Бутылка за услугу — расчёт незаконный

Закон - один для всех

Ад турмы ды ад сумы не заракайся — некаторыя з нас бяруць пад сумненне гэтую народную мудрасць: маўляў, ніякіх праблем з законам у мяне няма і быць не можа. Але ж здараецца, што з-за збегу абставін і няведання законаў нават прыстойны грамадзянін можа ператварыцца ў правапарушальніка.

Разлічвацца за работу ці паслугу бутэлькай спіртнога лічыцца ў нас справай звычайнай. А між тым гэта — правапарушэнне, за якое чалавек можа быць прыцягнуты да адказнасці. Уявіце, напрыклад, такую сітуацыю: сусед адрамантаваў вам агароджу, атрымаў у якасці разліку спіртное, ужыў яго, а потым здзейсніў нешта супрацьзаконнае. Калі высветліцца, якім чынам ён здабыў алкагольны напітак, вынікам для вас можа стаць штраф у 5-10 базавых велічынь. Дарэчы, жыхар нашага раёна ў мінулым годзе меў непрыемнасці з законам з-за разліку спіртным за пэўную паслугу.
Яшчэ больш сур’ёзныя наступствы чакаюць грамадзяніна, які вырашыць перапрадаць набытае спіртное. А калі напітак да таго ж фальсіфікаваны, і «прадавец» аб гэтым ведае, пакаранне будзе асабліва суровым. Красамоўны прыклад гэтаму — нядаўні гучны судовы працэс, калі пастановай суда Маскоўскага раёна горада Мінска сталічнаму жыхару быў назначаны штраф у памеры 4000 базавых велічынь (400 мільёнаў рублёў) за перапродаж некалькіх бутэлек фальсіфікаванага малдаўскага каньяку. Гэты падроблены напой ён купіў у суседкі (грамадзянкі Малдовы), а потым рэалізаваў знаёмым. Пры назначэнні пакарання суд кіраваўся Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №11 ад 09.09.2005 года «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртаўтрымліваючай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту», пункт 2.8 якога прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць юрыдычных і фізічных асоб за вытворчасць, гандаль, захоўванне, перамяшчэнне па краіне заведама фальсіфікаваных спіртных напіткаў.
Як бачна, незаконная рэалізацыя спіртнога ў любых яе формах — справа зусім не такая бяскрыўдная, як здаецца на першы погляд. А няведанне закона, як вядома, не вызваляе ад адказнасці.
Ф.ЗІНЬКЕВІЧ, старшыня суда Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *