Самое безопасное место в области. Витебский центр безопасности приглашает на интересные экскурсии и практическое обучение

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

Там вам давядзецца ісці праз дым і тушыць пажар, хавацца ад навальніцы і выратоўваць чалавека, які праваліўся пад лёд. І ў той жа час гэта, напэўна, самае бяспечнае месца ў нашай вобласці. У абласным упраўленні МНС стварылі спецыяльны цэнтр бяспекі, дзе жыхары Віцебшчыны могуць акунуцца ў “рэальныя надзвычайныя сітуацыі”.

Маляўніча аформленыя памяшканні цэнтра абсталяваны высокатэхналагічнымі адукацыйнымі трэнажорамі-сімулятарамі. Напрыклад, з дапамогай дапоўненай рэальнасці тут можна вывучыць прычыны пажараў, эвакуіравацца праз задымлены лабірынт, пры дапамозе вогнетушыцеляў ліквідаваць узгаранне. У адным з памяшканняў імітуюцца ўмовы рэальнай навальніцы, а “вучні” павінны вызначыць правільнае і бяспечнае сховішча. Створаны і самыя розныя сітуацыі, з якімі мы сутыкаемся ў паўсядзённым жыцці: адкрытая аптэчка, адкуль дзеці непрыкметна для дарослых могуць узяць лекі, забытая на ўключанай пліце патэльня, прас, які загарэўся, і іншае. Для максімальнай бяспекі многія сітуацыі існуюць толькі ў віртуальнай рэальнасці: сам прас сапраўдны, а загараецца толькі на экране наведзенага на яго планшэта. Абсталяваны тут і спецыяльны квест-пакой, у якім атрыманыя веды замацоўваюцца дзякуючы выкананню прапанаваных заданняў.

Днямі ўдзельнікамі незвычайных і захапляльных заняткаў сталі 14 ушацкіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Цікавую паездку ў Віцебск для іх арганізавалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

– Цэнтр, які пачаў масава прымаць наведвальнікаў, у першую чаргу ствараўся для падрастаючага пакалення, але шмат карыснага для сябе знойдуць і дарослыя. Лічу, што гэта сапраўды дзейсны і адначасова цікавы спосаб прафілактыкі надзвычайных сітуацый, – дзеліцца ўражаннямі інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Ушацкага РАНС В.Карэйша.

У краіне дзейнічае ўсяго тры такія цэнтры: першы некалькі гадоў таму з’явіўся на Гомельшчыне ў ліцэі пры ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, гэтым летам першых наведвальнікаў прынялі цэнтры бяспекі ў Віцебску і Лідзе.

На экскурсіі і практычнае навучанне ў цэнтры чакаюць школьнікаў, студэнтаў, работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама бацькоў з дзецьмі. Тэлефоны для даведак і папярэдняга запісу – (8-0212) 63-50-86, 63-50-79.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *