Девятиклассница Великодолецкой школы Лариса Провада вернулась с областной олимпиады по биологии с дипломом третьей степени

Наши дети

Пасля перамогі адразу ў дзвюх дысцыплінах на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у дзевяцікласніцы Вялікадолецкай школы Ларысы Правады быў выбар – паказаць на абласным этапе свае веды па біялогіі або па беларускай мове і літаратуры. Зрэшты, дзяўчына доўга не вагалася, спыніўшыся на біялогіі, бо ўжо зараз вырашыла, што хутчэй за ўсё звяжа сваё дарослае жыццё з медыцынай.

Гэтая прафесія ў іх сямейная: у мясцовай бальніцы працуе мама, медыцынскі каледж скончылі старэйшыя сёстры – абедзве зараз атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Адметна, што ў свой час, калі яны былі вучаніцамі Маладолецкай школы, хімію і біялогію там выкладаў Віктар Мікалаевіч Шышоў, які зараз з’яўляецца настаўнікам Ларысы і па праве можа падзяліць з ёй дасягнуты на мінулым тыдні поспех – дыплом трэцяй ступені абласнога этапу алімпіяды.

– Мы вельмі рады ўдаламу выступленню нашай вучаніцы, але зусім не здзіўлены, – зазначае дырэктар Вялікадолецкай школы Рыма Леанідаўна Аніскевіч. – Па­першае, Ларыса валодае ўсімі якасцямі, неабходнымі для дасягнення добрага выніку: адметнымі здольнасцямі, стараннасцю і здаровымі амбіцыямі. Яна – максімалістка і вельмі востра перажывае, калі нават на радавым школьным уроку ў яе нешта не атрымліваецца, а гэта – характар пераможцы. А па­другое, яшчэ не было выпадку, каб вучань, якога павёз “на вобласць” Віктар Мікалаевіч, вярнуўся дамоў без дыплома!

Сам жа настаўнік, хоць і лічыць выступленне вучаніцы ўдалым, не прамінае адзначыць, што яна добра справілася са складанымі заданнямі (такімі, напрыклад, як расшыфроўка кардыяграмы сэрца), а вось на простых крыўдна страціла некалькі балаў. А ў нечым проста не пашанцавала: так, падчас падрыхтоўкі яны дасканала разабралі ўнутраную будову арганізма павукоў, васьміногаў, а ў заданні трапіўся дажджавы чарвяк, які з­за сваёй “класічнасці” выпаў з­пад увагі. Увогуле ж, на думку Віктара Мікалаевіча, патрабаванні да ведаў алімпіяднікаў сталі зараз больш высокімі, а таму без грунтоўнай падрыхтоўкі на такіх іспытах нечага рабіць. Вось чаму на ўроках Ларыса займаецца па асобнай праграме, а выхадныя, канікулы педагог і яго вучаніца праводзяць за дадатковымі заняткамі – аблягчае справу тое, што абое жывуць у Казімірове.

Пры гэтым дзяўчына не аслабляе ўвагі і да астатніх прадметаў, бо марыць скончыць школу з залатым медалём. Сярод любімых акрамя біялогіі і прыгаданай у пачатку роднай мовы і літаратуры таксама нямецкая – у скарбонцы дасягненняў вучаніцы трэцяе месца на абласным фестывалі міжкультурных камунікацый. Паспявае Ларыса быць актыўнай удзельніцай усіх школьных канцэртаў, а таксама паказваць добрыя спартыўныя вынікі: трэба было бачыць, як засмуціўся настаўнік фізкультуры Уладзімір Міхайлавіч Лапіцкі, калі даведаўся, што з­за ўдзелу ў алімпіядзе дзяўчына не зможа трапіць на чарговыя спаборніцтвы. Знаходзіць Ларыса час і на адпачынак, зносіны з сябрамі, у тым ліку і праз інтэрнэт, але, як прызнаецца, у апошнім стараецца сябе абмяжоўваць.

Пад уражаннем поспехаў Ларысы Правады многія вучні Вялікадолецкай школы ўжо выказалі жаданне паспрабаваць сябе ў вясенніх алімпіядах, прычым, як з усмешкай адзначае дырэктар, большасць хочуць паглыбляць свае веды менавіта ў біялогіі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: В.Шышоў, Л.Правада.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *