Обустроенный речной пляж по улице Садовой в г.п.Ушачи – заслуга местных жителей

Наш современник Экология Экономика и малый бизнес

Рачны пляж на вуліцы Садовай райцэнтра не належыць да афіцыйна вызначаных месцаў масавага адпачынку, а таму стварэннем на ім умоў для аматараў пазагараць і паплаваць камунальная служба не займаецца. Тым не менш менавіта сюды ў спякотныя летнія дзянькі спяшаліся многія ўшачане – прычым, не толькі жыхары бліжэйшага мікрараёна, але і тыя, хто жыве паводдаль. “На гэтым пляжы заўсёды парадак, зручна спускацца да ракі і ў ваду, і ўвогуле ён такі ўтульны, “сямейны”, вось чаму прыходжу сюды аж з Віцебскай”, – расказвае ўшачанка Надзея Ціханенка. “У гарачыя дні купаюся штовечар і не перастаю здзіўляцца, як тут чыста і прыгожа. Вялікі дзякуй людзям, якія сочаць за станам пляжу”, – дзеліцца ўражаннямі Галіна Баравік.

Ну а людзі гэтыя – жыхары навакольных дамоў. Зрэшты, ёсць у пляжа і галоўны “дазорца”, чалавек, які добраахвотна ўзяў на сябе клопат па доглядзе за ім – Мікалай Несцярэнка. Да слова, у свой час дзякуючы намаганням яго бацькі Мікалая Прохаравіча, які доўгія гады кіраваў камунальнай гаспадаркай раёна, на схіле ля ракі была ўстаноўлена бетонная лесвіца. Ну а зараз шэфства над гэтым куточкам цудоўнай прыроды ўзяў сын: усё лета ён абкошваў бераг, ачышчаў рэчышча ад травы і водарасцяў, збіраў і зносіў з пляжа смецце, устанавіў металічную лесвічку для заходу ў ваду. Знайшліся ў Мікалая і памочнікі: члены яго сям’і, сябры і некаторыя жыхары суседніх дамоў. Прыемна было бачыць, як падчас апошняга абкошвання некалькі чалавек дапамагалі ўбіраць з пляжа зрэзаную траву.

А днямі да добраўпарадкавання месца адпачынку актыўна далучылася яшчэ адна сям’я. Ала Фёдараўна Кавалёва і яе спадарожнік жыцця Віктар Аляксандравіч Фёдараў большую частку года жывуць у Санкт-Пецярбургу, аднак у кожны свой прыезд ва Ушачы імкнуцца зрабіць нешта карыснае па навядзенні парадку ля дома. Усяго на некалькі дзён прыехалі з Далёкага Усходу дачка Алы Фёдараўны Алеся Андрушчанка з мужам Андрэем, але знайшлі час, каб паўдзельнічаць у працоўным дэсанце: высеклі кустоўе і сучча, што перашкаджала людзям спускацца на пляж, зрабілі зручныя прыступкі на сцяжынцы. На пытанне аб тым, што прымусіла траціць дні водпуску на дабрачынную працу, Андрэй адказаў: “А як жа інакш? Мы пастаянна ходзім тут на рэчку – трэба, каб дарога была добрай. Ды і ўвогуле не люблю сядзець без справы – напэўна, гэта наша агульная славянская рыса”. А Мікалай Несцярэнка дадае: “Не магу спакойна глядзець, як зарастае наш цудоўны пляж. Тут жа бавяць час нашы дзеці!” І сапраўды, для маленькіх жыхароў наваколля гэта любімае месца. Яны не толькі загараюць і купаюцца, але і вудзяць рыбу. Дарэчы, Мікалай – заўзяты аматар гэтай справы – стварыў на беразе своеасаблівы дзіцячы рыбалоўны клуб: ахвотна дзеліцца з маленькімі калегамі і сакрэтамі майстэрства, і прынадамі. А з якім гонарам хлопчыкі і дзяўчаткі дэманструюць дзядзю Колю выцягнутую плотачку ці печкура! Няма сумненняў, што праведзеныя ля ракі цёплыя летнія дні і дзеці, і дарослыя будуць прыгадваць з асалодай.

Н.БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Обустроенный речной пляж по улице Садовой в г.п.Ушачи – заслуга местных жителей

  1. Огромное СПАСИБО за активную помощь!!! А ведь действительно-кто????,если бы ни эти замечательные люди??!! Молодцы!!!!Народ,присоединяемся,а не только оставляем на пляже мусор,бутылки.Город наш-давайте делать его лучше и краше!!!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *