Мать погибшего воина-интернационалиста Валентина Александровна Клачок: «Жить дальше заставили дети…»

Наш современник

Невялікая вёска Дубінец прыгожая і асаблівая. Узяць хаця б той факт, што з дзевяці яе цяперашніх жыхароў толькі трое належаць да слабага полу. Прынамсі, да якога ж слабага? Зусім наадварот: гэтыя вясковыя жанчыны такія моцныя, столькі ўсяго вынеслі на сваіх плячах…

Адна з іх – Валянціна Аляксандраўна Клачок. Яе жыццё, дарэчы, магло быць зусім кароткім. Напэўна, многім знаёма гісторыя аб тым, як у час вайны карнікі пастроілі ў рад мірных жыхароў і пачалі расстрэльваць кожнага дзясятага. Маці славутага паэта Петруся Броўкі была дзявятай, але памянялася месцамі з маленькай дзяўчынкай, якая стаяла побач, са словамі: “Я сваё пажыла – жыві і ты…”. Той дзяўчынкай была гераіня гэтага аповеду.

Падоранае ёй жыццё Валянціна Аляксандраўна правяла ў родных мясцінах. Хіба што двойчы давялося ёй пабываць у Сярэдняй Азіі. Першы раз было гэта ў канцы 50-х, калі з маладым мужам Васілём і маленькай дачушкай Галяй рушылі разам з самай свядомай часткай савецкага народа ўздымаць Цаліну. “Маладыя былі, адчайныя! Каб купіць білеты, прадалі адзіную сямейную каштоўнасць – швейную машынку. Я ў паляводчую брыгаду трапіла, муж – у будаўнічую. Хоць і цяжка было працаваць, у памяці гэты час адлюстраваўся як самы яркі, цікавы, вясёлы. Аднак надоўга там не засталіся, бацькі ўгаварылі вярнуцца дадому”, – прыгадвае жанчына. Праз невялікі час у сям’і нарадзілася яшчэ двое дзяцей – сынок Саша і дачушка Жэнечка. Каб пракарміць вялікую сям’ю, трэба было больш зарабляць. Працавалі ў мясцовай гаспадарцы. Валянціна Аляксандраўна даглядала аж па 300 цялят – і гэта прытым, што свае дзеткі былі яшчэ зусім малыя. Добра, што ў Дубінцы тады шмат радні жыло, ды і суседзі дапамагалі – пачуюць, што немаўля ў хаце плача, прыйдуць, пакормяць, пераапрануць. Так і гадаваліся дзеці – а хутка ў сям’і Клачкоў іх стала ўжо чацвёра: на свет з’явіўся Коля. Так, у штодзённых клопатах, па-вясковаму немудрагеліста ішло жыццё, і толькі ў лютым 1983 года Валянціна Аляксандраўна зразумела, якім яно да гэтага часу было шчаслівым…

… Яе няўрымсліваму Сашу з дзяцінства было цесна ў родным Дубінцы. І хоць вельмі любіў ён матулю, казаў, што ніколі яе не пакіне, хлопца непераадольна прыцягвала неба. На шляху да сваёй мары ён скончыў у Віцебску школу ДТСААФ, у арміі прайшоў курс навучання, а калі вярнуўся ў вёску і па просьбе маці ўладкаваўся на ферму слесарам, вельмі нудзіўся і з нецярплівасцю чакаў выкліку на далейшую службу. Калі ж паштальён прынёс запаветную паперу, літаральна скакаў ад радасці, не заўважаючы слёз у матчыных вачах. Далей было ваеннае вучылішча, накіраванне ва Уладзівасток, вяселле з мясцовай дзяўчынай, а потым – Афганская вайна і каля 100 баявых вылетаў. 14 лютага 1983 года ў Валянціны Аляксандраўны нарадзілася ўнучка, а праз тыдзень раздаўся яшчэ адзін тэлефонны званок – хрыплаваты мужчынскі голас проста запытаў: “Дзе хочаце пахаваць сына?” Тую, другую ў жыцці паездку ў Сярэднюю Азію яны з мужам запомнілі да кожнай драбніцы. І зараз стаяць у вачах Валянціны Аляксандраўны невялікі аэрадром у туркменскім горадзе Мары, дзе дыслацыравалася ваенная часць, і чатыры труны экіпажа верталёта, які разбіўся пры невядомых абставінах. Прыгадваецца абгарэлы твар сына, які так і не пабачыў нованароджаную дачушку, і тое, як нясцерпна хацелася ёй, не памятаючай сябе ад гора, каб разбіўся іх самалёт, на якім ляцелі ў зваротны шлях…

Такія раны не зажываюць ні за год, ні за дзесяць. Валянціна Аляксандраўна, якая ў той час працавала ў саўгаснай канторы сакратаром-машыністкай, намагалася заняць думкі работай, але калі ў пакой заходзілі хлопцы, падобныя па ўзросце на яе Сашу, вочы імгненна засцілалі слёзы, а пальцы дрыжэлі і не траплялі па клавішах машынкі. Жыць далей прымушала толькі тое, што яшчэ трое дзяцей мелі патрэбу ў яе любові і клопаце.

Яны і зараз яе гонар і галоўнае ў жыцці дасягненне. Трэба чуць, з якой пяшчотай расказвае жанчына пра сваю старэйшую дачку Галю, якая жыве ў далёкім Калінінградзе і працуе выхавацелем у дзіцячым садку. Таксама “зямная” прафесія ў Жэні – яна кандытар. Ужо даўно, пасля таго, як пайшоў з жыцця бацька, запрашае матулю жыць да сябе ў Наваполацк, але ж тая пакуль не пагаджаецца, трымае невялікую гаспадарку і кажа, што хоча як мага даўжэй захоўваць для любых дзяцей цеплыню бацькоўскага дома. Тым больш што ў гэтым ёй зараз дапамагае малодшы сын, які прыехаў да маці.

Зрэшты, некалькі тыдняў таму ў родным Дубінцы сабралася ўся іх вялікая сям’я, нават старэйшая дачка з Расіі прыехала: Валянціна Аляксандраўна адзначала ў лютым свой 80-гадовы юбілей. Запрасіла да святочнага стала, канечне, і суседзяў-вяскоўцаў, якія за пражытыя поруч гады сталі амаль роднымі. Завіталі з віншаваннямі і прадстаўнікі раённай улады. Такія падзеі пакідаюць у душы адметны след, бо паказваюць, што жыццё пражыта не дарэмна. А прыемным напамінам аб свяце стаў падораны дзецьмі сучасны тэлевізар. “Нават тэлебачанне ZALA ўжо паспелі падключыць!” – задаволена кажа Валянціна Аляксандраўна – радуецца, што яшчэ больш утульным стаў яе акуратны вясковы дом. Так хочацца, каб яшчэ доўга гарэла святло ў яго вокнах.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *