Выборы-2015. Идёт сбор подписей за выдвижение в кандидаты на должность Президента Республики Беларусь

Общество

З 23 ліпеня на Ушаччыне, як і ў цэлым у краіне, актыўна стартаваў чарговы этап выбарчай кампаніі – збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Як мы ўжо паведамлялі ў мінулым нумары, члены ініцыятыўнай групы з ліку актывістаў раённых арганізацый рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, БРСМ і прафсаюзаў арганізавалі работу пікетаў па зборы подпісаў за дзеючага Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнку. Ужо ў першы дзень яго кандыдатуру падтрымала больш сотні грамадзян. Пункты збору подпісаў працуюць у самых людных месцах – на цэнтральнай плошчы гарпасёлка і ля гарадскога рынка. У суботу, напрыклад, найбольшая актыўнасць грамадзян назіралася ля апошняга пікета, дзе разгарнулі дзейнасць члены ініцыятыўнай групы з раённай арганізацыі прафсаюзаў.

– Такая форма збору подпісаў зручная для грамадзян, – лічыць інжынер па ахове працы камунгаса Павел Мікалаевіч Пашкоў, які працаваў на пікеце ў выхадны. – Члены ініцыятыўнай групы наведваюць грамадзян і па месцы жыхарства, але не заўсёды чалавека можна застаць дома. А хтосьці плануе вые­хаць на адпачынак і можа, не чакаючы візіту зборшчыкаў, падысці на пікет і аддаць свой голас у падтрымку кандыдата.

Дарэчы, 25 ліпеня, раён наведала намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Мікалаеўна Манкевіч, якая дала станоўчую ацэнку дзейнасці раённага аб’яднання прафсаюзаў у дадзеным накірунку. Члены ініцыятыўнай групы дзейнічалі строга ў адпаведнасці з заканадаўствам, прад’яўлялі выбаршчыкам неабходныя дакументы, тлумачылі правільнасць запаўнення падпіснога ліста грамадзянам, сярод якіх былі людзі самага рознага ўзросту. Пры гэтым зборшчыкі не забываліся нагадваць аб тым, што ставіць подпіс два разы за адну кандыдатуру выбаршчыкі не могуць.

Этап збору подпісаў працягнецца да 21 жніўня, і менавіта да гэтай даты грамадзяне могуць падтрымаць вылучэнне кандыдатаў. Трэба сказаць, што пікеты арганізоўваюць пакуль што толькі члены адной з васьмі зарэгістраваных Цэнтрвыбаркамам ініцыятыўных груп – па вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты краіны А.Лукашэнкі – і плануюць рабіць гэта да канца вызначанага тэрміну.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *