Приближается открытие купального сезона

Калейдоскоп Официально

Апошнія дні слупок тэрмометра стабільна імкнецца ўверх, і ўсё большая колькасць жыхароў нашага багатага на вадаёмы раёна накіроўваецца да адпачынку на іх берагах, а некаторыя, выкарыстаўшы спрыяльнае надвор’е, ужо паспелі адкрыць для сябе купальны сезон. З 1 чэрвеня, калі скончыцца забарона на лоўлю рыбы з выкарыстаннем плаўсродкаў, колькасць жадаючых правесці вольны час на азёрах і рэках яшчэ больш узрасце. Між тым, гэтыя віды адпачынку можна аднесці да тых, якія нясуць патэнцыяльную пагрозу здароўю і жыццю людзей.Кожны год на вадаёмах Віцебшчыны тонуць не толькі дарослыя, але і дзеці. І калі асноўнай прычынай гібелі дарослых становяцца наступствы злоўжывання алкаголем, то трагічныя выпадкі з непаўналетнімі часцей за ўсё здараюцца з-за іх безнагляднасці. Каб адпачынак не прывёў да непапраўнай бяды, неабходна ведаць і выконваць асноўныя правілы. Не заходзьце ў ваду вышэй пояса, калі не ўмееце плаваць, калі трымаецеся на вадзе няўпэўнена, то не заплывайце далёка і рухайцеся паралельна берага. Не трэба купацца адразу пасля прыёму ежы, ні ў якім разе нельга заходзіць у ваду ў стане алкагольнага ап’янення: п’яны чалавек не можа адэкватна ацаніць сілы, страчвае над сабой кантроль, у яго парушаецца каардынацыя рухаў. Для плавання выбірайце дні з сонечным бязветраным надвор’ем, з тэмпературай паветра не ніжэй 20-25, і вады – 17-19 градусаў. Пастаянна сачыце за дзяцьмі, старайцеся не выпускаць іх з поля зроку ні на хвіліну. Памятайце, што з павышэннем тэмпературы, адкрыццём купальнага сезона, павышаецца і градус адказнасці за жыццё і здароўе непаўналетніх.

Купайцеся толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Такімі, нагадаю, у гарадскім пасёлку Ушачы з’яўляюцца зоны масавага адпачынку людзей на рацэ Ушача ў раёне касцёла, на азёрах Вечалле і Чаравэчча. Дарэчы, дно вадаёмаў на гэтых пляжах штогод абследуецца і чысціцца вадалазамі. Сёлета сіламі спецыялістаў Полацкай станцыі таварыства выратавання на водах ужо праведзена ачыстка дна на ўказаных вышэй участках вадаёмаў, а таксама на рацэ Дзіва і возеры Должыца – у месцах масавага адпачынку дзіцячага аздараўленчага лагера “Турасполле” і санаторыя “Лясныя азёры”. Згодна распараджэння старшыні райвыканкама да 25 мая замацаваныя арганізацыі павінны правесці санітарную ачыстку і добраўпарадкаванне тэрыторый зон адпачынку.

Не меншай увагі патрабуе і выкарыстанне лодак, катэраў і іншых маламерных суднаў. Не выкарыстоўвайце плавальныя сродкі без выратавальных камізэлек і кругоў, не перагружайце іх і не разгойдвайце на плыву. Ад выканання правіл паводзін на вадзе залежыць жыццё і здароўе не толькі ваша, але і акружаючых людзей!

Э.ВЕРТАШОНАК, старшыня раённага таварыства выратавання на водах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *