Спортивные умения и звёздные выступления учеников Великодолецкой школы

Cпорт Здравоохранение Мир увлечений Наши дети Образование и молодежь

Тое, што ў Вялікадолецкай школе рыхтуюць добрых спартсменаў, пастаянна даказваюць вынікі спаборніцтваў, што праходзяць у раёне. Аднак жа сёлетнія дасягненні вялікадальчан пераўзышлі ўсе чаканні: у выпрабаваннях круглагадовай спартакіяды яны аказаліся на галаву вышэй сваіх аднагодак з усіх школ Ушаччыны, паказалі клас на вобласці, адстойвалі гонар не толькі раёна, але і ўсёй Віцебшчыны ў рэспубліцы.

Адным з яркіх спартыўных дасягненняў Вялікадолецкай школы сёлета стала перамога ў раённых спаборніцтвах па лыжных гонках, стральбе з пнеўматычнай зброі і біятлоне “Снежны снайпер”. Мала таго, што ўдалося вырваць перамогу ў сапернікаў адразу ў дзвюх узроставых катэгорыях, дык яшчэ школьнікі названай установы “засвяціліся” ў асабістым заліку. І калі раней для ўдзелу ў абласным этапе спаборніцтваў каманду збіралі з ліку прадстаўнікоў розных школ раёна, то сёлета ўсе месцы без выключэння дасталіся вялікадальчанам. Адстойвалі гонар Ушаччыны Анастасія Хадан, Арцём Полазаў, Мікіта Хамічонак і Ксенія Падворная (каманда малодшай узроставай групы), а таксама  Яўген Альбіновіч, Максім Смаляк, Марыя Рабыка і Паліна Кісель (каманда старэйшай узроставай групы). Юныя спартсмены нашага раёна выклаліся на ўсе сто, аб чым сведчылі вынікі спаборніцтваў. Наша каманда малодшай узроставай групы заняла другое месца ў агульным заліку. У асабістым першынстве Арцём Полазаў стаў першым па стральбе і другім у біятлоне. Мікіта Хамічонак у гэтых жа відах заняў трэцяе і чацвёртае месцы, а Ксенія Падворная другое і чацвёртае. Каманда старэйшай узроставай групы стала трэцяй. У асабістым першынстве выдатную стральбу паказалі Паліна Кісель і Марыя Рабыка, якія занялі ў названым відзе першае і трэцяе месцы адпаведна. Па выніках абласных спаборніцтваў  у агульным заліку зборная каманда Ушацкага раёна заняла другое месца з 27 (!) каманд-удзельніц. Некаторыя школьнікі ўвайшлі ў склад зборнай каманды Віцебскай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах “Снежны снайпер”, дзе таксама добра выступілі.

– У чым жа сакрэт такога поспеху? – спыталі ў настаўніка фізічнай культуры і спорту Вялікадолецкай школы Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага.

– У пастаянных трэніроўках і прагі юных спартсменаў да высокіх вынікаў. Зразумела, адных урокаў фізкультуры тут недастаткова, трэба пастаянна “трымаць руку на пульсе”, штодня займацца, не шкадуючы сіл. Менавіта для гэтага збіраемся на трэніроўкі два разы на дзень: раніцай і ўвечары.

У.М.Лапіцкі ўпэўнены: неабходная база для спартыўных поспехаў закладваецца ў чалавеку яшчэ ў маленстве. А таму, калі на заняткі да яго ў пятым класе ўпершыню прыходзяць дзеці, ён адразу бачыць, ці ёсць спартыўнае будучае ў гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак. Канечне, у любым узросце можна зацікавіць чалавека спортам, навучыць пэўным азам, падцягнуць у плане фізічнай падрыхтоўкі, аднак, калі ў яго няма спартыўнай жылкі, то спорт, хутчэй за ўсё, застанецца ў яго жыцці толькі захапленнем. Развіць жа гэтую жылку могуць (і павінны!) педагогі дашкольных устаноў, настаўнікі пачатковых класаў, ну і, канечне ж, бацькі. Дарэчы, за разуменнем і дапамогай апошніх Уладзімір Мікалаевіч перыядычна звяртаецца.

– Калі бачыш у маладым чалавеку спартыўную іскру, але па нейкіх прычынах не можаш у адзіночку паўплываць на свядомасць юнака, каб прыцягнуць да ўдзелу ў трэніроўках – тады іх таты і мамы – першыя памочнікі,  – прызнаецца У.М.Лапіцкі. – Радуе, што і адміністрацыя школы заўсёды ідзе насустрач: дапамагае ў арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў, забяспечвае неабходным інвентаром і нават часам “закрывае вочы” на адпрошванні школьнікаў з урокаў з мэтай трэніроўкі перад маштабнымі спартыўнымі мерапрыемствамі.

Па словах педагога, у яго выхаванцаў пакуль яшчэ ёсць слабыя месцы па лыжным спорце. І гэтую акалічнасць яны спраўна выпраўляюць: ля школы праклалі лыжню, пастаянна трэніруюцца, а ў міжсезонне ўзнаўляюць навыкі на лыжаролерах. Аднак нават гэтага, упэўнены У.М.Лапіцкі, для ўдзелу ў спаборніцтвах вышэйшага за раённы ўзроўню недастаткова. У лыжным спорце немалаважная роля належыць спецыяльным сродкам для апрацоўкі інвентару. Гэта цэлая навука – выбраць падыходзячую па ўмовах нарвор’я мазь, правільна падрыхтаваць да старту лыжы. Крыху недамазаў ці перабраў – адразу можна ставіць крыж на выніках лыжнага прабегу. На шчасце, заўзяты аматар спорту і, у прыватнасці, лыжных гонак У.М.Лапіцкі добра ведае, як апрацоўваць лыжы. Гэтыя ж, мякка кажучы, зусім не танныя мазі настаўнік набывае за ўласныя сродкі ў спецыялізаваных магазінах – чаго толькі не зробіш для добрых вынікаў сваіх выхаванцаў!

Сказаць, што ва Уладзіміра Мікалаевіча і яго вучняў наладжаны добрыя, сяброўскія адносіны – гэта нічога не сказаць. Трэба чуць, з якім гонарам і любоўю расказвае настаўнік пра кожнага свайго юнага спартсмена, з якім хваляваннем успамінае недарэчныя выпадкі, якія адбываліся з яго школьнікамі. І дзеці адчуваюць гэтыя цёплыя адносіны да сябе з боку патрабавальнага, строгага, але заўсёды шчырага і справядлівага педагога – нібы “хвосцікі”, ходзяць за ім, каб дамовіцца аб трэніроўцы. А калі ёсць на каго раўняцца, у каго вучыцца – поспехі не прымусяць сябе доўга чакаць. Гэта пацвердзілі і апошнія зорныя выступленні вялікадолецкіх школьнікаў на “Снежным снайперы”. І іх перамога – невыпадковая ўдача. Выхаванцы Уладзіміра Мікалаевіча паказваюць добрыя вынікі па многіх відах на працягу ўсёй шматгадовай дзейнасці педагога.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *