Энергонадзором в Ушачском районе с начала года только в жилфонде выявлено более 1200 нарушений

К профессиональному празднику

У розныя перыяды свайго існавання дзейнасць энерганагляду была накіравана на забеспячэнне бяспекі жыцця і здароўя людзей, устойлівага функцыяніравання энергетычнага абсталявання, сістэм энергазабеспячэння, выкананне правілаў карыстання электрычнай і цеплавой энергіяй. Ва Ушацкім раёне гэтыя важныя функцыі выконвае невялікі калектыў раённай энергаінспекцыі Полацкага міжраённага аддзела філіяла “Энерганагляд” РУП “Віцебскэнерга”.

З 2012 года кіруе ім начальнік, галоўны дзяржаўны інспектар Сяргей Леанідавіч Ярмош, спецыяліст з багатым стажам працы ў энергасістэме. Таксама ажыццяўленнем кантролю за ўсімі спажыўцамі электра­ і цеплаэнергіі займаецца Уладзімір Дзмітрыевіч Кляпец. Вадзіцель Аляксей Аляксандравіч Шчэрбік кожны працоўны дзень дастаўляе спецыялістаў энергаінспекцыі да паднаглядных ім карыстальнікаў электрычнай і цеплавой энергіяй, якімі з’яўляюцца як юрыдычныя, так і фізічныя асобы. За бягучы год пры абследаванні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна выяўлена каля 1000 парушэнняў тэхнічнага стану электра­ і цеплаўстановак, умоў іх эксплуатацыі. Звыш 1200 парушэнняў выяўлена ў жыллёвым фондзе – абследавана 320 домаўладанняў грамадзян.

– У працэсе сваёй работы мы цесна супрацоўнічаем з раёнам электрасетак, – расказвае С.Л.Ярмош. – Кантралюем тэхнічны стан энергетычнага абсталявання гэтай арганізацыі, сочым за тым, як эксплуатуюцца кабельныя і паветра­ныя лініі. Зразумела, мы не можам ды і не імкнёмся падмяніць работу раёна электрасетак, але ж, спадзяюся, наша дапамога ў гэтым важкая, і ад нашай сумеснай дзейнасці залежыць надзейнае і бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў цеплавой і электрычнай энергіяй.

Памочнікамі ў вырашэнні пастаўленых задач з’яўляюцца энергетычныя службы арганізацый і прадпрыемстваў раёна, з прадстаўнікамі якіх рэгулярна праводзіцца вучоба. Гэта ад іх дзейнасці ў значнай ступені залежыць бесперабойная і безаварыйная работа энергетычнага абсталявання, а галоўнае, — бяспека людзей, захаванасць дзяржаўнай маёмасці.

Хоць інспектары і маюць спецыяльную вышэйшую адукацыю і пэўны вопыт работы з энергетычным абсталяваннем, усё роўна і С.Л.Ярмош, і У.Д.Кляпец пастаянна працуюць над удасканаленнем свайго прафесійнага майстэрства. Але, па словах супрацоўнікаў калектыву, самае складанае ў рабоце – непасрэдны кантакт з людзьмі, асабліва калі выяўляюцца факты самавольнага далучэння прыбораў і абсталявання да сетак энергазабеспячэння, іх выкарыстання без прыбораў уліку расходу электраэнергіі, парушэння схем і ўстройства самавольных электраправодак. Мала хто з такіх спажыўцоў задумваўся, які ўрон ён наносіць дзяржаве, іншым спажыўцам і, урэшце, сабе самому, бо штрафы за ўкрадзеную электраэнергію могуць быць значна большымі, чым аплата за рэальна спажытую.

Ёсць і яшчэ адзін негатыўны фактар пры крадзяжах электрычнай энергіі: як правіла “умельцы” ігнаруюць элементарныя патрабаванні электрабяспекі, ставячы пад пагрозу жыццё і здароўе сваё і блізкіх людзей. Таму супрацоўнікі інспекцыі займаюцца і прафілактычнай работай, акрамя абследаванняў, удзельнічаюць у міжведамасных рэйдах, выступаюць у сродках масавай інфармацыі і ў калектывах – за бягучы год праведзена 46 сустрэч ва ўстановах адукацыі і ў арганізацыях раёна.

Сёлета Дзень энергетыка супрацоўнікі інспекцыі сустракаюць з неблагімі паказчыкамі. С.Л.Ярмош зычыць таго ж і астатнім працаўнікам галіны:

– Напярэдадні свята ад усёй душы віншую сваіх калег, нашых ветэранаў і ўсіх энергетыкаў з прафесійным святам. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і безаварыйнай работы абсталявання!

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *