Акция МЧС «За безопасность вместе» в Ушачском районе

Cлужба-101

З 20 кастрычніка па 20 лістапада Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праводзіць рэспубліканскую акцыю “За бяспеку разам”, накіраваную на папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх.

Па статыстыцы больш за 65 працэнтаў пажараў са смяротным зыходам адбываецца менавіта ў асенне-зімовы перыяд. У  Глыбоцкім раёне на пажары ў сваім доме загінуў мужчына, у Докшыцкім раёне ў згарэўшым доме знойдзены целы гаспадыні і яе сужыцеля. У Лагойскім раёне на пажары загінула пяцікласніца, якая знаходзілася дома адна. Прыведзеныя выпадкі адбыліся за апошні тыдзень кастрычніка, сумную статыстыку можна працягваць яшчэ і яшчэ…

Многія лічаць, што падобныя прафілактычныя мерапрыемствы не патрэбны і паўтараць элементарнае “не курыце ў ложку!”, “не пакідайце дзяцей адных”, “выконвайце правілы пажарнай бяспекі” не мае сэнсу.  Аднак менавіта дзякуючы мэтанакіраванай прафілактыцы за апошнія гады ўдалося змяніць сітуацыю: у 2010 годзе ў рэспубліцы загінула 1110 чалавек (!), у 2014-м – 737, тэндэнцыя на памяншэнне трагедый захоўваецца і ў бягучым годзе – мінус 21 працэнт ад мінулагодняга ўзроўню. На Ушаччыне таксама назіраецца змяншэнне колькасці пажараў і загінуўшых на іх. Так, у 2011 годзе адбылося 40 пажараў і загінула 11 чалавек, у ­2012-м – 31 пажар і 7 загінуўшых, у 2013-м – 25 пажараў і 6 ахвяр. Сёлета ў раёне з пачатку года зарэгістравана 17 пажараў, 2 чалавекі загінула. А значыць, прафілактыка дае эфект і трэба абследаваць, правяраць, яшчэ і яшчэ папярэджваць.

На Ушаччыне ў час акцыі праходзяць рэйды па праверцы стану жылых памяшканняў грамадзян, у першую чаргу адзінокапражываючых, інвалідаў, нядобранадзейных сямей. Акрамя супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у рэйдавыя рабочыя групы ўваходзяць прадстаўнікі энерганагляду, аддзела ўнутраных спраў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райгаза. У ходзе абследавання домаўладанняў з ушачанамі праводзіцца тлумачальная работа, уручаюцца памяткі і лістоўкі супрацьпажарнай накіраванасці. Асаблівая ўвага ўдзяляецца стану пячнога ацяплення, электраправодкі, газавага і электрычнага абсталявання, наяўнасці і спраўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, а таксама ўмовам пражывання дзяцей.

У рамках акцыі праходзяць і сустрэчы ў калектывах.  Так, на мінулым тыдні начальнік РАНС А.І.Станько сустрэўся з бацькамі і калектывам ясляў-сада №2 г.п.Ушачы. Андрэй Іванавіч прывёў статыстыку пажараў, асноўныя прычыны іх узнікнення, асобна спыніўся на эксплуатацыі пячнога ацяплення, нагадаў аб тым, што нельга пакідаць дзяцей адных без нагляду. Усе бацькі атрымалі памятку “Бяспека вашых дзяцей” і кніжку-размалёўку “Вучым правілы бяспекі разам!”. Таксама прысутныя праглядзелі фільм “Цана імгнення”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *