Где можно подзаработать молодёжи Ушаччины в летнее время?

Образование и молодежь

З наступленнем лета школьнікі адклалі ўбок падручнікі і сшыткі, а студэнтам засталося толькі паспяхова здаць экзамены. І зноў многія задумваюцца, адпачыць у перыяд канікул ці паспрабаваць знайсці часовую работу, каб менш залежыць ад бацькоўскага бюджэту. У вялікіх гарадах аплачваемых працоўных месцаў, якія не патрабуюць спецыяльнай адукацыі і ўменняў, канечне, больш. А што можна знайсці ў такім раёне, як наш?

Пытанне занятасці школьнікаў у канікулярны перыяд на Ушаччыне заўсёды знаходзіцца на асаблівым кантролі зацікаўленых служб. Вось і сёлета для юнакоў і дзяўчат падрыхтаваны самыя розныя варыянты часовай занятасці. Ужо ў чэрвені 15 вакансій прапануе лясгас – прэтэндаваць на іх можа вялікадолецкая моладзь ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў (работы будуць забяспечвацца мясцовым лясніцтвам). Яшчэ 7 месцаў выдзеліць жыллёва­камунальная гаспадарка – ушацкія школьнікі будуць заняты на добраўпарадкаванні тэрыторыі. У ліпені запросяць да сябе школьнікаў КУСГП “Глыбачаны” і “Дземенец” у колькасці 10 і 8 чалавек адпаведна. 7 вучняў змогуць прыняць удзел у зборы ягад для райспажыўтаварыства. Студэнтаў, якія атрымліваюць педагагічныя спецыяльнасці, запрашае да сябе лагер “Полымя”, што ў Маскоўскай вобласці. Ён прапануе бясплатнае харчаванне, пражыванне і заработную плату (аклад выхавацеля – 17 тысяч 442 рас.руб). Ад маладых людзей спатрэбіцца праходжанне медкамісіі, даведка аб несудзімасці (платная), а таксама выдаткі на праезд да Масквы, электрычкай да лагера, страхоўка, першапачатковы ўзнос. Другая змена ў “Полымі” распачнецца 22 чэрвеня. Інфармацыю пра наяўнасць вакансій на яе можна ўдакладніць у райкаме БРСМ.

Каардынуе і кантралюе дзейнасць студатрадаў і працаўладкаванне непаўналетніх на Ушаччыне спецыяльны аператыўны штаб, створаны яшчэ ў красавіку. Яго кіраўнік – намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч, намеснік – першы сакратар райкама БРСМ Ірына Ціханава. Па іх словах, за працоўны семестр 2015 года ў раёне ўсімі відамі занятасці плануецца ахапіць 100 маладых людзей, у тым ліку 90 непаўналетніх. Акрамя таго для маладых людзей, занятых карыснай справай, будзе арганізаваны шэраг культурных мерапрыемстваў. Па заканчэнні ж працоўнага семестру актывісты атрадаў атрымаюць заслужаныя ўзнагароды.

Для таго каб трапіць гэтым летам у студатрад, маладым людзям неабходна напісаць заяву ў райкам БРСМ, прынесці ксеракопію пашпарта, пісьмовы дазвол ад бацькоў (для непаўналетніх), а таксама прайсці медкамісію. Дарэчы, апошняя для членаў БРСМ – бясплатная. З усімі пытаннямі па летнім працаўладкаванні можна звярнуцца ў райкам БРСМ ці па нумарах: 2­77­84, 279­30­13 (МТС).

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *