Дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам дзяцей адбылося ў суботу ва Ушачах. На скрыжаванні вуліц Шэдзько і Авангарднай дзесяцігадовае дзіця, кіруючы электрасамакатам, сутыкнулася з аўтамабілем Lada Granta.
У выніку ДТЗ непаўнагадовы атрымаў цялесныя пашкоджанні і быў дастаўлены ў бальніцу. Разам з ім на сродку персанальнай мабільнасці знаходзіўся 9-гадовы хлопчык, які ў выніку аварыі не пацярпеў. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.
Самакаты, гіраскутары, сігвеі або сродкі персанальнай мабільнасці, становяцца ўсё больш папулярнымі. Кампактныя і хуткасныя, да таго ж не патрабуюць атрымання вадзіцельскага пасведчання – гэтыя асаблівасці робяць іх прывабнымі для шырокага кола людзей. Што трэба ведаць пры выкарыстанні такіх сродкаў, мы папрасілі расказаць начальніка аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Мікалая Леанідавіча Гаўрылюка.
– Сродкі персанальнай мабільнасці зусім не дзіцячыя цацкі, як іх успрымаюць многія. Гэта патэнцыйна небяспечныя прылады, якія патрабуюць пэўных навыкаў кіравання. Яны здольныя развіваць хуткасць больш за 25 км/г, пры якой любая няроўнасць на дарозе можа стаць прычынай падзення з сур’ёзнымі наступствамі. Адразу адзначу, што рухацца па праезнай частцы “мабільным пешаходам” забаронена. Іх месца на веласіпеднай або пешаходнай дарожцы, тратуары. І толькі пры іх адсутнасці уладальнікам СПМ можна перамяшчацца па краі праезнай часткі. Пры гэтым трэба паводзіць сябе акуратна і не ствараць перашкод для іншых пешаходаў, захоўваць дыстанцыю да любых аб’ектаў і бяспечную хуткасць руху, каб своечасова спыніцца без экстраннага тармажэння і не страціць кантроль над кіраваннем.
У цёмны час сутак на СПМ павінна быць уключана фара, а сам мабільны пешаход абавязаны пазначыць сябе флікерам. Рэкамендуецца выкарыстоўваць шлемы, пальчаткі, накаленнікі. Правіламі дарожнага руху гэта не прадпісана, як абавязак, аднак жыццё паказвае, што такая засцярога істотна зніжае цяжар цялесных пашкоджанняў пры падзенні.
Перасякаць праезную частку карыстальнікі СПМ павінны па пешаходным пераходзе. Пры гэтым ім дазволена не спешвацца, аднак хуткасць руху пры гэтым павінна быць, як у звычайнага пешахода.
Рухацца на СПМ дваім чалавекам правіламі забаронена, паколькі перагружаны сродак можа лёгка страціць раўнавагу. Перавозіць пасажыра дазваляецца, толькі калі канструкцыяй прадугледжана дадатковае сядзенне.
Яшчэ адно пытанне, што часта задаюць нам ушачане: з якога ўзросту можна карыстацца сродкамі персанальнай мабільнасці? Правіламі не ўстаноўлены мінімальны ўзрост карыстальнікаў СПМ, але вызначана, што дзецям да 14 гадоў рухацца на СПМ можна толькі ў жылых і пешаходных зонах – у двары, на тратуары або пешаходнай дарожцы. Аднак бацькам трэба кіравацца здаровым сэнсам і аб’ектыўна ацэньваць магчымасці і навыкі дзіцяці. Ці справіцца яно з кіраваннем сродкам персанальнай мабільнасці, ці будзе гэта бяспечным.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.