Победителем районного чемпионата по интеллектуальным играм среди школьников «Эрудит-2014» стала команда Глыбочанской школы

Наши земляки

Што атрымаецца, калі сабраць у адным памяшканні 48 самых разумных падлеткаў з усіх куточкаў Ушаччыны? Для адказу на гэтае простае пытанне не патрэбна мінута роздуму — вядома ж, раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў «Эрудыт-2014».

Ну а пытанні для яго ўдзельнікаў былі куды больш складанымі. Юным інтэлектуалам трэба было ведаць, што ў змяі больш 300 рэбраў, а кракадзіл — самая гучнагалосая жывёла, якой хуткасці дасягае вецер у смерчы, чым адрозніваецца арбалет ад алебарды і чаму эўкаліпт практычна не дае ценю, а таксама прыгадаць, якую фігуру выкраў Астап Бэндэр падчас шахматнай гульні з аднавокім аматарам. Былі пытанні, якія паставілі ў тупік ігракоў усіх васьмі каманд, няпростай, напрыклад, аказалася тэма фізікі, а вось камп’ютарная асаблівых цяжкасцяў не выклікала. Былі і пытанні, на якія правільны адказ далі ўсе — напрыклад, аб трыумфальным выступленні беларускі Дашы Домрачавай на сочынскай Алімпіядзе. Што датычыцца агульных вынікаў, то стабільна трывалыя веды паказалі інтэлектуалы з Плінскай школы, якія набралі трэцюю суму балаў. Удала выступіла ўшацкая каманда, заваяваўшы другое месца. Ну а абсалютна лепшымі сталі сёлета глыбачанскія школьнікі — яны ўпэўнена перамаглі ў абодвух этапах турніру — «Сваёй гульні» і «Што? Дзе? Калі?». Цікава, што летась, калі каманда стала другой, яе капітанам была Юлія Чыграй, сёлета ж да перамогі Аляксандру Лях, Вікторыю Сурынаву, Яну Буглак, Аляксандра Брыціка і Міхаіла Сапегу вёў яе малодшы брат, дзевяцікласнік Васіль — такая вось сямейная дынастыя эрудытаў.

— Інтэлектуальныя гульні ў нашай школе — адзін з любімых заняткаў, — пракаменціравала перамогу сваіх падапечных педагог-арганізатар Глыбачанскай СШ Віялета Мікалаеўна Перапечка. — Прычым, удзельнічаюць у іх не толькі вучні, але і педагогі на чале з дырэктарам школы Віктарам Пятровічам Котавым — менавіта ён быў капітанам каманды, што выйграла турнір, які мы праводзілі на Дзень настаўніка.

Ну а граматы і прызы пераможцам і прызёрам «Эрудыта-2014» уручыла старшыня журы — спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Іванаўна Гардзіёнак, якая выказала агульную думку: вельмі прыемна, што ў нашым раёне столькі цікаўных, дапытлівых, інтэлектуальна развітых юнакоў і дзяўчат.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *