Главное — быть востребованным специалистом. Председатель Ушачского райисполкома В.В.Родич встретился с работающей молодёжью

Образование и молодежь

У мінулую сераду малую залу пасяджэнняў райвыканкама запоўнілі маладыя прадстаўнікі з розных прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны. Напярэдадні маладзёжнага свята кіраўнік раёна В.В.Родзіч правёў сустрэчу з працуючай моладдзю.

Рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў краіне і ў нашым раёне ўвага ўдзяляецца заўсёды, асабліва ў сёлетні Год моладзі. Аб гэтым расказала ў сваім выступленні галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.І.Гардзіёнак. Віктар Віктаравіч жа вырашыў правесці сустрэчу з моладдзю ў форме шчырай размовы.

Паколькі на мерапрыемстве прысутнічалі лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў, тыя, каму смела давяраюць нават самыя складаныя справы, то немагчыма было не закрануць тэму перспектыўнага кадравага рэзерву. Не трэба баяцца браць высокую планку, трэба павышаць свае навыкі, прафесійны ўзровень, ісці далей, а ў якасці прыкладу В.В.Родзіч прыгадаў свае гады вучобы ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

– У апошні час моладзь усё больш імкнецца ў вялікія гарады, але там намнога складаней праявіць сябе. Галоўнае ж у прафесійным шляху – быць запатрабаваным спецыялістам – і ў нашым гарпасёлку больш шанцаў стаць менавіта такім. У раёне пражывае каля 1800 чалавек ва ўзросце да 31 года, гэта невялікая лічба, і ўсе вы, як кажуць, на віду, – адзначыў Віктар Віктаравіч.

Папрацаваўшы, моладзь любіць і адпачыць, з карысцю правесці свой вольны час. Вялікім крокам наперад у гэтым плане і для маладых людзей Ушаччыны будзе ўвод у эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе размесцяцца не толькі спартыўныя пляцоўкі, а і басейн, кафэ. Прадаўжаючы тэму адпачынку, старшыня райвыканкама параіў маладым людзям адпачываць і ў нашых “Лясных азёрах”, тым больш што зрабіць гэта можна з дапамогай прафсаюзных арганізацый калектываў. Дарэчы, нядаўна нашаму санаторыю дало вельмі высокую адзнаку кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў.

Наколькі добра сучаснае пакаленне ведае гісторыю свайго краю, высветлілася пры абмеркаванні тэмы пра памятныя мясціны Ушаччыны. Аказалася, што ўрокі гісторыі для многіх прайшлі недарэмна, усе добра ведаюць сваіх славутых землякоў, хаця і не ўсім, напрыклад, удалося пабываць у Пуцілкавічах. Былі закрануты і тэмы грамадскіх арганізацый, перспектыўных галін у будучым і многае іншае.

Падчас сустрэчы абсалютна кожны з прысутных меў магчымасць задаць кіраўніку раёна сваё хвалюючае пытанне. Асабіста мяне здзівіла, што пытанняў было вельмі мала. Магчыма, гэта сведчыць аб тым, што ўсе яны вырашаюцца на месцах, што ў моладзі не ўзнікае набалелых і вострых праблем. Адно з пытанняў датычылася работы трэнажорнай залы. Бегавая дарожка і іншыя трэнажоры выйшлі са строю і не рамантуюцца. Калі хлопцам яшчэ можна пазаймацца з сілавымі трэнажорамі, то дзяўчатам, атрымліваецца, няма чаго там рабіць.

Прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы таксама агучылі не асабістае пытанне, а тое, якое хвалюе вельмі многіх, прычым не толькі моладзь: калі будзе адрамантавана другая частка тэрапеўтычнага аддзялення ва ўстанове.

Калі ў пачатку сустрэчы з кіраўніцтвам запрошаныя маладыя людзі адчувалі сябе няёмка, хваляваліся, то напрыканцы нават не хацелі разыходзіцца і выказвалі пажаданні, каб такія мерапрыемствы былі традыцыйнымі. А яны, дарэчы, такімі і з’яўляюцца – кіраўніцтва раёна кожны год праводзіць сустрэчы з маладымі спецыялістамі Ушаччыны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *