Начальник отделения ГАИ Е.Ф. Ковнурка об ушачских водителях, велосипедистах и пешеходах

Закон - один для всех Наш современник

Спыніў неяк супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі аўтамабіль і, правяраючы ў вадзіцеля дакументы, пацікавіўся, ці ведае той мясцовага начальніка ДАІ. «Ды нейкага маладога хлопца з Полацка нядаўна прыслалі», — адказаў шафёр. «Ну, тады давайце знаёміцца, — усміхнуўся чалавек у пагонах, — я і ёсць той самы малады полацкі хлопец». Гэта не выдуманая гісторыя, а рэальны выпадак, які адбыўся нядаўна ў нашым раёне. Вадзіцель транспартнага сродку, сапраўды, не ведаў, як выглядае начальнік аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі, таму і трапіў у няёмкую сітуацыю. Каб такога не паўтарылася з нашымі чытачамі, мы вырашылі пазнаёміць іх з «генералам» ушацкіх дарог Я.Ф.Каўнуркам.

Старшы лейтэнант міліцыі Я.Ф. Каўнурка — ураджэнец вёскі Блізніца Полацкага раёна. Мае вышэйшую адукацыю: завочна скончыў юрыдычны факультэт ПДУ па спецыяльнасці «правазнаўства». З 2001 па 2013 гг. працаваў дзяржаўтаінспектарам у Полацку, а на працягу апошняга года — старшым дзяжурным Ушацкага РАУС. З 14 кастрычніка Яўген Фёдаравіч назначаны на пасаду начальніка аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі.

— Яўген Фёдаравіч, па доўгу службы Вам даводзіцца пастаянна мець зносіны з аўтамабілістамі. А Вы самі калі ўпершыню селі за руль?

— Магу назваць нават дакладную дату — 27 красавіка 1999 года (усміхаецца). Праўда, гэта ўжо ў ролі кваліфікаванага вадзіцеля, бо атрымаў правы. Вядома ж, дагэтуль быў невялікі вопыт кіравання падчас вучобы ў аўташколе. Маю катэгорыі А, В, С.

— З 16 студзеня бягучага года дзяржаўтаінспектары пачалі штрафаваць аўтаўладальнікаў за адсутнасць на транспартным сродку зімніх шын. А Вы паспелі «пераабуць» уласнае аўто?

— Канечне, яшчэ ў верасні. У тым, што зімнія шыны рэальна дапамагаюць пазбегнуць трагедыі, за гады службы ўпэўніваўся не раз.

— Доўгі час працавалі ў Полацку. Сітуацыя на дарогах там і на Ушаччыне чым-небудзь адрозніваецца?

— Так, ва Ушачах вадзіцелі больш дысцыплінаваныя і выхаваныя. А вось веласіпедысты, наадварот, пакуль менш клапоцяцца пра бяспеку і часта ігнаруюць рэкамендацыю нашэння святлоадбівальных камізэлек. Хачу папярэдзіць усіх удзельнікаў дарожнага руху: я вельмі прынцыпова адношуся да неабходнасці выкарыстання ў цёмны час сутак флікераў.

— А як ацэньваеце стан ушацкіх дарог?

— Яны не горшыя, чым у іншых рэгіёнах. Дарэчы, стан дарожнай сеткі рэгулярна правяраем. Падчас нясення службы супрацоўнікі ДАІ заносяць у спецыяльны дзённік заўважаныя недахопы, а пазней адказным асобам ці арганізацыям высылаюцца прадпісанні на іх ухіленне, апавяшчэнні аб штрафах.

— Часам парушальнікі правілаў дарожнага руху выкарыстоўваюць шырокі спектр уловак, тыпу: «перавысіў хуткасць, бо вязу жонку ў раддом» або «не ўбачыў знак ці асляпіла сонца». Ці праходзяць такія трукі з Вамі?

— Звычайна вельмі строга прытрымліваюся літары закону і лічу, што дарога — не месца для жартаў. Між тым, сітуацыі бываюць розныя. Калі бачу, што парушэнне нязначнае, а чалавек, які яго дапусціў, разумее сваю віну, магу «заплюшчыць вочы» на ўчыненае. Аднак бывае гэта рэдка.

— А за якія правапарушэнні караеце найбольш жорстка?

— За язду ў нецвярозым стане, а таксама за любое парушэнне, якое ўяўляе небяспеку для жыцця іншых удзельнікаў дарожнага руху, асабліва дзяцей.

— Прыгадайце самую страшную аварыю, якую даводзілася бачыць.

— Гады два назад на аўтадарозе «Полацк-Мінск» каля вёскі Гомель прычэп грузавой машыны адчапіўся і выехаў на сустрэчную паласу, дзе ўрэзаўся ў джып. Вадзіцеля разарвала на кавалкі, пасажыры — жанчына і маленькае дзіця — у цяжкім стане былі дастаўлены ў бальніцу.

Не сакрэт, што многія грамадзяне з пэўнай доляй негатыву адносяцца да прадстаўнікоў нашай прафесіі, маўляў, толькі і робяць, што стаяць на трасе і шукаюць, да чаго прычапіцца. Але ж мы кантралюем, а калі трэба — караем, менавіта для таго, каб менш было апісаных вышэй жудасных выпадкаў, каб вы, паважаныя вадзіцелі і пешаходы, спакойна адчувалі сябе на дарозе.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *