Украденые деньги и электробритва. Материалы из зала суда Ушачского района

Закон - один для всех

ЧАРГОВАЯ НЯЎДАЧА

У свае 42 гады ўраджэнец Полацка, зараз – жыхар вёскі Завячэлле Ушацкага раёна паспеў займець ажно 9 судзімасцей. Прычым, усе – па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: за крадзяжы з пранікненнем у жыллё, здзейсненыя групай асоб ці паўторна. Не ўстрымаўся Ш. ад чарговай “ходкі” і сёлета. У студзені разам з аднавяскоўцам Б. 1986 года нараджэння зайшлі да суседзяў, якія днямі атрымалі пенсію. Сустрэча была адзначана застоллем. Вось толькі выпітае хутка “скасіла” гаспадароў – яны заснулі. Госці ж, схадзіўшы за дагонам, праз некаторы час вярнуліся. Вось тут у іх і выспеў план далейшых дзеянняў. Акуратна выцягнуўшы з­-пад падушкі, на якой спала гаспадыня, кашалёк, мужчыны ўзялі не ўсе наяўныя, а толькі 800 тысяч – відаць, паспадзяваліся, што згуба застанецца незаўважанай. Большую частку гэтай сумы патрацілі на віно і прадукты ў магазіне і кафэ вёскі Сарочына.

Вывесці ж зламыснікаў на чыстую ваду дапамагла пільнасць пацярпелых. Тыя, прачнуўшыся раніцай, адразу заўважылі, што кашалёк ляжыць на іншым месцы. Пераразлік грошай пацвердзіў непрыемную здагадку. І хоць нячыстыя на руку мужчыны хутка пакрылі нанесены ўрон, суд прызнаў іх вінаватымі і назначыў пакаранне Б. у выглядзе 3 месяцаў арышту, а рэцыдывісту Ш. – пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

АБЧЫСЦІЛА ТАВАРЫШАЎ

І без таго важкі крымінальны вопыт (дагэтуль сем судзімасцей) папоўніла ў жніўні 2014-­га жыхарка г.п.Ушачы 1978 года нараджэння. Зайшоўшы ў госці да свайго знаёмага, грамадзянка А. прыкмеціла за шкляной дверцай буфета дастаткова дарагую электрабрытву. Калі ж гаспадар на хвілінку выйшаў з пакоя, прысвоіла прыбор, схаваўшы яго ў рукаве сваёй курткі. Пазней гэтую здабычу яна прадала на рынку.

Праз тры месяцы А. зноў узялася за сваё. Калі другі яе знаёмы папрасіў купіць за яго грошы выпіўку і тое­сёе з прадуктаў, жанчына згадзілася. Пакуль жа заказчык разглядваў прынесеныя пакупкі ў пакеце, А. непрыкметна выцягнула з яго кішэні 1,2 мільёна рублёў. Такую лёгкую здабычу грамадзянка некаторы час адзначала спіртным, а ўвечары вырашыла працягнуць аперацыю. Ведаючы, што дом мужчыны не зачыняецца, а гаспадар хутчэй за ўсё спіць, яна пранікла ў памяшканне, дзе і знайшла кашалёк з 4 мільёнамі 950 тысячамі. Радасці грамадзянкі не было межаў, здабытае актыўна траціла на алкаголь. Вось толькі працягнулася гэтае свята жыцця не доўга – А. трапіла пад увагу праваахоўнікаў, а ў адносінах яе была ўзбуджана крымінальная справа.

Суд прызнаў грамадзянку вінаватай у крадзяжы, здзейсненым паўторна, з пранікненнем у жыллё, і назначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады шэсць месяцаў у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

М.КАСТАГРЫЗАЎ,
суддзя суда Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *