Председатель Ушачского райисполкома В.В.Родич провёл «прямую линию» с жителями района

Зваротная сувязь

Старшынёй райвыканкама Віктарам Віктаравічам Родзічам у чэрвені было праведзена дзве “прамыя лініі” з насельніцтвам Ушаччыны. Час на іх адводзіцца традыцыйна працяглы, каб літаральна ўсе жадаючыя маглі агучыць свае праблемы. Прыемна, што колькасць тэлефанаванняў да кіраўніка раёна зніжаецца, што сведчыць як пра даступнасць людзям агучыць свае набалелыя пытанні, так і пра тое, што ўшачане вырашаюць іх з непасрэднымі выканаўцамі, а да кіраўніка раёна звяртаюцца, калі атрымоўваюцца замінкі ці калі на раённым узроўні іх не вырашыць.

Так, Н.С.Спірыдзёнак з Чарсцвяд прасіла зрабіць аўтобусны прыпынак бліжэй да дома, паколькі ёй, ды і пажылым суседзям, цяжка дабірацца да існуючага ў вёсцы прыпынку. Паколькі такія пытанні ўзгадняюцца з многімі службамі, запыт пра магчымасць зрабіць прыпынак па патрабаванні дасланы ў дарожную службу, на балансе якой знаходзіцца дарога Ушачы-Бешанковічы. Таксама ва ўчастак філіяла АТП №6 накіравана просьба жыхароў Заазер’я аб заездзе аўтобуса.

Н.В.Глінская непакоілася, што заканчваюцца тэрміны дакументаў на атрыманне крэдыту, а не было акта выкананых работ. У арганізацыю, праўда, яна звярталася толькі вусна (гэта напамін усім, што пры падачы пісьмовай заявы існуе і канкрэтны тэрмін рэагавання на яе, як правіла месячны). У выніку крэдыт жанчына ўжо атрымала.

Работнікі камунгаса прыступілі да ўстаноўкі мастка паміж вуліцамі Каранеўскага і Першамайскай, у гэтым месяцы паабяцалі адрамантаваць (падсыпка і грэйдзіраванне) і вуліцу Данукалава. Баршчэўнік жа ля пляжа на возеры Чаравэчча абкошваецца рэгулярна. У летні перыяд будзе таксама выканана просьба жыхароў Градзянца аб заліўцы адмосткі.

Два тэлефанаванні датычыліся дарожнай службы: жыхары Дворыцы скардзіліся на размытую дарогу і на тое, што яна не абкошваецца, а ў Белым чакаюць расчысткі і цікавіліся, ці можна самім высякаць падыходы да возера. Паколькі работы ў водаахоўнай зоне практычна забаронены, удакладняць канкрэтныя віды і месца неабходна з інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і мясцовымі сельвыканкамамі.

А.Р.Пахілка непакоіўся, што забарона на наведванне лясоў перашкаджае аматарам ціхага палявання ў зборы ягад. Прапаноўваў ушачанін, які ведае, што ў 70 працэнтаў лясных пажараў павінен чалавек, не штрафаваць тых, хто ў лесе без запалак і цыгарэт. Паколькі такое размежаванне зрабіць для наведвальнікаў немагчыма, кіраўнік раёна даручыў начальніку аддзела па надзвычайных сітуацыях ацаніць пажаранебяспечны стан з улікам прайшоўшых дажджоў. Інфармацыю аб адмене забароны мы паведамім праз газету, пакуль што па Віцебскай вобласці забарона не здымалася ні ў адным з раёнаў.

Жыхарка Наваполацка, якая даглядае хворага бацьку, выказала шэраг парад па больш эфектыўнай рабоце камунальнай службы, спаслаўшыся на вопыт горада нафтавікоў. А старшыня ветэранскай арганізацыі аграгарадка Арэхаўна прасіла абкасіць дарогу і адведзенае пад новыя могілкі месца. Паступіла і традыцыйнае для нашага раёна пытанне наконт барацьбы з баршчэўнікам. Дарэчы, хочацца прыгадаць ушачанам, што каб не дапускаць яго распаўсюджання каля дамоў, зараз, калі ён зацвіў, але насенне яшчэ не выспела, дастаткова не выкарчоўваць, а толькі збіць ці зрэзаць кветканос: – такім чынам і насенне не выспее, і сама расліна загіне.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *