Сохранить выращенное. Мониторинг сельхозобъектов Ушачского района выявил нарушения

Cлужба-101 Сельское хозяйство

У гэтыя гарачыя дні не толькі хлебаробы, але і работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях хвалююцца за лёс ураджаю. Калі аграрыі прыкладаюць усе намаганні, каб хутчэй і без страт убраць вырашчанае, то выратавальнікі — не дапусціць пажараў і іншых надзвычайных сітуацый.

Напрыканцы ліпеня інспекцыяй дзяржпажнагляду сумесна са спецыялістамі райсельгасхарча праведзены маніторынг сельскагаспадарчых аб’ектаў раёна, у ходзе якога абследаваны зернесушыльныя комплексы, зернесклады, камбайны, што задзейнічаны на ўборцы ўраджаю. Як аказалася, далёка не ўсюды сітуацыя з выкананнем пажарнай бяспекі знаходзіцца на належным узроўні. Так, напрыклад, на зернесушыльным комплексе КУСГП «Глыбачаны» ў Глыбачцы электрычныя свяцільні эксплуатаваліся без ахоўных плафонаў, не праводзілася ўборка гаручага смецця і пылу, дапускалася складзіраванне дроў у непасрэднай блізкасці да сушыльнага комплексу. Такія ж парушэнні выяўлены на зернесушыльным комплексе КУСГП «Арэхаўна» ў аграгарадку. Акрамя гэтага там размеркавальная скрыня эксплуатавалася без ахоўнай накрыўкі, а вогнетушыцелі былі няспраўныя. На падлогавым сушыльным комплексе ААТ «Дземенец» у Глыбачцы не быў укамплектаваны пажарны шчыт, забор вады на патрэбы пажаратушэння са спецыяльнай бочкі ўяўляўся немагчымым. Аналагічныя парушэнні зарэгістраваны на зернесушыльным комплексе КУСГП «Арэхаўна» ў Слабадзе, дзе да таго ж электрычныя свяцільні і размеркавальная скрыня эксплуатаваліся без ахоўных элементаў. На перасоўным комплексе ААТ «Ушацкі райаграсэрвіс» вядро, прызначанае для патрэб пажаратушэння, не мела дна, у вагоне-бытоўцы эксплуатаваўся абагравальнік не завадскога вырабу, дапускалася курэнне работнікаў па-за спецыяльна абсталяваных для гэтага месцаў. На зернесушыльным комплексе КУСГП «Вялікадолецкае» вогнетушыцеляў, наогул, не было, а ў скрыні для пяску знаходзіўся гравій з камянямі, прарослай травой і пустымі пластыкавымі бутэлькамі. Прыкладна такі ж малюнак назіраўся і на асобным зернесушыльным комплексе названага сельгаспрадпрыемства ў вёсцы Новае Жыццё. На падлогавым сушыльным комплексе КУСГП «Кублічы» выяўлены парушэнні, звязаныя са складзіраваннем дроў у непасрэднай блізкасці да аб’екта, вуглі высыпаліся на адлегласці 1 метра ад будынка на поліэтыленавую плёнку. Не быў укамплектаваны пажарны шчыт на зернесушыльным комплексе ААТ «Агра-Селішча», дзе апроч таго ў скрыні для пяску знаходзілася папера, а вогнетушыцелі былі няспраўныя. Як адзначыў старшы інспектар інспекцыі дзяржпажнагляду Максім Кісель, на фоне ўсіх гэтых аб’ектаў вельмі прыстойна выглядае асобны зернесушыльны комплекс ААТ «Ільюшынскі», бо там амаль абышлося без парушэнняў, да таго ж гэта адзіны ў раёне зернесушыльны комплекс, які мае поліс страхавання.
Па выніках праведзенага маніторынгу кіраўнікам гаспадарак накіраваны рэкамендацыі з пералікам мерапрыемстваў па ўхіленні недахопаў. Адказныя асобы, якія дапусцілі парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Як вядома, пажар заўсёды лепш папярэдзіць, чым патушыць. І ў тым, што ўборка праходзіць без надзвычайных сітуацый, немалая заслуга выратавальнікаў. Праверка аграпрамысловых аб’ектаў, тлумачальныя гутаркі з работнікамі сельскагаспадарчай галіны дазваляюць працаваць без парушэнняў, берагчы тэхніку, будучы ўраджай і, вядома ж, здароўе людзей.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *