Хобби стало профессией

Наш современник

Ёсць людзі, у якіх ёсць сваё захапленне, якое ідзе побач пры самых розных абставінах. Так у асноўным адбываецца і ў Міхаіла Шчэрбіка з вёскі Селішча. З самага пачатку свайго свядомага жыцця палюбіў ён дрэва, зацікавіўся тым, што з яго можна столькі ўсяго рабіць. А галоўнае – жыллё для чалавека, якое з’яўляецца дахам над галавой, садзейнічае здароўю – не штучны ж матэрыял.

Спецыяльнасць, праўда, ён спачатку набыў зусім іншую. Выбіраць не прыходзілася, бо памёр бацька, маці цяжка было з пяццю дзецьмі на руках. Міхаіл разам з братам Уладзімірам трапілі ў інтэрнат, пазней пайшлі вучыцца ў першую трапіўшуюся ўстанову — Лепельскае СПТВ-56. Набылі спецыяльнасць трактарыста-машыніста меліярацыйных работ. Накіравалі ў ПМК-50 працаваць. Але няпроста было дабірацца з Пліна да райцэнтра, тым больш, што работа раз’язная, па аб’ектах. І Міхаіл звольніўся.

Любімай работай для маладога чалавека стала будаўнічая, калі ўладкаваўся ў брыгаду калгаса “ХХІ партз’езд”. Пятнаццаць гадоў яго клопатам было ўзвядзенне невялікіх аб’ектаў, рамонт жыллёвага фонду і будынкаў сельскагаспадарчага прызначэння. У гэты час ён ужо жыў у Селішчы, цэнтры гаспадаркі. На танцах пазнаёміўся з дзяўчынай, якая родам з Саланевічаў Полацкага раёна. Утварылася сям’я. Патрабавалася жыллё. У асноўным усе маладыя сем’і імкнуліся атрымаць кватэры з выгодамі ў тых дамах, якія ўзводзіліся ў Селішчы. Міхаіл Шчэрбік, калі яму старшыня калгаса прапанаваў дом сядзібнага тыпу, згадзіўся. Іншыя здзіўляліся, а пазней яны ж не супраць былі памяняцца з ім жыллём. Гэта калі пагоршыліся фінансавыя справы гаспадаркі, была адключана качагарка, разабрана кацельная. Наладжвалі абаграванне па-іншаму, вярталіся да дзедаўскага спосабу, пячнога, нават у двухпавярхоўках.

А печкі класці Міхаіл таксама навучыўся. Вырашыў некалі, што раз займаецца будаўнічай справай, то і без гэтага не абысціся. Але ж каб асвоіць такую даволі няпростую справу, неабходна было вучыцца самому ў майстра ад народа, хто прызнаны па вёсках як адзін з лепшых. Сярод такіх быў Уладзімір Дрозд з Роўбаў. Так Міхаіл па згодзе з печніком і пайшоў у падмайстры.

– Два сезоны мяшаў яму гліну, – усміхаецца мужчына, – і навучыўся, чаму хацеў.

А ажыццяўляў тое, да чаго імкнуўся, перайшоўшы з калгаснай будаўнічай брыгады на вольны хлеб, бо там сталі плаціць ужо “мінімалку”. Працаваў у Санкт-Пецярбургу, куды паехаў падзарабіць і дзе асвоіў кладку пліткі, шпаклёўку сцен, іншае ў будаўнічай справе. Пазней уладкаваўся працаваць у Селішчанскую школу. Там, па сутнасці, быў апальшчыкам, рамонтнікам, печніком. Работа падабалася, і пакінуць яе давялося толькі калі школа была закрыта.

Цяпер Міхаіл Шчэрбік – вартаўнік дзіцячага сада №1, дзе ўпрыгожвае тэрыторыю вырабамі з дрэва. Не адмаўляецца ад дапамогі сябрам у тым, што ўмее рабіць сваімі рукамі. Да таго ж нямала хатніх клопатаў. Усе свае задумы ажыццявіць ніяк не ўдаецца. Ёсць планы па навядзенні сапраўднай прыгажосці ў двары, пакуль што, хоць і акуратна, але недастаткова зроблена з намечанага. Адпачыць жа таксама хочацца. Так, сёлета ўдалося з’ездзіць да мора.

Для Міхаіла вельмі важна, што ён жыве сёння ціха, мірна, прыгожа. І далося гэта цяжка. Справа ў тым, што ў сваім жыцці ён атрымаў перамогу над сабой, над сваім ганебным захапленнем. Нямала людзей ведаюць пра гэта. Адзін, другі раз прыкладзешся да чаркі, а потым ужо гэта пераходзіць у звычку, пазбавіцца ад якой няпроста. Добра, калі, як у Міхаіла, перамагае сям’я, любімае захапленне. Цяпер гэты моцны духам чалавек жыве з радасцю. Па-сапраўднаму любіць жонку, свайго сына Дзяніса, з’яўлення якога яны чакалі дзесяць гадоў. Хлопец добра вучыцца ў школе, асвойвае пакрыху бацькаву справу. Калі яму было яшчэ тры гады, спрабаваў маленькую лесвічку рабіць, гледзячы на бацьку.

Справамі для душы захоплена ўжо не першае пакаленне сям’і Шчэрбікаў. Бацька Міхаіла, напрыклад, быў ветурачом, а сам сабой асвоіў ігру на гармоніку. Дапамагаў людзям лячыць жывёлу, а ў мінуты адпачынку весяліў іх. Прыносіць задавальненне іншым і яго сын.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ. На здымку:

М.Шчэрбік.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *