Автобусная остановка, новый асфальт, берёзовая роща. Вести из сельсоветов Ушачского района

Общество

Глыбачанскі

Аўтобусны прыпынак
Неаднойчы звярталіся жыхары вуліц Паўднёвая і Лясная аграгарадка Глыбачка да кіраўніцтва раёна і сельвыканкама, каб на выездзе з яго быў зроблены аўтобусны прыпынак. Бо тым, хто ехаў на Полацк, трэба было амаль кіламетр ісці з сумкамі ў цэнтр, і таксама вяртацца назад. Хоць будаўніцтва прыпынка не было ў планах ДРБУ-105, яго абсталявалі гаспадарчым спосабам – і цяпер там спыняецца аўтобус. Старэйшына аграгарадка Алена Маслюк дзякуе дарожнікам за работу як ад імя насельніцтва прыгаданых працяглых вуліц, так і вёсак Якаўкі і Сонькін Рог, якім таксама стала бліжэй дабірацца дадому.

Пагрунтавелі палявыя
дарогі ў вёсках Капусціна і Усвіца. За сродкі сельвыканкама, выдзеленыя на добраўпарадкаванне, камунгас падсыпаў цяжкапраходныя месцы гэтых вясковых дарог і разраўняў іх. Тры тысячы рублёў выкарыстаюць на выдаленне аварыйных дрэў. Самыя высокія і тыя, што пагражаюць пабудовам, выдалялі ў аграгарадку альпіністы, з астатнімі, як і на могілках вёскі Рацькава, самастойна справіліся камунгасаўцы.

Жарскі

Развіццё аграгарадкоў

На мінулым тыдні для жыхароў вуліц Сонечная і Садовая Ільюшына адбылася доўгачаканая падзея. Завяршылася асфальтаванне вуліц катэджнай забудовы, палатно якіх знаходзілася ў нездавальняючым стане. Сродкі на добраўпарадкаванне дарог унутры аграгарадкоў выдзяляюцца згодна падпраграме “Добраўпарадкаванне” праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” і накіраваны на набліжэнне вясковых умоў жыцця да гарадскіх. Сёлета на гэтыя мэты было выдзелена 400 тысяч рублёў, а першая частка работ па Лясной і Маладзёжнай выканана яшчэ летам. Тэндар на правядзенне работ па Сонечнай і Садовай выйгралі спецыялісты філіяла ДРБУ-105.
Летась за мэтавыя сродкі на развіццё аграгарадкоў у асфальт апрануліся некалькі вуліц Глыбачкі.

Месца спадабалася
Пустуючы дом у вёсцы Гута меркавалася прадаць за адну базавую велічыню, аднак жадаючых набыць яго аказалася больш, таму адбыўся аўкцыён, падчас якога цана з 45 рублёў вырасла да 1550. Месца на вуліцы ўздоўж рэчкі спадабалася віцябчанцы і мінчаніну, апошні і будзе адраджаць апусцелую сядзібу.

Ушацкі

Два прыпынкі ў Астравенцы
Яшчэ адзін запатрабаваны аўтобусны прыпынак абсталяваў філіял ДРБУ-105 на шашы Ушачы–Полацк паміж вёскай Астравенец і паваротам на Папоўку па шматлікіх просьбах жыхароў старой часткі вёскі, а таксама Крошына і Станулева. Няхай там няма крытага павільёна, затое дарога дадому стала карацей амаль на кіламетр. У пачатку ж Астравенца стары цагляны прыпынак ужо дэманціруецца і на яго месцы ўстанаўліваецца новы. Гэта планавы аб’ект дарожнікаў сёлетняга года. Паступова будуць мяняцца ўсе старыя аўтобусныя павільёны.

Кубліцкі

Вырасце бярозавы гай
Сто бярозак будуць шумець на месцы знесенага будынка дзіцячага садка ў аграгарадку. На пасадку выйшлі не толькі жыхары Кубліч, але і навакольных вёсак, а саджанцамі падзялілася мясцовае лясніцтва. Гэта ўжо трэці сквер аграгарадка на месцы былых пустыроў.

Яблыневы імянны
Вясной у Селішы быў закладзены яблыневы сад з гатункамі, якія носяць выключна жаночыя імёны. Імянным яго можна лічыць і таму, што ў кожнага саджанца ёсць свой гаспадар. А вось агульны ў садзе адзін – Дзмітрый Хамёнак, які даглядаў яго летам і падрыхтаваў да зімы: ахутаў ствол кожнага з 25 дрэўцаў, каб не пашкодзілі зайцы, а таксама ўстанавіў інфармацыйны стэнд, які ўтрымлівае здымак усіх удзельнікаў акцыі і будзе нагадваць пра час закладкі – Год беларускай жанчыны. Дарэчы, яблынек у садзе ўсё прыбаўляецца.

Арка з дахам
На селішчанскіх могілках завяршылася абнаўленне ўязной брамкі. Летам ініцыятыўная група займалася рамонтам цаглянай кладкі, а восенню над аркай устанавілі металічны дах. Толькі матэрыялы пацягнулі на паўтысячы рублёў. Фінансаваў добраўпарадкаванне, як і прымаў непасрэдны ўдзел у ім, мінчанін з ушацкімі каранямі Дзмітрый Нясцюк.

Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *