В Ушачском районе самые высокие надои на корову — у Екатерины Воробьёвой из «Маяка-Ушачского»

Сельское хозяйство

“Каб нам некалькіх такіх даярак, як Каця, дык, напэўна, наша “Завячэлле” змагалася б за першае месца не толькі ў раёне, а і ў вобласці”, – зазначыла цялятніца Тамара Уладзіміраўна Мацюшава, калі мы папрасілі яе ахарактарызаваць работу яе калегі па комплексе Кацярыны Мікалаеўны Вараб’ёвай.

І сапраўды, сёлетняя пераможца раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення можа шчыра парадавацца не толькі свайму лідарству, а і годнаму выніку: за 10 месяцаў яе сярэдні надой ад каровы склаў 4239 кілаграмаў малака.

Лічба адметная, бо за апошнія некалькі год лепшыя паказчыкі гэтай намінацыі не перасягалі трох з паловай тысяч. А таму абысціся без дзяжурнага пытання пра сакрэты поспеху ў гутарцы з дзяўчынай мы ніяк не маглі. “Стараюся ўсё рабіць дакладна па тэхналогіі, да кожнай кароўкі шукаю падыход, ведаю, хто на што здольны. Вось, напрыклад, наша чэмпіёнка па малацэ Венера раніцай дае 11, у абед і вечарам – каля 6 літраў. Зорачка – крыху менш прадукцыйная, затое самая ласкавая. Увогуле люблю жывёлу: хоць і цяжкая наша работа, але мне падабаецца. Ды і многае няблага атрымліваецца: напрыклад, здолела максімальна скараціць час, за які падключаю апарат”, – расказвае Кацярына.

І, вядома ж, падкрэслівае, што на яе вынік працавалі многія. Відавочна, што найважнейшы фактар – захаванне рацыёну, і з гэтым у філіяле “Маяк-Ушацкі” Полацкага КХП, якому належыць комплекс, істотных праблем няма. Нельга не адзначыць і работу спецыялістаў. “Асабліва хачу падзякаваць заатэхніку нашай гаспадаркі Валянціне Іванаўне Дудзінай, якая ўсёй душой хварэе за справу, даярак, разам з якімі працую на комплексе, іншым работнікам”, – адзначае гераіня аповеду. Статак у паўтысячы галоў абслугоўваюць шэсць аператараў – дзвюма зменамі па два дні. У звяне К.Вараб’ёвай старанныя даяркі Кацярына Буцянкова і Таццяна Голік. Апошняя зараз у водпуску, таму на дуэт цёзак прыпадае яшчэ большая нагрузка – трэба абслужыць аж па 250 кароў, убраць даільную залу, дапамагчы ў навядзенні парадку ў іншых памяшканнях. Але маладыя дзяўчаты (абедзвюм каля 30) – з тых, у каго, як кажуць, усё гарыць у руках.

Да жывёлагадоўлі лепшая даярка раёна звыклая з дзяцінства – сама родам з Ціханят, бацькі працавалі ў гэтай сферы. Скончыўшы пасля школы Ульскі ліцэй сельгасвытворчасці, Каця трапіла на практыку на завячэльскі комплекс, а потым прыйшла сюды на работу. Адпрацаваўшы тры гады, вырашыла паспрабаваць сябе на іншым месцы, але сёлета зноў вярнулася – і зусім пра гэта не шкадуе! Дарэчы, комплекс адыграў сваю ролю і ў яе асабістым жыцці, бо менавіта тут Каця пазнаёмілася са сваім мужам Андрэем. Зараз у сям’і, якая пасялілася ў Завячэллі, растуць двое цудоўных дзетак. Руслан сёлета стаў першакласнікам Арэхаўскай школы, а яго малодшая сястрычка пакуль дома: у дні, калі мама на рабоце з пяці раніцы да паловы дзявятай вечара, клопат пра дзяцей бярэ на сябе муж. Ну а ў момант нашай гутаркі ў Кацярыны быў выхадны і на комплекс яна прыйшла з маленькай Насцяй, якая шчыра паведаміла, што кароўкі добрыя і яна іх зусім не баіцца. Жыць у вёсцы іх сям’і падабаецца. “Горад – гэта не для мяне, – зазначае Кацярына. – У нас добры дом, агарод, падсобная гаспадарка, дзетак у школу аўтобус адвозіць, ды і на комплексе пры належнай працы і дысцыпліне можна няблага зарабляць. Так што жыццё сваё мяняць не збіраюся”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *