Доездился…Ушачанин за езду в нетрезвом состоянии лишился прав и автомобиля, получил внушительный штраф и 3 месяца ареста

Закон - один для всех

На розных людзей алкаголь дзейнічае па­рознаму: адны зацягваюць песню, другія кідаюцца ў пляску, хтосьці ганяе жонку, а нехта ганяе… на аўтамабілі. Менавіта да апошняга “разраду” адносіцца ўшачанін Сяргей Сініца, бо ледзь толькі пары Бахуса задурманьваюць яго галаву, маладога чалавека неадольна цягне за руль. Гэтая згубная звычка прынесла яму сур’ёзныя непрыемнасці ў 2012 годзе, калі за “п’яную” язду грамадзянін быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці з пакараннем у выглядзе штрафу ў 100 базавых велічынь і пазбаўлення права кіравання транспартнымі сродкамі на 5­-гадовы тэрмін.

Вось толькі гэты выпадак не стаў для маладога чалавека навукай, і праз тры гады ён зноў трапіў у поле зроку дзяржаўтаінспектараў: нягледзячы на забарону ваджэння ўшачанін раз’язджаў на аўто і зноў жа ў “падазроным” выглядзе. Зрэшты, у той раз гора­вадзіцелю пашанцавала: утрыманне ў яго арганізме алкаголю з­за тэхнічных нюансаў не было пацверджана экспертызай, таму пакаранне ён атрымаў толькі за тое, што паўторна сеў за руль без правоў: суд назначыў яму штраф 150 базавых велічынь (27 мільёнаў рублёў).

Але ж ушачанін з упартасцю, вартай лепшага прымянення, працягваў выпрабоўваць лёс: не прайшло і двух месяцаў, як супрацоўнікі ДАІ заўважылі на вуліцы гарпасёлка ўжо добра знаёмы аўтамабіль, за рулём якога ўссядаў усё той жа пазбаўлены правоў вадзіцель, а характэрны пах красамоўна сведчыў пра свежаўжыты ім алкаголь. Як высветлілася, выпіўшы піва, малады чалавек вырашыў пакатаць па начным райцэнтры сустрэтую ў бары сяброўку.

Паездка атрымалася вельмі нятаннай. Нават з улікам змягчальных абставін – поўнага прызнання віны, станоўчых характарыстык і наяўнасці двух малалетніх дзяцей – суд прызнаў грамадзяніна вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных часткай 2 артыкула 317­1 і артыкулам 417 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 3 месяцаў арышту з пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі тэрмінам на 5 гадоў са штрафам у памеры 250 базавых велічынь (45 мільёнаў рублёў), да якога таксама дадалася сума нявыплачанага па ранейшым прыгаворы штрафу – 21 мільён рублёў. Акрамя таго, у адпаведнасці з часткай 6 артыкула 61 Крымінальнага кодэкса, у даход дзяржавы канфіскаваны транспартны сродак, якім кіраваў злачынца (нават не зважаючы на тое, што ён зарэгістраваны на іншага грама­дзяніна).

Такім чынам, зусім яшчэ малады чалавек, які ў паўсядзённым жыцці не вылучаўся антыграмадскімі паводзінамі, так істотна сапсаваў жыццё і сабе, і сваім блізкім. Хочацца спадзявацца, што гэты жорсткі ўрок ён засвоіць і навучыцца казаць “не” ўласным бязглуздым памкненням.

М.ПАДВОРНЫ, пракурор Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *