Які момант штогадовай урачыстасці з нагоды свята аграрыяў можна лічыць самым сімвалічным і хвалюючым?
Напэўна, той, калі дзяўчаты-беларусачкі выносяць на сцэну караваі новага ўраджаю, у якіх – працоўныя змены ад досвітку да прыцемку, бясконцыя кругі па дрогкіх ушацкіх нівах, золкасць ранішняй дойкі і сем патоў у паўдзённую спёку…
…А мабыць, і той, што ў самым пачатку імпрэзы – калі на ганку цэнтра культуры сустракаюцца хлебаробы з розных куткоў раёна. У гэтыя некалькі хвілін умяшчаюцца і абдымкі, і жарты, і нават кароткія справаздачы!
…А ёсць і яшчэ адзін, таксама знакавы і ўзнёслы – пастраенне для калектыўнага здымка ў фотазоне. “Пачакайце, Васі яшчэ няма, ён у гардэробе з некім гутарыць… Саня, ты ж высокі, дзяўчат заслоніш… Віктаравіч, станавіцеся ў цэнтр!..”
Для большасці з іх гэта далёка не першае фота для рэдакцыі – праца хлебаробаў заўсёды пад увагай СМІ. Так, у дэлегацыі “Ільюшынскага” незнаёмым аказаўся для нас толькі адзін, самы юны ўдзельнік: па яшчэ адной добрай традыцыі на такія ўрачыстасці некаторыя перадавікі прыходзяць з дзецьмі, таму ўладальнік “бронзы” ў раённым спаборніцтве камбайнераў Стас Малахаў узяў з сабой сына – хто ведае, мабыць, з цягам часу хлопчык стане прадаўжальнікам слаўнай працоўнай дынастыі.
Нязменна ў абойме лідараў – Дзмітрый Бурак і Антон Коўшаль, Ніна Пяткевіч і Алеся Кімава, напэўна, з закрытымі вачамі можа кіраваць сваім Амкадорам Аляксандр Галубіцкі, а малады запал галоўнага эканаміста Аляксея Машчонка арганічна “ўраўнаважваецца” мудрасцю кадравіка Таццяны Бондаравай, без якой проста нельга ўявіць “Ільюшынскі”.
Сёлета ільюшынцы спрацавалі няблага, павялічыўшы вытворчасць рапсу, малака і прадукцыі буйной рагатай жывёлы, так што і настрой у работнікаў быў адпаведны.
Не менш падстаў для гонару і ў вялікадальчан, дэлегацыя якіх стала самай масавай. І якраз тут побач з вядомымі перадавікамі аказалася нямала навічкоў падобнай урачыстасці. Было бачна, што яшчэ не вельмі прывыклі да ролі лепшых у раёне даяркі з фермы “Міхалкаўшчына” Раіса Лабэцкая і Вольга Рэут. Дастойныя паказчыкі ў жывёлагадоўлі – заслуга ў немалой ступені і галоўнага заатэхніка Тамары Карчэўскай. “У нашай сферы ўсё ўзаемазвязана: добрыя вынікі дзейнасці дазваляюць выплачваць работнікам дастойны заробак, што, у сваю чаргу, стымулюе іх да стараннасці і дысцыпліны”, – зазначыла Тамара Генадзьеўна.
Ні надояў, ні прываг не было б без майстэрства Сяргея Клачка і Уладзіслава Шаманскага, якія адказваюць за абсталяванне ферм. У сельскай гаспадарцы абодва амаль усё жыццё. Сяргей Анатольевіч 40 год таму пачынаў работу ў родных “Касарах” і зараз на “Цыганку” ён проста незаменны! Уладзіслаў Браніслававіч у селішчанскі “ХХІ партз’езд” уладкаваўся ў пачатку 90-х. Расказаў нам, што доўгі час працаваў аператарам машыннага даення, а яшчэ папрасіў перадаць праз газету прывітанне былому старшыні калгаса Івану Мікалаевічу Падголу. Цэніць У.Шаманскага і кіраўніцтва “Вялікадолецкага”: у мужчыны залатыя рукі, і нездарма старэнькая “Васіліса”, якую ён наладзіў, увесь сезон спраўна сушыла збожжа.
Упершыню ўзняўся на сцэну за Падзякай райсавета Яўген Аўдзеенка. З гэтым працавітым хлопцам сустракаліся ў апошнія гады на розных вытворчых участках: ён і даярак пры патрэбе падмяняў, і зерне на муку малоў, і баршчэўнік апырскваў, а пазалетась сеў за руль МТЗ-952. Падчас уборачнай Жэня разам з братам Дзмітрыем, які працуе ў камунгасе, шчыраваў на касарской сушылцы. Дапамагаў ім таксама работнік цэнтра культуры Аляксандр Качынскі, які на два жніўныя месяцы перакваліфікаваўся ў аграрыя і па праве ўпрыгожыў калектыўны здымак вялікадальчан сваім вобразам у народным касцюме.
А вось лідар па намалоце сярод камбайнераў Дзмітрый Хадасевіч на калектыўнае фота не трапіў: работнік аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы быў на змене і зазірнуў на ўрачыстасць толькі на некалькі хвілін, каб узняцца на сцэну за дыпломам пераможцы.
Шмат было на імпрэзе і прадстаўнікоў “Сафійскіх дароў”. Гаспадарка стала лідарам у вытворчасці зерня, а таксама нарыхтоўцы зялёных кармоў.
Прадказальнай аказалася перамога Міхаіла Ражноўскага ў заліку машыністаў КВК. На свята ён прыйшоў з жонкай Алесяй Уладзіміраўнай, якая прызналася нам, што ганарыцца мужам і яго дасягненнямі, хоць і даводзіцца мірыцца з тым, што ў палявы сезон дома яго лічы што не бачыць.
Амаль паўтары тысячы тон збожжа перавёз ад камбайнаў Аляксандр Лабань – удвая больш, чым бліжэйшыя канкурэнты па намінацыі. Зрабіў гэта, дарэчы, на старэнькім МАЗе з кузавам на 10 тон. “Я ж 45 год за рулём, ды і машыну да сезона грунтоўна падрыхтаваў. Хлопцы на камбайнах добра працавалі, кіраўніцтва працэс удала наладжвала, так што прастояў фактычна не было”, – падзяліўся сакрэтамі перамогі Аляксандр Андрэевіч. У дэлегацыі сафійцаў таксама былі “дэбютанты” падобнай урачыстасці – напрыклад, Ніна і Аляксандр Каснікоўскія, якія не так даўно папоўнілі калектыў прадпрыемства і ўжо паспелі сябе годна праявіць.
На імпрэзе адзначылі і лепшых маладых спецыялістаў, у ліку якіх – выконваючы абавязкі галоўнага бухгалтара “Сафійскіх дароў” Аліна Заруба, інжынер па механізацыі працаёмкіх працэсаў “Ільюшынскага” Дзмітрый Крацёнак, галоўны бухгалтар “Вялікадолецкага” Аляксандра Каралёва.
Не засталася ўбаку і раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”: яе старшыня Наталля Марковіч уручыла каштоўны падарунак галоўнаму спецыялісту райсельгасхарча Але Папко.
Старшыня райвыканкама Сяргей Шамовіч і начальнік райсельгасхарча Яўген Троцкі павіншавалі работнікаў АПК і правялі цырымонію ўзнагароджання.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што ўшацкія аграрыі паказалі сёлета неблагія вынікі, здолелі перасягнуць мінулагоднія паказчыкі па валавым зборы збожжа і масланасення рапсу (105 і 125 працэнтаў адпаведна). Прыемным фактам можна назваць і тое, што ў сельгасарганізацыях з’явілася 25 новых адзінак тэхнікі і абсталявання. Складанасцяў і праблемных пытанняў у галіне хапае, аднак работнікі сельскай гаспадаркі з нязменным прафесіяналізмам і самаадданасцю выконваюць сваю пачэсную справу.
Прыемным падарункам для прысутных стаў канцэрт, падрыхтаваны культработнікамі і самадзейнымі артыстамі цэнтра культуры і школы мастацтваў. Былі ў праграме і душэўныя песні, і вясёлыя прыпеўкі, і тэатралізаваныя нумары. Хочацца спадзявацца, што свята стала яркай старонкай у няпростых буднях нашых аграрыяў.
За добрасумленную працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Ушацкага раёна і ў сувязі з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу
Ганаровай граматай Ушацкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны:
ГАЛУБІЦКІ Аляксандр Анатольевіч, трактарыст-машыніст ААТ “Ільюшынскі”;
КЛОПАЎ Міхаіл Яфрэмавіч, вадзіцель КУСГП “Вялікадолецкае”;
БОНДАРАВА Таццяна Барысаўна, інспектар па кадрах ААТ “Ільюшынскі”;
ЯФРЭМАЎ Андрэй Міхайлавіч, трактарыст-машыніст ДП “Сафійскія дары”;
ЛАБЭЦКАЯ Раіса Васільеўна, аператар машыннага даення КУСГП “Вялікадолецкае”;
ХАДАСЕВІЧ Анатоль Чэслававіч, трактарыст-машыніст ДП “Сафійскія дары”;
Ганаровай граматай Ушацкага раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны:
АЛЕКСЯЁНАК Васіль Рыгоравіч, трактарыст-машыніст КУСГП “Вялікадолецкае”;
БУКА Віталь Віктаравіч, трактарыст-машыніст КУСГП “Вялікадолецкае”;
ДЗІУЛЬСКАЯ Аксана Аляксандраўна, жывёлавод ДП “Сафійскія дары”;
КОРШУН Наталля Леанідаўна, жывёлавод ДП “Сафійскія дары”;
ЯЛОВІК Мікалай Уладзіміравіч, трактарыст-машыніст ДП “Сафійскія дары”;
Падзяка старшыні Ушацкага раённага выканаўчага камітэта аб’яўлена:
ВАРАБ’ЁВАЙ Кацярыне Мікалаеўне, аператару машыннага даення ДП “Сафійскія дары”;
ДЗЕМІДОВІЧ Святлане Міхайлаўне, жывёлаводу 5-га разраду ААТ “Ільюшынскі”;
ЗЕНЮКУ Аляксандру Віктаравічу, галоўнаму аграному КУСГП “Вялікадолецкае”;
КАРЧЭЎСКАЙ Тамары Генадзьеўне, галоўнаму заатэхніку КУСГП “Вялікадолецкае”;
КЛАЧКУ Сяргею Анатольевічу, жывёлаводу КУСГП “Вялікадолецкае”;
КОЎШАЛЮ Антону Міхайлавічу, трактарысту-машыністу ААТ “Ільюшынскі”;
КАСНІКОЎСКАЙ Ніне Сяргееўне, галоўнаму эканамісту ДП “Сафійскія дары”;
КАСНІКОЎСКАМУ Аляксандру Васільевічу, трактарысту-машыністу ДП “Сафійскія дары”;
МІЦКЕВІЧ Аліне Мікалаеўне, спецыялісту па кадрах лячэбна-прафілактычнай установы “Ушацкая ветэрынарная станцыя”;
ШЫЦЬ Жанне Леанідаўне, інспектару па кадрах КУСГП “Вялікадолецкае”;
Падзяка Ушацкага раённага Савета дэпутатаў аб’яўлена:
АЎДЗЕЕНКУ Яўгену Аляксандравічу, трактарысту-машыністу КУСГП “Вялікадолецкае”;
ГОМАНУ Івану Алегавічу, трактарысту-машыністу КУСГП “Вялікадолецкае”;
ЗЕЛЕНІКУ Уладзіміру Міхайлавічу, вадзіцелю ДП “Сафійскія дары”;
КАРАБАНЮ Артуру Аляксандравічу, трактарысту-машыністу ДП “Сафійскія дары”;
ШАМАНСКАМУ Уладзіславу Браніслававічу, слесару КУСГП “Вялікадолецкае”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.



