Заместитель начальника Ушачского РОЧС Дмитрий Лёля: «Огонь — достойный соперник».

К профессиональному празднику Наш современник Экономика и малый бизнес

Людзі, якія добра ведаюць Дзмітрыя Канстанцінавіча Лёлю, чалавека надзвычай актыўнага, дзейснага, прывыкшага пастаянна знаходзіцца ў руху, часам здзіўляюцца, як ён можа займацца так званай “кабінетнай” работай. Сапраўды, цяперашняя яго пасада – намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях па аператыўна-тактычнай рабоце – прымушае значную частку працоўнага часу праводзіць за вырашэннем арганізацыйных момантаў. Яму даводзіцца займацца дакументамі, справаздачамі, сачыць за тым, каб падраздзяленні МНС былі забяспечаны неабходнай тэхнікай, каб усюды выконваліся патрабаванні правілаў аховы працы, праводзіць навучанне асабовага саставу службы. Справіцца з усімі гэтымі задачамі Д.К.Лёлю якраз і дапамагае яго нястомны характар.

На кіруючай пасадзе Дзмітрый Канстанцінавіч, вядома ж, быў не заўсёды. Пасля службы ў арміі ў паветрана-дэсантных войсках душа маладога чалавека патрабавала не менш экстрэмальнай прафесіі. Так ён аказаўся ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Пачынаў з пасады начальніка каравула, выязджаў на пажары.

– Агонь для мяне заўсёды быў дастойным сапернікам, – расказвае мужчына. – Перамагаючы яго, атрымліваў ад гэтага маральную задаволенасць. Неаднаразова даводзілася выратоўваць з агню людзей. Адзін выпадак урэзаўся ў памяць. Падчас пажару на вуліцы Савецкай наш трэці каравул вынес з палаючай кватэры мужчыну, а праз некалькі хвілін нецвярозы пацярпелы прыйшоў у прытомнасць і адразу папрасіў закурыць. На жаль, нават трагічныя выпадкі часам не вучаць людзей…

Былі ў рабоце Д.К.Лёлі і выпадкі, калі даводзілася выратоўваць адразу сотню жыццяў, хаця і не чалавечых. Так, напрыклад, гадоў 20 таму падчас пажару на ферме ў Жарах іх каравул сумесна з работнікамі сельгасаб’екта тэрмінова вывелі з вогненнага палону 110 галоў жывёлы.

Адказны падыход Дзмітрыя Канстанцінавіча да сваёй справы, яго ўменне хутка знаходзіць агульную мову з калегамі былі заўважаны кіраўніцтвам. У 1998 годзе Д.К.Лёля назначаны намеснікам начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. Завочна скончыў Гомельскі інжынерны інстытут. На сённяшняй пасадзе знаходзіцца з 2001-га.

Заўсёды захапляўся спортам, перамагаў у разнастайных спаборніцтвах, меў выдатную фізічную падрыхтоўку. Відаць, таму і стаў прыкладам сапраўднага мужчыны і спартсмена для свайго пляменніка Яўгена Каваленкі, якога мы зараз ведаем як аднаго з лепшых армрэстлінгістаў свету. Прымае ўдзел у мерапрыемствах, што праводзяцца ў раёне. Штогод арганізуе традыцыйныя жнівеньскія сустрэчы ўшацкіх дэсантнікаў, заслужыў павагу таварышаў па службе. А гэта той аўтарытэт, які немагчыма заваяваць фармальна.

У 2010 годзе кола абавязкаў Д.К.Лёлі папоўнілася яшчэ грамадскай дзейнасцю – быў выбраны дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Фрунзенскай акрузе.

Да любой справы Дзмітрый Канстанцінавіч адносіцца надзвычай адказна. Ён з тых дэпутатаў, хто рэгулярна сустракаецца са сваімі выбаршчыкамі, ведае іх праблемы і імкнецца дапамагчы. Так, напрыклад, вырашыў праблемныя пытанні грамадзян наконт асвятлення вуліц, правядзення ямачнага рамонту дарогі ў катэджным пасёлку на ўездзе ва Ушачы, рамонту ў адным з дамоў ганка, які быў зроблены не па нормах. Па дэпутацкім запыце Д.К.Лёлі работнікамі адпаведных арганізацый хібы, што непакоілі грамадзян, былі ліквідаваны.

– І ўсё ж большасць пытанняў, якія паступаюць да мяне як да дэпутата, напрамую звязаны з маёй работай у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Некаму трэба стары, трухлявы будынак знесці (за мінулы год такіх было 9), некаму – аварыйнае дрэва ўбраць ці, скажам, ваду адкачаць. Да таго ж яшчэ працуем у цесным узаемадзеянні з сельскімі Саветамі дэпутатаў, іншымі службамі.

Усё, за што бярэцца гэты чалавек, ён імкнецца рабіць якасна, дасканала, з веданнем справы.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *