Профессиональные действия ушачских спасателей помогли оперативно потушить жилой дом в деревне Атрошково

Cлужба-101

Праглядваючы навіны аб пажарах у газетах і на тэлебачанні, большасць людзей упэўнены, што з імі такога не здарыцца. Не думалі, што адбудзецца падобнае, гаспадары аднаго з дамоў і іх суседзі ў вёсцы Атрошкава Сарочынскага сельсавета. Ноччу 11 чэрвеня тут загарэўся жылы дом, узнікла пагроза ўзгарання і суседскага, але хутка  прыбыўшыя да месца здарэння пажарныя змаглі справіцца з агнём.

Нядаўна ў рэдакцыю завітаў Цімафей Аляксандравіч Маковіч, каб праз газету выказаць удзячнасць ушацкім выратавальнікам.

– Мой дом знаходзіцца ўсяго ў некалькіх метрах ад суседскага, які загарэўся ў гэтую ноч. Там на той момант знаходзілася мая дачка са сваёй сям’ёй. Толькі ўявіце сабе, як гэта страшна, калі зусім побач гарыць дом і ёсць пагроза, што загарыцца і твой! Добра, што не было ветру ў гэты час. Ад імя ўсёй маёй сям’і я хачу выказаць словы ўдзячнасці выратавальнікам, якія хутка прыбылі да месца, змаглі справіцца з агнём і выратаваць іншыя пабудовы. Іх нялёгкая праца заслугоўвае добрых слоў.

У гэты ж дзень на парозе аварыйна-выратавальнай пажарнай часці №1 з’явілася гаспадыня дома, які загарэўся ў Атрошкаве, мэта візіту якой – таксама ўдзячнасць прадстаўнікам  гэтай прафесіі.

– Не думала, што такая бяда прыйдзе ў наш дом, бо, здаецца, не ігнаравалі правілы пажарнай бяспекі, нічога не прадвяшчала няшчасця, а ўначы прачнуліся ад паху дыму, усё мацней разгараўся ў адным з пакояў агонь. Нам з сынам удалося выратавацца праз акно і выклікаць пажарную службу, – расказвае В.І.Каваленка, – чатыры машыны прыбылі хутка і выратавальнікі зрабілі ўсё, што ад іх залежыла. Канечне, дом пашкоджаны агнём, але ж каб не іх прафесійныя дзеянні, наогул маглі застацца на адным папялішчы. Я вельмі ўдзячна людзям, якія неслі службу ў тую ноч, хацелася б даведацца іх імёны, сказаць “дзякуй”, пажадаць ім, а таксама ўсім пажарным, здароўя і каб меней было такіх трывожных выклікаў.

На гэты пажар былі накіраваны два пажарныя разлікі з Ушач, а таксама выратавальнікі з пажарных аварыйна-выратавальных пастоў Пліна і Глыбачкі. Змагацца з агнём у Атрошкаве ў тую ноч давялося Максіму Дукмасаву, Аляксандру Васілеўскаму, Ільі Крывапушчанку, Сяргею Сысу, Уладзіміру Лісічонку, Аляксандру Чарнышову, Уладзіміру Жогалю, Дзмітрыю Цюкалу, Алегу Крыскевічу і Яўгену Ціханаву.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *