавядалі дзяржаўным стандартам. Зразумеў гаспадар дома і важнасць, неабходнасць устаноўкі пажарных апавяшчальнікаў. Два гады таму не з надта вялікай ахвотай ён устанавіў чатыры такія прыборы ў доме (у новых дамах іх устаноўка – абавязковая ўмова, у старых – пакуль толькі рэкамендацыя). Цяпер жа ўсім знаёмым раіць выкарыстоўваць у сваіх дамах прыборы.
Гэта не рэклама аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, а рэальная падзея, што адбылася ва Ушачах на гэтым тыдні, нявыдуманы прыклад таго, як прыбор выратаваў жыцці цэлай сям’і, у якой, дарэчы, выхоўваецца двое дзяцей, аднаму з якіх няма нават і годзіка! Страшна ўявіць, чым магло скончыцца гэтае здарэнне, якую непапраўную трагедыю папярэдзіў невялікі, але патрэбны прыбор. Людзі маглі атруціцца дымам, нават не прачнуўшыся…
Калі ў вашым доме ці кватэры маецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік, сачыце за яго спраўнасцю і мяняйце батарэйкі. Калі няма, то падумайце аб яго набыцці, бо яго кошт – каля 80 тысяч рублёў – абсалютна нішто ў параўнанні з неацэнным чалавечым жыццём.
Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: інспектар дзяржпажнагляду М.Кісель: «Такі апавяшчальнік збярог сям’ю з чатырох чалавек»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *