Карантин по бешенству объявлен в деревне Клепцы. Будьте внимательны, если видите диких животных в населённых пунктах!

Общество

Каранцін па шаленстве аб’яўлены ў вёсцы Кляпцы Кубліцкага сельсавета. Ветэрынарная служба і райЦГЭ ў населеным пункце і наваколлях будуць праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы. На падобную меру прыйшлося пайсці вымушана. Віной усяму — янотападобны сабака, што быў забіты на тэрыторыі вёскі. У гэтай дзікай жывёлы лабараторна пацвердзіўся дыягназ захворвання смяротна небяспечным вірусам. Драпежнік паспеў пакусаць сабаку гаспадара, кантакту з чалавекам, на шчасце, удалося пазбегнуць.

Вымушаную вакцынацыю супраць шаленства зараз праходзяць дзве жыхаркі аграгарадка Глыбачка, якім пашанцавала менш. На іх падворак таксама завітаў янотападобны сабака і паспеў нанесці пашкоджанні дачцэ гаспадыні, пакуль жанчыны яго лавілі. Галаўны мозг драпежніка адпраўлены на экспертызу ў Віцебск для абследавання на прадмет захворвання.

Як паведамілі нам у райветстанцыі, за апошнія некалькі дзён зарэгістравана 4 выпадкі, калі дзікія жывёлы з’яўляліся на тэрыторыі населеных пунктаў і сельскагаспадарчых аб’ектаў. Акрамя янотападобных сабак у Строктах была забіта ліса. Будзьце ўважлівымі, калі ўбачыце дзікіх жывёл у населеных пунктах, тым больш у светлы час сутак – такія паводзіны не з’яўляюцца нормай, бо звычайна яны пазбягаюць чалавека, стараюцца схавацца і не праяўляюць агрэсіі. Для прыняцця мер у такіх выпадках інфармуйце сельвыканкам, райветстанцыю. Самі па магчымасці старайцеся пазбегнуць кантакту з дзікімі жывёламі, не спрабуйце іх злавіць, або зачыніць у хляве і іншых гаспадарчых пабудовах. Памятайце, шаленства — смяротна небяспечная хвароба.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *